Перыпетыі лёсу апошняга Рэвалюцыянера

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Дата 23 жніўня 1939 года стала значнай для многіх краін свету. Лічыцца, што падпісанне так званага пакта Молатава-Рыбентропа чарговы раз падзяліла Еўропу на некалькі сфер уплыву і, бясспрэчна, паслужыла дадатковым імпульсам для пачатку Другой сусветнай вайны. Тым не менш, паводле савецкагерманскай дамовы адбылося і лёсавызначальнае ўз’яднанне беларускага народа.

 /i/content/pi/cult/224/2955/14-3.jpg
Васіль Ласковіч і яго ўзнагароды
 /i/content/pi/cult/224/2955/14-4.jpg
 Васіль Пятровіч з жонкай Валянцінай Васільеўнай. 1960-я гг. Фота з сямейнага архіва.

Адным з тых, хто ўсталёўваў савецкую ўладу на Брэстчыне 70 гадоў таму, быў і Васіль Ласковіч, удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, партызан Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровы грамадзянін горада Брэста, узнагароджаны 4 ордэнамі і 12 медалямі. У свае 95 Васіль Пятровіч ходзіць на танцы, гуляе ў парку і, не азіраючыся на час, працуе над чарговай дакументальнай кнігай. Яшчэ ў 15 гадоў Васіль Пятровіч уступіў у Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі, у 19 - у шэрагі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Амаль адразу ж стаў арганізатарам узброенага паўстання ў вёсцы Навасёлкі Брэсцкага павета супраць акупацыйнага рэжыму. Неўзабаве адбыўся і першы ў ягоным жыцці арышт. Невядома, як склаўся б лёс, але сябры-падпольшчыкі не кінулі хлопца ў бядзе. Як распавёў Васіль Ласковіч, у 1933 годзе ён уцёк ад паліцыі, і не проста так: у яго было заданне перадаць сакрэтную інфармацыю ў Варшаву: "Мне выдалі так званы пропуск з паролем, напісаным на паперцы. Указанні былі строгія: калі бачыш небяспеку - доказы з'есці. Так потым і атрымалася: на мяжы з Польшчай узніклі праблемы, і я змушаны быў праглынуць лісток з паролем і сакрэтнай інфармацыяй, - з усмешкай прыгадвае Васіль Пятровіч.- Гэта вам не жарт і не кіно: там жыццё, сапраўднае жыццё кіпела. І права на памылку мы не мелі. Адзін няправільны крок- і ты ўжо мёртвы..." Потым наш герой апынуўся ў Мінску. Пайшоў у падпольную школу, дзе за час вучобы зблізіўся з вядомымі рэвалюцыянеркамі Верай Харужай і Соф'яй Панковай. "Цэлы год я вучыўся ў падпольнай школе. А потым, у лістападзе 1934 года, мяне зноў арыштавала польская паліцыя. Катавалі жорстка. Следства доўжылася амаль год. У 1935-м за рэвалюцыйную дзейнасць прысудзілі да 10 гадоў зняволення. Спачатку мяне вызначылі ў Брэсцкую турму, затым перавялі ў Навагрудскую, потым - у Вілейскую, Варшаўскую і, нарэшце, у Коранава, што таксама ў Польшчы. У апошняй я затрымаўся ненадоўга. Пачалося наступленне фашысцкай Германіі на Польшчу. Прайшлі чуткі, што нас хочуць перадаць гестапа. І мы, у адчаі, ламалі сцены, краты турмы - усё, што можна: прагнулі трапіць на Радзіму. Памятаю, выбеглі на двор - а там ужо нікога няма: усе турэмшчыкі, асцерагаючыся за жыццё, пакінулі пасты. Мы знайшлі мяшкі з вопраткай. Апрануліся ў тое, што трапіла пад руку, і пабеглі далей ад гэтых мясцін. 14 дзён ішлі пад бамбёжкай, і толькі 14 верасня, каля 8 раніцы вярнуўся дамоў, апоўдні прыйшлі немцы". Па прызнанні Васіля Пятровіча, за доўгія гады зняволення адзіным яго сябрам, што дапамог не звар'яцець у камеры, быў павучок: "Не ведаю, адкуль ён там з'явіўся, але кожнай раніцай мы віталіся, гутарылі пра тое-сёе. Аднойчы на штодзённай прагулцы набыў саломінку і з таго часу гуляў з павучком, вучыў яго цыркавым нумарам". Пасля вяртання дахаты Васіль Ласковіч адразу аднавіў сувязі з некаторымі знаёмымі падпольшчыкамі. І, галоўнае, ясна ўсведамляў, што на ягоныя плечы кладзецца адказнасць сабраць усіх разам. У тым жа 1939 годзе наш герой усталёўваў савецкую ўладу на Брэстчыне. Тады ж яго абралі дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. Потым быў у яго жыцці фронт, дзе Васіль Пятровіч змагаўся за Вялікую Перамогу да самага канца... Сёння Васіль Ласковіч вядзе бесперапынную працу па поўным узнаўленні гісторыі таго часу. Усяго ў "паслужным спісе" ветэрана - сотні артыкулаў у газетах, чатыры выдадзеныя кнігі. А дома ў яго захоўваецца каля 2000 рукапісных дакументаў. Васіль Пятровіч - незвычайны чалавек. Сваёй творчасцю ён ажывіў сотні актывістаў рэвалюцыйнага руху Беларусі. Цяпер імёны гэтых людзей носяць вуліцы Брэста і наваколля. Менавіта па ініцыятыве Васіля Пятровіча вуліцы ў Брэсце, Камянцы, Драгічыне атрымалі імёны рэвалюцыянераў В.Харужай, Н.Дворнікава, З.Дубовіка, І.Тарасюка і некаторых іншых.

 Ганна ПЕТРАЧЭНКА

 Брэст

Фота аўтара