Пра дзяўчынку па мянушцы “Рыжык”

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

У жніўні распачаліся здымкі казкі “Рыжык”, рэжысёрам і аўтарам сцэнарыя якой стала Алена Турава, вядомая па яшчэ адной дзіцячай карціне — “Навагоднія прыгоды ў ліпені”. Падзеі новай кінастужкі “Беларусьфільма” будуць развівацца ва ўстановах культуры краіны. У кадрах мы зможам пазнаць інтэр’еры гомельскага Палаца Румянцавых-Паскевічаў і Белдзяржфілармонію.

/i/content/pi/cult/224/2967/2-2.jpg

 Галоўная гераіня карціны - дванаццацігадовая дзяўчынка па мянушцы Рыжык, ролю якой выконвае вучаніца сёмага класа мінскай школы № 161 Дзіяна Запрудская. Нягледзячы на такі юны ўзрост, яна мае ў сваёй творчай біяграфіі ўжо шэсць фільмаў. Для гэтай стужкі актрысе давялося пафарбаваць валасы ў руды колер, але выглядае яна ў новым абліччы вельмі натуральна. Пакуль што здымкі адбываюцца ў адным з павільёнаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", якому надалі выгляд вежы астролага. Па словах Алены Туравай, спецэфектаў будзе няшмат, хаця, згодна з сюжэтам казкі, падзеі разгортваюцца ў дзівоснай краіне. Ролю Мага выконвае акцёр Павел Харланчук, які ўжо сустракаўся з маленькай Дзіянай на здымках фільма "Каханне як матыў". У новай карціне, прэм'ера якой адбудзецца прыкладна напрыканцы 2010 года, здымуцца таксама Алег Гарбуз, Алеся Самохавец, Дзмітрый Пустыльнік. Касцюмы для казачных герояў распрацавала выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі Марыя Яскевіч. У карціне будзе гучаць музыка мінскага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча.

Н.А.