Уладзімір Громаў: праменад у аблоках

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Колькі не зведваў крытыкі, асабліва з боку музыкантаў, тэлепраект АНТ “Дзе зоркі”, яго вынік прагучаў для многіх нечакана мажорным “клічнікам” і нават своеасаблівым выклікам: у гульнёвым шоу з песенным адценнем перамаглі папраўдзе самыя “вакальныя”, а не проста “забаўляльныя” удзельнікі – вядучая АНТ Вольга Палякова і саліст Беларускай оперы Уладзімір Громаў. Гэта было не што іншае, як перамога прафесіяналізму. Прычым, што ўразіла больш за ўсё, выбар на карысць вяршынь прафесіі (а оперная падрыхтоўка, што з гадамі ўдасканальваецца, а не шчодра расплёскваецца на публіку, і ёсць вяршыня спеўнага мастацтва) зрабілі не “вузкія спецыялісты”, а шырокае кола тэлегледачоў, якія сваімі званкамі “тэрарызавалі” тэлефонныя лініі. Хай не крыўдзіцца Вольга, што “К” вырашыла “разбіць” іх зладжаны дуэт і “правесці допыт”, найперш, прадстаўніка опернай эліты.

 /i/content/pi/cult/114/296/Gromov.jpg
— Падчас узнагароджання, — у адказ на маё віншаванне распачаў Уладзімір, — нам задалі пытанне: маўляў, ці сумленна вось так атрымліваць аўтамабіль за некалькі песенек? Я не паспеў адказаць: штосьці сказала Вольга, і размова пераключылася ў іншае рэчышча...

— У размоўным жанры, безумоўна, Яна закрывала сабой усе “амбразуры”: у тэлевізійным бары “Дзве зоркі”, дзе кожны ўдзельнік знаходзіўся пад прыцэльнымі стрэламі жартачак, вы былі за ёй, як за каменнай сцяной, — нягледзячы на Вольжыны худардлява-”празрыстыя” габарыты.
— ... Але я раптам падумаў: я ж ішоў да гэтай перамогі не два апошнія месяцы, а 33 гады свайго жыцця. Не, хлушу — 29: як расказвае маці, я пачаў спяваць з 4-х гадоў.

— У такой сям’і — яшчэ б не заспяваць! Маці — салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, цудоўная выканаўца рамансавай лірыкі. Бацька — унікальны выкладчык ігры на гітары: ён і на адной струне іграць навучыць, не толькі на шасці!
— Я і пайшоў спачатку бацькавым шляхам: з сямі гадоў іграў на гітары. Слухаў рок-музыку — “Scorpions”, “Машыну часу”, нават спрабаваў спяваць штосьці падобнае.Але для гэтага патрабаваўся моцны эстрадны тэнар, а ў мяне, як разумееце, барытон. Толькі ў арміі, калі мяне з-за голасу перавялі ў армейскі Ансамбль песні і танца, я пачаў марыць пра оперу. І толькі пра саліста! Калі займаўся ў Мінскай музычнай вучэльні, можна было адначасова ў оперным хоры працаваць. Хтосьці так і рабіў. Я— не. На 4-ым курсе мяне заўважылі, пачалі запрашаць салістам (вядома, спачатку — у стажорскую групу), але мой выкладчык, знакаміты Алег Мельнікаў, забараніў. Сказаў: рана пакуль. Так што прыйшоў я ў тэатр толькі на 3-ім курсе нашай Акадэміі музыкі.

— Не ведала, што Мельнікаў — геніяльны оперны спявак, зорка сусветнага маштабу, а не толькі нашага тэатра, — гэткі “дэспат”.
— Няпраўда! Ён, між іншым, з вучылішча не звальняўся, пакуль мяне не выпусціў. А пачаткоўцы — гэта ж не яго ўзровень: яму б майстар-класы весці з магістрантамі, ніяк не ніжэй. Дый зараз... Я не разумею, адкуль ён даведаўся, бо знаходзіцца на гастролях ажно ў Бразіліі, але — даслаў адтуль sms-ку з віншаваннем. Можаце сабе ўявіць? Мне ўвогуле на выкладчыкаў шанцавала! Бо займаўся я і ў Анатоля Генералава, а заканчваў Акадэмію музыкі і магістратуру ў класе Міхаіла Жылюка. Усе— салісты і педагогі экстракласа.

— У “Дзвюх зорках” вам самому давялося быць крыху выкладчыкам.
— Ды не толькі мне. Дапамагаў кожны. І не толькі з “каманды”, складзенай арганізатарамі, дзе адзін толькі Прэзідэнцкі аркестр чаго варты! Можна сказаць, на гэту перамогу ўся наша сям’я працавала. Маці штосьці раіла: ёй жа збоку лепей відаць. Яна ў вакал ніколі не ўмешваецца, а вось драматургічна збудаваць — дапамагае: у яе нейкае прыроджанае пачуццё формы. Дый самі шукалі...

— Жонка— вядомая піяністка, удзельніца знакамітага фартэпіяннага дуэта “Валерый Баравікоў і Наталля Котава” — мабыць, за “хатняга канцэртмайстра” была?
— Канешне! А ў яе ж нагрузка — з ранку да ночы. Бо яна не толькі салістка філармоніі, а яшчэ выкладае спецыяльнае фартэпіяна ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, працуе над дысертацыяй, у конкурсныя дні паспела нават на навуковай канферэнцыі выступіць. І двое хлопцаў на руках: я— за “малодшага сына” — плюс чатырохгадовы Макар. Але час для рэпетыцый заўсёды знаходзіла. Для мяне яна так не шукае,

Уладзімір засмяяўся.

— Праз месяц у нас з ёй сольны канцэрт у філармоніі, дык яшчэ разам так і не сабраліся, кожны паасобку сваё вучыць. А з Вольгай — калі ласка! Я вельмі ўдзячны і ёй, і ўсім, хто нам дапамагаў. Мне, да прыкладу, часам цяжка было растлумачыць Вользе, як у тым ці іншым фрагменце дасягнуць лепшага выніку, бо жаночы голас мае свае асаблівасці. На адной з рэпетыцый у Палацы Рэспублікі нас пачула Іна Афанасьева — таксама Вользе штосьці параіла. На гэтым праекце ўвогуле склаліся зусім не “воўчыя законы”, як у шоу-бізнесе, наадварот,— была самая сяброўская атмасфера.

— А як у тэатры перамогу ўспрынялі? Не зайздросцяць?
— Віншуюць. Радуюцца. Усе “ў экстазе”. Гавораць: ты ж тэатру такую рэкламу, такі піар забяспечыў!

Шчыра кажучы, гэтае пытанне я задавала, добра ведаючы на яго адказ. Бо яшчэ на подступах да тэатра ледзь не кожны з артыстаў, што ішлі з рэпетыцыі, ганарліва казаў мне: “Ну, як наш Громаў!” І пачынаў расказваць, як за яго галасаваў. На ўваходзе ў тэатр сутыкнулася з мастацкім кіраўніком Беларускай оперы, заслужаным дзеячам мастацтваўБеларусі, прафесарам Маргарытай Ізворска-Елізар’евай. Тая казала калегам, што нават яе муж (дадаю: мастацкі кіраўнік Беларускага балета, народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў), які ў бок эстрады не глядзіць, — і той да тэлефона кінуўся.

— Не давялося ў тэатры ад чагосьці адмовіцца, каб у праекце ўдзельнічаць?
— Пашанцавала, што ў гэты час ніякіх прэм’ер не было. А вось напярэдадні я сапраўды адмовіўся. Толькі не ад тэатра, а ад даволі “грашовых” гастролей у Іспанію. Так здарылася, што на гэтыя дні быў запланаваны мой доўгачаканы першы выхад у “Яўгеніі Анегіне”.

— Не памыляецеся? У гэтай партыі я вас яшчэ ў адным са студэнцкіх спектакляў опернай студыі памятаю.
— Так, потым я Анегіна і ў Чэлябінску на гастролях спяваў. А ў нашым тэатры— ніводнага разу. Хаця ў праграмках маё імя было пазначана яшчэ з 2000 года, усё штосьці не атрымлівалася. А я так пра яго марыў, так прагнуў, што нават быў момант, калі здавалася: усё, “перахварэў”, “перахацеў”. Уяўляеце, той увод па розных прычынах зрываўся тры разы! Чацвёртая спроба — і зноў выбар: ці Анегін— ці Іспанія. Анегін, толькі Анегін! Запрашэнне на тэлепраект узнікла пазней: калі б абраў Іспанію, дык не было б і “Дзвюх зорак”. Тады я пра гэта не ведаў, пераадольваючы яшчэ адну складанасць: на наступны дзень пасля Чайкоўскага— “Турандот” Пучыні. А гэта ж зусім іншая стылістыка! Калі такім голасам заспяваць Анегіна, атрымаецца злыдзень Скарпіё. А для Анегіна патрэбны па-дваранску пешчаны, выпеленгаваны тэмбр.

— Асабіста для мяне ваш Анегін, як раней Граф у “Вяселлі
 /i/content/pi/cult/114/296/Gromov2.jpg
Фігара”, Гразной, летась Гаспар, Папрышчын, Сіняя Барада, яшчэ многія і многія партыі, у тым ліку ў дзіцячых операх, — гэта і ёсць сапраўдныя творчыя вехі. А “Дзве зоркі” — хіба знешняе прызнанне.
— Папраўлю: знешні поспех.

— А самі задаволены?
— Сваімі спевамі я быў задаволены толькі двойчы ў жыцці, прычым абодва разы — не ў спектаклях, а на канцэрце: я заўсёды стараюся зафіксаваць кожную сваю прэм’еру, каб потым весці “працу над памылкамі”. А машына ў якасці прыза — гэта цуд. Бо пакуль ездзіў на машыне 20-гадовай даўніны. Маці заўсёды здзіўляецца: як ты яе чыніш? Вельмі проста: калі разбіраю, асэнсоўваю, якая дэталь для чаго патрэбна. Але люблю чыніць не тады, калі зламалася, а па ўласнай ініцыятыве, каб штосьці ўдасканаліць. Аднойчы нават тэлепраграму замежную паглядзеў, як крэслы ў машыне робяцца, — і зрабіў сабе сам, нават раму зварыў, што ў трох месцах лопнула. Калі робіш сам — упэўнены, што кола па дарозе не адваліцца (гэта я на ўласным прыкладзе пераканаўся). І капрамонт дома сам рабіў: мяняў электраправодку, тынкаваў, фарбаваў. Калі штосьці робіш сваімі рукамі, укладаеш у гэта ўсю сваю любоў— гэта перадаецца тваім блізкім.

— А самае вялікае замежнае ўражанне?
— Аднойчы на гастролях у Люксембургу (а ландшафт там вельмі каларытны: паўсюль лясы, узгоркі) мы з жонкай быццам луналі ў аблоках. Злева, справа — вялізныя нізіны, цалкам запоўненыя густым туманам. Бы два басейны з малаком, ад якіх ідзе пара. Мы ж крочым па сцяжынцы, што віецца між імі ўверсе, а наперадзе нейкі палац — таксама патанае ў гэтых Тумановых “аблоках”. Рэальнасць і фантастыка адначасова! Усё навакол прывіднае, гэткае “завоблачнае”, а пад нагамі— адчуванне рэальнай апоры

...Мабыць, у гэтым спалучэнні аблокаў і глебы пад нагамі — увесь Уладзімір Громаў? 

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ