Рэстаўрацыя, рэканструкцыя, будаўніцтва — у наступным годзе

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

У № 18 нашай газеты быў змешчаны артыкул “Што значыць “Пайшлі ў Палац!” па-жыліцку?”, у якім ішла гаворка пра важнасць адраджэння помніка сядзібнага дойлідства Магілёўшчыны, а ў публікацыі“Будаўнічыя “цуды” пераносяцца на заўтра?” (№ 26) распавядалася пра неабходнасць капітальнага рамонту Чавускага раённага цэнтра культуры і дасугу, а таксама пра ўзнаўленне будаўніцтва Чэрыкаўскага РДК. Абодва артыкулы былі накіраваны на рэагаванне кіраўніцтву Магілёўскага аблвыканкама. Вось што адказвае “К” намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашко:

"Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт разгледзеў зварот рэдакцыйна-выдавецкай установы "Культура і мастацтва" па пытанні выканання і фінансавання рамонтных работ на аб'ектах "Рэканструкцыя з рэстаўрацыяй палацава-паркавага ансамбля ў в. Жылічы Кіраўскага раёна", "Рэканструкцыя раённага цэнтра культуры і дасугу ў г. Чавусы", "Будаўніцтва раённага дома культуры ў г. Чэрыкаве" і паведамляе наступнае. Помнік архітэктуры XVIII - XIX стст. - палацавапаркавы ансамбль у в. Жылічы Кіраўскага раёна ўключаны ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. У 2009 годзе на выкананне рамонтна-будаўнічых работ па першай чарзе (заходні корпус і частка паўночнага, школа мастацтваў), а таксама на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па другой (гасцініца) і трэцяй (музей, бібліятэка, карцінная галерэя) чэргах выдаткавана сродкаў у памеры 2 мільярды рублёў. Па стане на 1 жніўня 2009 года асвоена 1,11 мільярда рублёў. У адпаведнасці з прапановамі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь указаны аб'ект уключаны ў праект Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2010 год, якая прадугледжвае долевы ўдзел рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Усяго на выкананне работ у 2010 годзе плануецца выдаткаваць 3610,8 мільёна рублёў - першая чарга, 6370 мільёнаў рублёў- другая і трэцяя чэргі. Аб'екты "Рэканструкцыя раённага цэнтра культуры і дасугу ў г. Чавусы", "Будаўніцтва раённага дома культуры ў г. Чэрыкаве" ўключаны ў праект абласной інвестыцыйнай праграмы на 2010 год. На выкананне рамонтна-будаўнічых работ на Цэнтры культуры і досугу г. Чавусы мяркуецца накіраваць 1500 мільёнаў рублёў за кошт сродкаў абласнога бюджэту, на працяг будаўніцтва раённага Дома культуры г. Чэрыкава чакаемае выдзяленне сродкаў складае 11 663,8 мільёна рублёў (3478,8 мільёна рублёў - абласны бюджэт, 8185 мільёнаў - субвенцыі з рэспубліканскага бюджэту на ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС). Акрамя таго, у 2009 годзе ў пералік аб'ектаў, будаўніцтва якіх ажыццяўляецца за кошт сродкаў абласнога бюджэту, дадаткова ўключаны работы па аб'екце "Будаўніцтва раённага дома культуры г. Глуск". На выкананне праектна-вышукальных работ сёлета выдаткавана 120 мільёнаў рублёў, а на наступны год запланаваны пачатак будаўніцтва РДК".