Новыя версіі полацкіх пажараў

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

У наш час цяжка знайсці такі еўрапейскі горад, дзе заставалася б столькі таямніц мінуўшчыны, як Полацк. Адказаць на шматлікія пытанні, звязаныя з датай узнікнення горада, некаторымі асаблівасцямі побыту гараджан ды унікальнай планіроўкі тагачасных вуліц, могуць толькі прафесійныя гісторыкі. Дый то хіба пасля плённай і напружанай працы з артэфактамі мінулых стагоддзяў. А спрыяе гэтай рабоце Дзяржаўная праграма, што прадугледжвае арганізацыю археалагічных раскопак старажытнага горада Інстытутам гісторыі НАН Беларусі.

 /i/content/pi/cult/224/2956/14-1.jpg
Пад час раскопак

Летась археалагічныя даследаванні праводзіліся ў Запалацкім пасадзе, дзе былі выяўлены раней невядомыя факты з гісторыі старажытнага горада. Пасля грунтоўнага аналізу сёння можна сцвярджаць, што ў тым месцы быў пажар, які датуецца канцом ХІІ- першай паловай ХІІІ стст. Як адзначыў Марат Клімаў, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пажар, хутчэй за ўсё, меў катастрафічны характар, звязаны са знішчэннем большай часткі горада пад час ваенных захопніцкіх дзеянняў з боку ворагаў княства. Існуе некалькі версій, паводле якіх захопнікамі маглі быць пскавічы і наўгародцы, альбо крыжакі, ці, нарэшце, плямёны летапіснай Літвы. На жаль, ніякіх дадатковых звестак пакуль не вышукана. Сярод знойдзенага матэрыялу праліцьсвятло на гэтую гісторыю могуць хіба што арбалетныя наканечнікі стрэл, нехарактэрныя для палачан у гэты перыяд, але пашыраныя ва ўжытку ў іх заходніх суседзяў.

 У выніку леташніх раскопак былі знойдзены каштоўныя артэфакты, некаторыя - упершыню ў археалогіі Беларусі, у прыватнасці, пярсцёнак ХІІ стагоддзя з выявай праквітнеўшага крыжа, крыжэнкалпіён, пасавыя гарнітуры, характэрныя для прыбалтыйскіх плямёнаў.

Сёлета археалагічныя даследаванні праводзіліся ў іншых месцах. Сярод іх былі і так званыя выратавальныя раскопкі па вуліцы Францыска Скарыны, дзе ўжо цяпер поўнай хадой ідзе будаўніцтва. Па словах спецыяліста, на гэтым кавалку зямлі археалагічны слой часткова захаваўся, у выніку чаго засведчана, што частка вялікага пасада на гэтым месцы пачала фарміравацца ў пачатку ХІ стагоддзя. Пры гэтым яе фарміраванне было даволі своеасаблівым, дакладней кажучы, стыхійным: вуліцы засялялі рамеснікі розных прафесій уперамешку. Пра гэта сведчаць знойдзеныя рэшткі прадметаў такой дзейнасці, як напрыклад, вытворчасць і апрацоўка металу, жалеза, апрацоўка скуры і косткі. Як адзначыў Марат Клімаў, даследаваная частка пасада актыўна існавала ў ХІ - ХІІ стст. З цікавых знаходак можна вылучыць частку касцянога грэбеня названага перыяду, фрагменты арабскіх манет, а таксама наканечнікі стрэл.

 Гэтыя раскопкі праводзіліся ў красавіку. А ў ліпені прайшлі работы на ўсходняй часцы старажытнага гарадзішча, якое згадваецца яшчэ ў 862 годзе і з якога, як мяркуецца, і ўзнік Полацк. Па словах Марата Васільевіча, археалагічныя даследаванні ў гэтым месцы яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя праводзіліся беларускім гісторыкам Аляксандрам Ляўданскім. Галоўная задача сёлетняй экспедыцыі вынікала з таго, што трэба было пацвердзіць больш дакладнымі звесткамі характар генезісу і ўтварэння горада Полацка. Работы праводзіліся на невялікай тэрыторыі, бо большая яе частка заселена, выкарыстоўваецца пад жылыя збудаванні і сельскагаспадарчыя палеткі. Трэба адзначыць, што ў XVI- XVII стст. у гэтай мясцовасці былі шляхецкія могілкі. А з 1947 года гарадзішча пачало ўжо засяляцца... Што да канкрэтнага раскопу, то на ім было выяўлена 12 пахаванняў. Толькі ў ніжніх пластах археолагі знайшлі керамічны посуд трэцяй чвэрці першага тысячагоддзя. Таксама быў выяўлены слой са слядамі пажару, у якім захавалася і пяць рэшткаў арабскіх манет. Інтрыга для гісторыкаў заключаецца ў тым, што іх датаванне можа вызначыць час пажару, які, напэўна, суадносіўся з адным з трох сюжэтаў нашай гісторыі: 862 годам - часам прыходу прадстаўніка Рурыкаў на полацкі пасад, 60-мі гадамі Х ст., калі кіраваць горадам пачаў Рагвалод, таксама пажар можа сведчыць пра вядом ы р а з буральны напад наўгародскага князя Уладзіміра канца Х ст. Чарговым месцам, дзе сёлета праводзіліся археалагічныя работы, стала цэнтральная плошча Полацка, на якой плануецца аднавіць помнік 1812 года. На тэрыторыі ў 100 квадратных метраў раскопкамі займаліся студэнты-гісторыкі з Полацкага дзяржаўнага універсітэта на чале з вядомым археолагам Дзянісам Дукам. Паводле першапачатковых вынікаў іх працы стала вядома, што на гэтым месцы ў ХІ ст. размяшчалася гандлёвая частка горада. Археолагі знайшлі старажытныя драўляныя ходнікі і мноства іншых артэфактаў: ад манет і караляў да унікальных дзвюхстворкавых нацельных крыжоў. Гісторыкі таксама вывучалі рэшткі фундамента помніка героям 1812 года. Новы манумент, на аднаўленне якога выдаткавана 45 мільёнаў рублёў з бюджэту Саюзнай дзяржавы, плануюць усталяваць на гэтым жа месцы восенню.

 Працяг раскопак, па меркаванні Марата Васільевіча, адбудзецца, відаць, толькі ў наступным годзе. Сёлета ж плануецца грунтоўна прааналізаваць знойдзенае. Дарэчы, па выніках апошніх археалагічных даследаванняў рыхтуецца да выдання зборнік навуковых артыкулаў, які мусіць пабачыць свет ужо праз некалькі месяцаў. У перспектыве Марат Клімаў не выключае прыцягненне да раскопак на камерцыйнай аснове замежных турыстаў. Але пад гэта неабходна падводзіць заканадаўчую базу, дзе быў бы прапісаны такі пункт, як археалагічны турызм.