У “Лабірынце” з Букваром не заблукаеш

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

У чацвер, 27 жніўня, у галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўрачыста распачалася культурна-асветніцкая дзея “Чароўны свет дзіцячай кнігі”. Акцыя прысвечана Дню ведаў.

Як паведамляе "К" супрацоўнік аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусь па сувязі з грамадскасцю Марына Пярвушына, у межах культурна-асветніцкай дзеі прэз е н т у ю ц ц а кніжныя выстаўкі "Сучасная дзіцячая кніга" і "Дзіцячая кніга XVIII - XX стст.". Першая ўключае каля сотні багата ілюстраваных кніг не толькі для школьнікаў, але і для тых чытачоў-пачаткоўцаў, якія толькі рыхтуюцца сесці за парты. Прадстаўлены тут, натуральна, пераможцы леташняга Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі": "Буквары" Анатоля Клышкі і Надзеі Сторажавай. Сярод унікальных выданняў таксама - "Казка пра Івана-ганчара і пачвару-цара" Анатоля Грачанікава, "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча... Другая выстаўка прэзентуе дзіцячыя кнігі, выдадзеныя ў Беларусі і Расіі ў XVIII - XX стагоддзях. Гэта першы дзіцячы часопіс, што выдаваўся ў Маскве ва універсітэцкай друкарні як дадатак да "Московских ведомостей". Прадстаўлены тут і самыя розныя па форме кнігі для дзяцей. Але выстаўкамі дзея не абмяжуецца. Наведвальнікі Нацыянальнай бібліятэкі пазнаёмяцца са шматгранным талентам маладой паэткі і мастачкі Ясеніі Сцяпанавай. У галерэі "Атрыум" можна ўбачыць яе работы, а таксама ілюстрацыі графіка Валерыя Славука да кнігі Сцяпанавай "Купалінка".