Рэкорды ставяцца “жыўцом”

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

29 жніўня ў Мінску сабраліся самыя знакамітыя даследчыкі музыкі з 14 краін на Міжнародны сімпозіум “Сучаснае музыказнаўства ў сусветнай навуковай прасторы”. Такі шырокамаштабны форум з удзелам Міжнароднага музыказнаўчага таварыства, працягласцю амаль у тыдзень, ладзіцца ў нас упершыню. Адным з аўтараў і арганізатараў праекта выступіла прарэктар па навуковай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына ДУЛАВА.

/i/content/pi/cult/224/2953/13-1.jpg

Кацярына Мікалаеўна - асоба шмат у чым унікальная. Акрамя прарэктарства, узначальвае ў згаданай Акадэміі кафедру тэорыі музыкі. Пачаўшы з балетнай творчасці Чайкоўскага, пашырыла кола сваіх даследаванняў да музычна-тэатральнага тэксту ўвогуле, распрацавала ўласны курс аналізу музычнай формы, які выкладае ўжо каля 20 гадоў. Доктарскую дысертацыю абараніла ў 30 "з хвосцікам", усяго праз дзесяцігоддзе пасля кандыдацкай. Невыпадкова дыплом прафесара ёй урачыста ўручаў у Дзень навукі Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Нават не верыцца, што такая навуковая нястомнасць магчыма пры тых клопатах, якіх патрабуе ейная сям'я, цалкам творчая. Муж Уладзімір Дулаў - знакаміты піяніст, вядзе насычаную педагагічную і канцэртную дзейнасць. Старэйшы сын Аляксандр - віяланчэліст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, перайшоў на 4 курс Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі, сумяшчаючы вучобу з працай у сімфанічным аркестры Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя К.Станіслаўскага і У.НеміровічаДанчанкі. Малодшы Аляксей - таксама музыкант, праз год скончыць Рэспубліканскі каледж пры БДАМ па класе скрыпкі. Здавалася б, як сумясціць усё гэта з навуковымі даследаваннямі, якія патрабуюць засяроджанасці? Але творчыя і арганізацыйныя ідэі ў Кацярыны Мікалаеўны папраўдзе фантаніруюць. Віруе і ўсё вакол яе, запальваючыся яе энергіяй, розумам, натхненнем, абаяльнасцю. - Ідэя гэтага Міжнароднага сімпозіума, - распавяла Кацярына Дулава, - узнікла даўно. Бо ў галіне музычных даследаванняў ён, бадай, тое ж самае, што ў спорце - Алімпіяда. І хаця дух спаборніцтва заменены ў ім на подых супрацоўніцтва, менавіта на такіх сустрэчах, можна сказаць, устанаўліваюцца і, галоўнае, замацоўваюцца новыя "сусветныя рэкорды".

 - Параўнанне яркае, нечаканае, але ж вынікі навуковых даследаванняў (іншымі словамі - гэтых самых "рэкордаў") знаходзяць адлюстраванне ў пісьмовых тэкстах. Таму, дзякуючы цяперашнім сродкам сувязі, могуць быць даступнымі для ўсіх, хто гэтым зацікавіцца, - праз той жа Інтэрнет.

- Усё гэта так, але тым больш важнымі становяццанепасрэдныя стасункі паміж навукоўцамі, тое, што называюць модным слоўцам "інтэрактыў": магчымасць жывога абмеркавання закранутых праблем, якое дае імпульс далейшым распрацоўкам, стымулюе ўласныя пошукі з ужываннем найноўшых сусветных тэхналогій, спазнаных не "завочна", не з "фанаграмы", а "жыўцом". Да таго ж, такі сімпозіум дае магчымасць навукоўцам адразу з многіх краін глыбей пазнаёміцца з нашай багатай нацыянальнай культурай. Звярну ўвагу: арганізатарамі форуму з'яўляюцца не толькі Міністэрства культуры рэспублікі і Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, але і Міжнароднае музыказнаўчае таварыства (скарочана - IMS), што вядзе свой адлік ажно з 1899 года. Больш за тое: менавіта IMS стала ініцыятарам правядзення свайго чарговага сімпозіума ў Беларусі, а гэта многага каштуе.

Славянскі напрамак

 

 - Сапраўды: гэта прызнанне на міжнародным узроўні дасягненняў беларускай нацыянальнай культуры і нашага музыказнаўства. А дзе праходзілі ранейшыя сімпозіумы?

- Першая падобная сустрэча музыказнаўцаў адбылася ў 1924 годзе ў Базэле. А праз тры гады Таварыства набыло афіцыйны статус, замацаваўшы ў гэтым горадзе сваю штаб-кватэру. IMS выпускае свой часопіс - "Acta musicologica", супрацоўнічае з Міжнароднай асацыяцыяй музычных бібліятэк і, найперш, такімі яе адгалінаваннямі, як Міжнародны збор музыказнаўчай літаратуры (RILM) і Міжнародны збор музычных крыніц (RISM), у "перакладзе" - каталог музычных рукапісаў і рэдкіх выданняў. Так што яго дзейнасць ахоплівае не толькі правядзенне навуковых канферэнцый і сімпозіумаў, але і ўвесь спектр музыказнаўчай працы, уключаючы музычную крытыку і тэксталогію. Што ж да сімпозіумаў, дык яны праводзіліся ў розных краінах Заходняй Еўропы і ў Амерыцы. У 1971 годзе такі форум упершыню адбыўся ў Маскве. Наступным разам музыказнаўцы прыехалі ў Расію толькі больш як праз 30 гадоў, але з таго часу сталі вельмі актыўна асвойваць славянскую прастору: у 2005-м сустрэча праходзіла ў Санкт-Пецярбургу, летась - у Кіеве. Тады і ўзнікла думка правесці наступны форум у Мінску, працягнуўшы, такім чынам, славянскі напрамак дзейнасці Міжнароднага музыказнаўчага таварыства.

 - Ці ўдзельнічалі беларускія музыказнаўцы ў ранейшых сімпозіумах? Мабыць, ідэя прыехаць на Беларусь нарадзілася, дзякуючы таксама і іх выступленням?

 - Асабіста я неаднойчы атрымлівала ад Міжнароднага музыказнаўчага таварыства запрашэнні ўдзельнічаць у іх акцыях. Але сваю ролю адыгралі і іншыя міжнародныя кантакты нашых навукоўцаў, і іх працы, асабліва ў галіне старадаўняй беларускай музыкі, і сам розгалас пра нашу багатую культуру - як этнічную, так і прафесійную. Нарэшце, спрацавала, пэўна, і жаданне на свае вочы пабачыць Беларусь.

 - А як фарміравалася праграма сімпозіума? Чаму былі вылучаны тыя ці іншыя тэмы? Ці, можа, IMS адразу прапанавала толькі гэтыя і ніякія іншыя?

- Не, была максімальная свабода выбару. І мы ледзь не паўгода вырашалі, на чым лепей спыніцца. Бо, з аднаго боку, хацелася прадэманстраваць сваё, беларускае, з іншага - даведацца пра найноўшыя замежныя "ноў-хаў". І, зноў-такі, сканцэнтравацца на тых праблемах, якія былі б найбольш актуальныя для нашай нацыянальнай культуры і адначасова зацікавілі б усю музыказнаўчую суполку свету.

- Вынікам, мяркуючы па буклеце, сталі некалькі буйных тэматычных блокаў: этнамузыкалогія, акадэмічнае выданне нотных збораў, творчасць Ігара Стравінскага і Дзмітрыя Шастаковіча.

- Этнамузыкалогія - гэта магчымасць пазнаёміць навуковую грамадскасць свету з нашай краінай, глыбіннымі нацыянальнымі традыцыямі. І, адначасова, - даведацца, як падобныя працэсы даследуюцца ў іншых музыказнаўчых школах, якія новыя методыкі з'явіліся. Сярод кампазітарскіх постацей былі вылучаны дзве папраўдзе знакавыя фігуры ХХ стагоддзя, што паўплывалі на развіццё сусветнай музычнай культуры, два магутныя творцы з беларускімі генеалагічнымі каранямі. Дадамо, што ганаровымі гасцямі свята стануць сваякі кампазітараў: унучатая пляменніца Стравінскага з мужам і ўдава Шастаковіча. Яна ўзначальвае выдавецтва "DSCH", названае паводле музычнай манаграмы-"абрэвіятуры" Дзмітрыя Шастаковіча, і абяцала прывезці нам у дар яго нотныя выданні.

Нотнае пытанне

- Ды ўсё ж самай, бадай, актуальнай на сёння праблемай беларускай музычнай навукі і, шырэй, нацыянальнай музычнай культуры з'яўляецца адсутнасць нотныхвыданняў многіх твораў і, галоўнае, даволі абмежаванае ўяўленне пра сучасную нотна-выдавецкую дзейнасць. Дзяржаўнага музычнага выдавецтва на Беларусі, як вядома, няма. Асобныя прыватныя ці ведамасныя праекты зарыентаваны, найперш, на вучэбна-метадычны матэрыял. Акадэмічныя ж выданні патрабуюць не проста "нотнага набору" ды, можа, яшчэ нейкай літаратурнай прадмовы, а сур'ёзнага навуковага падыходу: што і як выдаваць, якія варыянты музычнага тэксту класці ў аснову. Таму, відаць, і ўзнікла на сімпозіуме секцыя, прысвечаная сучасным музычна-выдавецкім праектам?

- Нонсэнс, што ніводны беларускі кампазітар не мае пакуль выдадзенага поўнага збору твораў. Вы можаце ўявіць, каб у нас не было шматтомнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, іншых славутых празаікаў і паэтаў? А з кампазітарамі-класікамі такое становішча чамусьці лічыцца за норму: маўляў, падобныя нотныя выданні - несамаакупныя, таму дастаткова размножыць рукапіс на прынтэры. І гэта стрымлівае, да ўсяго, папулярызацыю беларускай музыкі як у самой краіне, так і за яе межамі. Штосьці выдаецца самой Акадэміяй музыкі на базе праблемнай навукова-даследчай лабараторыі, што існуе як адно з нашых падраздзяленняў. У прыватнасці, мы выдавалі не толькі камерныя творы, але і некалькі партытур, у тым ліку Дзмітрыя Смольскага, Андрэя Мдзівані, Галіны Гарэлавай. На наступны год запланавана выдаць клавір оперы "Майстар і Маргарыта" Яўгена Глебава. Але гэта - літаральна кропля ў моры. Паводле штатнага раскладу мы можам узняць толькі адну партытуру ў год. Наклад - усяго 100 асобнікаў, якія, да таго ж, нельга пусціць у свабодны продаж. Таму няма чаго здзіўляцца, што не выдадзена больш за 90 працэнтаў беларускай музыкі. Тэксталагічны блок, прадстаўлены на сімпозіуме, зразумела, не вырашыць гэтую праблему. Але ён павінен дапамагчы нам зарыентавацца, як рыхтаваць нотныя тэксты да выдання. Гэта асабліва актуальна ў сувязі са старадаўнімі беларускімі творамі, многія з якіх захаваліся ці часткова, ці ў не прыдатным для цяперашняга выканання выглядзе. Для нас гэта новы напрамак. Яго трэба актыўна развіваць, дый тэксталогія як навука пачала ў нас распаўсюджвацца зусімнядаўна. А між тым, у замежных краінах назапашаны вялікі вопыт, які нам вельмі і вельмі патрэбны. Неабходны нам і вопыт працы рукапісных аддзелаў: не так даўно бібліятэка нашай Акадэміі музыкі атрымала шматлікія рукапісы, што захоўваліся ў аўтарскім фондзе Беларускага саюза кампазітараў. Зараз ствараецца электронны каталог беларускай музыкі. І, мы спадзяёмся, сімпозіум будзе мець не толькі навуковы, але і практычны працяг, многае з перанятага вопыту будзе непасрэдна рэалізавана на практыцы.

Пакідаючы працоўны кабінет - працаваць

 - Але такі практычны кірунак, перайманне найноўшага сусветнага вопыту, - толькі частка таго, што зможа даць гэты сімпозіум для нашай краіны. Падобныя форумы часта вядуць да іншых сумесных і міжнародных праектаў...

- Безумоўна, пашырацца нашы кантакты і творчыя сувязі. Беларусь набудзе яшчэ большую вагу як краіна высокай музычнай культуры і глыбокай навуковай думкі: у сімпозіуме бяруць удзел сямёра нашых даследчыкаў. Навуковы форум будзе стымуляваць не толькі далейшыя даследаванні нашых музыказнаўцаў, але і ўласна кампазітарскую творчасць. Нарэшце, вельмі хочацца, каб, дзякуючы гэтаму святу, узрос прэстыж самой музыказнаўчай прафесіі. - Перад вамі, наколькі мне вядома, пытанне "Кім быць?" у свой час не стаяла, бо прыкладам былі маці і старэйшая сястра, абедзве цяпер - прафесары, дактары мастацтвазнаўства. - Я змалку на свае вочы бачыла як перспектывы, так і складанасці дзейнасці даследчыка музыкі. Гэта не толькі дапамагала, але і накладала дадатковую адказнасць. Так што стаўленне да музыказнаўства ў мяне заўсёды было вельмі сур'ёзным. Гэта ж нават не прафесія, а частка жыцця, ад якой не сысці. Тут, як у любой творчасці: пакідаючы працоўны кабінет, не перастаеш думаць, а значыць - працаваць. Гэтаму ж вучу і студэнтаў, прапаную ім дыскусійныя тэмы, каб разважалі, аргументавалі, а не проста пераказвалі завучанае.

- Пэўна, музыказнаўчыя аргументы даводзіцца шукаць і ў сям'і? Музыканты-выканаўцы звычайна даволі скептычна ставяцца да навуковых тэорый: маўляў, каб сыграць той ці іншы твор, патрабуюцца тэхнічныя навыкі, эмацыйнасць і мастацкая інтуіцыя, а не ўсялякія"даследаванні формы". У гэтым сэнсе ў вашай маці, знакамітай Таісіі Шчарбаковай, была больш спрыяльная "сямейная дыспазіцыя": на трох музыказнаўцаў прыпадаў усяго адзін выканаўца - ваш бацька, вядомы віяланчэліст і педагог Мікалай Шчарбакоў. У вас - зваротная прапорцыя: вы - адзіная музыказнаўца на трох выканаўцаў, а муж з двума сынамі - гэта ж такая сіла!

- Мы, можна сказаць, адукоўваем адно аднаго. Бо на справе музыказнаўства і выканальніцтва - не што іншае, як узаемадзеянне ўнутры адной прафесіі- музыканта. Лёша, да прыкладу, у свае 17 гадоў нечакана захапіўся Брамсам. І задае такія пытанні, кожнае з якіх выліваецца ў праблемную навуковую дыскусію.

- Творчасць гэтага нямецкага класіка - някідкая, але вельмі глыбокая, складаная - набывае прыцягальнасць у куды больш сталым узросце. Можа, на Аляксея вашы музыказнаўчыя гены паўплывалі?

 - Не ведаю. Але чым далей, тым мне ўсё больш цікава гутарыць з мужам і сынамі - не толькі як жонцы і маці, але і як навукоўцу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"