Ад Шалом-Алейхема Да Купалы

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек выступіць на Міжнародным тэатральным фестывалі “Блукаючыя зоркі” ў Кіеве. Прысвечаны ён творчасці Шалом-Алейхема: сёлета спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння пісьменніка. Праводзіцца фестываль ужо адзінаццаты раз і збірае прафесійныя і аматарскія тэатры ды тэатральныя студыі з розных краін СНД, якія маюць у сваім рэпертуары творы класіка. Спектаклі пройдуць на сцэне Кіеўскага акадэмічнага тэатра лялек 3 — 5 верасня.

/i/content/pi/cult/224/2959/3-1.jpg

Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Украіны, якое ў 2006 годзе прызнала фестываль самым паспяховым тэатральным праектам у галіне культуры нацыянальных меншасцей краіны. Больш за дзесяць дзяржаў прынялі ў ім удзел, прадэманстраваўшы лепшыя спектаклі на розных мовах свету, пастаўленыя па творах ШаломАлейхема. Гомельскі тэатр лялек прыедзе на "Блукаючыя зоркі" ўпершыню і пакажа пастаноўку "Памінальная малітва", дзе задзейнічана амаль уся трупа. Спектакль пастаўлены па п'есе драматурга Рыгора Горына, якая напісана па матывах твораў ШаломАлейхема. Як паведамілі ў Гомельскім тэатры, паводле жанру гэтая пастаноўка - трагікамедыя, яна звяртае ўвагу людзей на агульначалавечыя праблемы, закранае маральныя і духоўныя аспекты, дае магчымасць паразважаць пра адносіны чалавека да Бога. Паставіў яе расійскі рэжысёр Рыгор Гольдман. Трупа тэатра налічвае сёння каля трыццаці чалавек, у яго рэпертуары - прыкладна 40 спектакляў. Вярнуўшыся з Кіева, акцёры будуць удзельнічаць у акцыі, прысвечанай пачатку навучальнага года. У яе межах 8 верасня адбудзецца першы спектакль для першакласнікаў Гомеля, якія змогуць наведваць тэатр бясплатна да канца месяца. Фінансаванне гэтых пастановак адбылося з бюджэту горада. У хуткім жа часе калектыў установы плануе аднавіць да паказу "Адвечную песню" па аднайменным творы Янкі Купалы, якая карысталася вялікім поспехам не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых гледачоў.