Шляхам Перамогі...

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Сёння ў Петрыкаўскім раёне, на месцы знішчэння пад час Вялікай Айчыннай вайны двух суднаў Пінскай флатыліі, працягваецца Міжнародная экспедыцыя “Дарогамі Вялікай Перамогі”, у якой прымаюць удзел ветэраны Беларусі і Украіны.

Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы Петрыкаўскага райвыканкама Антаніна Бруяк, цягам пяці дзён мяркуецца вызначыць месцазнаходжанне, а таксама даследаваць тэхнічны стан і магчымасць далейшага ўзняцця з Прыпяці двух бранекатэраў атрада рачных караблёў, затопленых у 1941 годзе. Таксама ўдзельнікі экспедыцыі зоймуцца вывучэннем тэхнічнага стану карабля, які прымаў удзел у вызваленні краіны ў складзе Пінскай і Дняпроўскай ваенных флатылій, - рэйдавага цеплахода-буксіра "Ясельда". Мяркуецца, што дадзенае мерапрыемства дапаможа вызначыць перспектывы аднаўлення судна і ўстаноўкі як помніка ваеннай гісторыі ў Петрыкаве. Акрамя таго, у задачах экспедыцыі значыцца далейшае вывучэнне баявога шляху Пінскай і Дняпроўскай ваенных флатылій. Да таго ж, па словах Антаніны Бруяк, аддзел ідэалагічнай работы падрыхтаваў для ветэранаў некалькі экскурсій, што дазволяць удзельнікам экспедыцыі пашырыць сваё ўяўленне пра Гомельшчыну.