Вышываныя ўзоры Украіны

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі днямі адкрылася выстаўка “Чароўны свет украінскай вышыўкі”, прысвечаная святкаванню Дня Незалежнасці краіны-суседкі, які адзначаецца 24 жніўня. Каля сотні вышываных работ прадставілі члены ўкраінскіх грамадскіх аб’яднанняў на тэрыторыі Беларусі.

/i/content/pi/cult/224/2960/3-2.jpg

"Той, хто пакідае сваю краіну і пераязджае жыць у іншую, заўсёды прывозіць з сабою часцінку культуры радзімы, - гаворыць Вераніка Сасноўская, загадчык інфармацыйна-выставачнага аддзела музея. - На выстаўцы можна ўбачыць, як захоўваюцца і развіваюцца традыцыі вышыўкі, гэтага старадаўняга дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Украіны, дзякуючы выхадцам з Беларусі. Прысутнічаюць і рэдкія экспанаты - работы пачатку XIX, 60-х - 70-х гадоў XX стагоддзя, а таксама вышыванкі нашых сучаснікаў". Як маладыя аматары, так і вопытныя народныя майстры належаць да грамадскіх аб'яднанняў украінцаў: "Заповіт" (Мінск), "Краяні" (Маладзечна), "Калінова Гілка" (Мар'іна Горка). У іх творах выяўляюцца каларыт і гама тых рэгіёнаў, адкуль яны прыехалі, а гэта Чарнігаўшчына, Равеншчына, Цярнопальшчына, Сумшчына, Валынь. Некаторыя з іх з'яўляюцца лаўрэатамі рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур, іх работы былі паказаны на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску". У творах можна ўбачыць самыя розныя вобразы: асэнсаванне акаляючага хараства, выявы міфалагічных істот, звычаі продкаў, элементы народных узораў. Кожны рэгіён адрозніваецца колеравай гамай, арнаментацыяй. Арганізавалі экспазіцыю Мінскае грамадскае аб'яднанне ўкраінцаў "Заповіт", Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур і Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, іх прадстаўнікі якіх выступілі на вернісажы.