Ці вырастуць на палескіх балотах культурнатурыстычныя комплексы?

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Турпраект “К”: велатур па Палессі Частка ІІІ (Пачатак у №№ 32 — 33) Нарэшце, ззаду засталіся Бездзеж і Моталь, Варацэвічы, Іванава і Пінск, але наперадзе нас чакалі Кудрычы з іх незабыўнай аурай, Гарадная, Столін, Нова-Беражное, Давыд-Гарадок, Цераблічы… У кожным населеным пункце — свае адметнасці і свае праблемы. Яшчэ некалькі кіламетраў — і новыя нагоды для роздуму. Ці хутка глабалізацыя “пераможа” аўтэнтыку Кудрычаў і як гэтаму супрацьстаяць? Ці адродзіцца школа ганчарства ў Гарадной? Ці атрымае другое нараджэнне маёнтак рода Алешаў? І як зрабіць сацыякультурную сферу Давыд-Гарадка папраўдзе гарадской? Пытанні ўсё паўставалі і паўставалі...

/i/content/pi/cult/224/2952/10-1.jpg
 /i/content/pi/cult/224/2952/10-2.jpg

Хто пацягне раяль у чарот... і зробіць Кудрычы "палескай Венецыяй"?

  Ці чулі вы такую легенду: дзесьці ў палескіх балотах тоіцца некранутая цывілізацыяй вёска, пра якую нашы сучаснікі нават не ведаюць? Географы падобную гіпотэзу абсмяюць, а вось турысты "купляюцца" на яе ахвотна. Таму і зразумела, чаму Кудрычы, гэтая "неперспектыўная" вёсачка на Піншчыне, якую можна знайсці не на кожнай карце, за апошнія пару гадоў сталі сапраўдным феноменам турызму на Палессі. Паглядзець на стрэхі з чароту едуць, не раўнуючы, з усёй Беларусі. Каб спарадзіць той феномен, спатрэбілася ўсяго нічога: пару згадак пра "натуральны скансен" у Інтэрнеце. Да эфекту "снежнага камяка" ахвотна спрычыніліся журналісты добрага тузіна СМІ, а потым - і прафесійныя піаршчыкі з Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь. Слоган "Тут людзі жывуць, як у ХІХ стагоддзі!" аказаўся эфектыўнай прынадай. Усім стала цікава. Больш за тое: Кудрычы зрабіліся абавязковым пунктам у палескіх вандроўках "прасунутых" замежных падарожнікаў. Жыхары вёскі ўжо не дзівяцца, убачыўшы ля роднай пуні якога амерыканца або галандца з шыкоўнай відэакамерай. Пра месца, дзе "Людзей на балоце" можна экранізаваць без паслуг дэкаратара, мы ведалі яшчэ да выезду з Мінска. Але замілаванню надышоў канец, калі прагучалі словы карыфея краязнаўства Піншчыны Аляксея Дуброўскага, які лічыцца "першаадкрывальнікам" Кудрычаў: - Яшчэ гадоў дзесяць - і гэтай вёскі ўжо не будзе... У тым, што песімістычны прагноз гэтага біёлага, які шмат гадоў прысвяціўстварэнню на Палессі прыродных заказнікаў і ведае тут ці не кожную балотную купіну, - зусім не галаслоўны, упэўніцца вельмі лёгка. Лёс Кудрычаў падуладны няўмольным законам - і біялагічным, і сацыяльным. Калісьці ў гэтай вёсцы жыло больш за паўтысячы чалавек. Цяпер жыхароў не набярэцца і трох дзесяткаў. Амаль усе яны - пенсійнага ўзросту. Моладзі няма зусім. Ёй тут няма чаго рабіць - у сэнсе, дзе зарабляць: вакансій - ніякіх, нават у сельскай гаспадарцы, бо вёска не належыць ні да аднаго СВК. Адпаведна, у Кудрычы мы рушылі са змяшанымі пачуццямі. У той самы час, была ў нас і ўтоеная мэта: хацелася праверыць гэты феномен на трываласць. Ці не акажацца ён раптам нецікавым міфам?

"Ад турыстаў толку няма"

 Да Кудрычаў лепш за ўсё дабірацца па вадзе. Да нядаўняга часу гэты шлях быў безальтэрнатыўны. Зрэшты, і цяпер пакручастая "гравійка", пракладзеная гадоў пятнаццаць таму, увесну становіцца непраезнай. І таму кожны з мясцовых жыхароў па-ранейшаму мае лодку. Цеплаход "Віцебск" павольна адчальвае ад рачнога вакзала ў Пінску. Сярод яго пасажыраў - не толькі "дачнікі", якім да сваіх лецішчаў па рацэ дабірацца латвей, але і звычайныя аматары водных прагулак. Каштуе гэтае задавальненне прыкладна столькі ж, як праезд у мінскай маршрутцы. Праз якія дзве гадзіны цеплаход падплывае да вёскі Крывічы. Гэта - канцавы пункт. Жыхары Пінска добра памятаюць тыя часіны, калі з іхняга горада можна было дабрацца па вадзе не тое што да Турава - ажно да Кіева, прычым на звычайнай рэйсавай "Ракеце". Але сёння водны турызм - у заняпадзе. Кіламетраў дзесяць па "гравійцы" - і мы бачым дзівосную карціну: старадаўні буданчык з чаротавым дахам, а на ім - трое буслоў. Бы на паштоўцы! Узнікае ўражанне "раяля ў кустах", падрыхтаванага спецыяльна для даверлівых турыстаў. Адпрэчваем яго толькі з адной прычыны: няма каму той раяль у кусты цягнуць. - Мусіць, надакучылі вам ужо турысты? - распачалі мы размову са старастам вёскі Майсеем Елісеевічам. - І праўда, толку ад іх няма, - ахвотна пагадзіўся той са сваёй апрычнай паляшуцкай усмешкай. - Добра, халаднее ўжо, дык заходзьце ў хату! Сціплая вячэра разам з гаспадарамі пакінула не меншае ўражанне за незлічоных буслоў і старыя хаціны. Колькі мудрасці, гумару і сапраўднай годнасці было ў словах і нават жэстах гэтых людзей! Папраўдзе, Палессе без палешукоў - нецікавае. Майсей Елісеевіч мог бы правесці цудоўную экскурсію па ўласнай вёсцы, і тая заняла б добрую гадзіну. Кудрычы недарэмна называюць "палескай Венецыяй": хаты месцяцца на невялічкіх выспачках пасярод балот. Агулам тых выспаў мо пятнаццаць, і кожная з іх мае сваю назву. А разнастайных гаспадарчых прылад, у спецыяльным парадку развешаных на сцяне свірна Майсея Елісеевіча, - куды болей. Яшчэ гадзіну зойме ягоная "лекцыя" адносна практычнага прымянення кожнага з гэтых мудрагелістых прыстасаванняў. Большасць з іх тычыцца рыбалкі. Зрэшты, той самабытны промысел, які выратоўваў жыхароў вёскі ад голаду пад час усіх катаклізмаў гісторыі, сёння пад забаронай. Бо "легальнымі" вудамі ніхто тут карыстацца не прывучаны.

 Чарот або шыфер?

 /i/content/pi/cult/224/2952/10-3.jpg
 /i/content/pi/cult/224/2952/10-4.jpg

Пераначаваўшы на саматканай бялізне з ручной вышыўкай, рушым аглядаць вёску. Адзін з нас упершыню трапіў сюды гадоў пяць таму. Параўнальна з сённяшнім днём, змены - відавочныя. Куды болей "чаротавых" хат стаяць цяпер закінутыя ды аброслыя травой: значыць, гаспадары ўжо памерлі... І куды болей "жывых" хат, дзе замест чароту - банальны шыфер: значыць, унукі дапамаглі. - Чарот усё ж лепшы за шыфер, - каменціруе Майсей Елісеевіч. - Дыхаецца ў хаце вальней. Хаця, канешне, пакласці шыфер прасцей будзе. А чарот... Ёсць у нас майстар, які ўмее тыя стрэхі рабіць. Але ж ён 1922 года нараджэння... Ад мясцовых пачулі і такую гісторыю: як толькі ў гэтыя краі зачасцілі замежныя турысты, сельсавет пазамяняў усе дахі ў адной з навакольных вёсак на "нармальныя" - з шыферу, лічачы, што гасцям на іх будзе прыемней глядзець, чым на стогадовай даўніны. - Турысты з Заходняй Еўропы не надта цікавяцца нават найлепшымі ўзорамі беларускай архітэктуры: велічныя замкі і храмы для іх - звыклае асяроддзе, - сказаў на гэты конт Аляксей Дуброўскі. - На Палессі іх прываблівае зусім іншае: некранутая прырода і аўтэнтычны сялянскі побыт - тое, што на Захадзе было незваротна страчана ўжо стагоддзі таму. А ў нас - захавалася. Прынамсі, пакуль.

Як выратаваць Кудрычы?

 Пацікавіліся меркаваннем на гэты конт у начальніка аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзіміра Шэляговіча - аўтара некалькіх маштабных турпраектаў. Задалі мы тое пытанне і Аляксею Дуброўскаму. Адказ быў бадай аднолькавы: трэба стварыць пасаду "жыхар Кудрычаў" - і, адпаведна, пэўную колькасць працоўных месцаў. З адзінай умовай: жыць так, як жылі продкі, і дэманстраваць турыстам свой звыклы побыт. З думкай такіх экспертаў цяжка не пагадзіцца. Але яе варта лагічна развіць: Кудрычы павінны займець спецыяльны статус, у тым ліку і юрыдычны. Без дзяржаўнай апекі гэты "апорны пункт" на турыстычнай карце Палесся неўзабаве знікне. Як мае выглядаць праект "палескай Венецыі" ў дэталях? Безумоўна, адказ на гэтае пытанне могуць даць толькі спецыялісты, дый тое пасля працяглых дыскусій. Праца будзе нялёгкай: нават аддаленых аналагаў такога аб'екта ў краіне не знойдзеш. Але галоўная задача зразумелая ўсім: музеефікацыя павінна быць ненавязлівай. У аддзеле культуры Пінскага райвыканкама ніякіх планаў адносна Кудрычаў пакуль няма. Начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму Юрый Кісель парадаваў навіной: ужо сёлета ў суседнім Плошчаве мае быць адкрыты сур'ёзны турыстычны цэнтр. Ён знаходзіцца на балансе Палескага дзяржуніверсітэта і ствараецца дзякуючы інвестыцыям Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Тут з'явяцца і гасцявыя домікі ў "палескім стылі", і лазня, і карчма... Яшчэ адзін турпраект тычыцца менавіта водных маршрутаў. У планах - нават набыццё ўласнага судна. Тое, што гэтыя ініцыятывы ажыццяўляюцца на пэўнай адлегласці ад вёскі Кудрычы, - і тактоўна, і рацыянальна. Толькі ці дапамогуць яны самой вёсцы? Або яе апошнім жыхарам ад турыстаў па-ранейшаму не будзе ніякага толку?

Верыфікацыя міфа

Вядома, казаць пра поўную адарванасць жыхароў Кудрычаў ад сучаснай цывілізацыі і прыпадабняць іх тым самым да абарыгенаў з нейкай ціхаакіянскай выспы не выпадае. У хаце Майсея Елісеевіча ёсць тэлевізар, і глядзіць ён тыя самыя каналы, што і мы з вамі. Аднак... Ці ўваходзіць у кампетэнцыю туріндустрыі развенчванне міфаў? Ды ні ў якім разе! Інфармацыя пра тэлевізар у хаце кудрыцкага старасты- не для рэкламных праспектаў на замежных мовах! І яшчэ. Хаты з чаротавымі стрэхамі, якія вельмі любяць буслы, трапляліся нам не толькі ў Кудрычах, але і ў іншых палескіх вёсках. Бадай усе яны - закінутыя і занядбаныя. Закарцела падысці да кожнай з іх, каб павесіць там шыльду накшталт тых, якія бачыў кожны аўтааматар: "Тут можа быць ваш аб'ект агратурызму".

/i/content/pi/cult/224/2952/10-5.jpg
 /i/content/pi/cult/224/2952/10-6.jpg

Экспарт "кручанай зямлі"

З Кудрычаў рушылі ў Гарадную- сталіцу палескага ганчарства. Ад шашы Р88 туды вядзе "дарога без пакрыцця". Веласіпедыраз-пораз загразалі ў пяску, і даводзілася валачы іх за сабою. Але шлях па асфальце - утрая даўжэйшы. Для тураператара такая акалічнасць можа стаць аргументам - вядома, не на карысць Гарадной. Пераадолеўшы 55 кіламетраў "кручанай зямлі", 7 з якіх былі экстрэмальна складаныя, мы былі самымі шчаслівымі людзьмі на свеце. Аддыхаўшыся, з радасцю пачулі, што гэтая самая "кручаная" зямля з'яўляецца галоўным багаццем Гарадной. - Зямелька тут - самая горшая ў раёне, у часы майго дзяцінства нават цыбакі людзі куплялі на кірмашы, пра гуркі ніхто і не чуў,- распавядае на сакавітым мясцовым дыялекце дырэктар Цэнтра ганчарства Алімпіяда Леанавец. - Але такой гліны, як у нас, мусіць, нідзе ў Еўропе не знойдзеш: яна і цягнецца, і з агнём сябруе, як аніякая іншая... Пачытайце, дарэчы, што пра нас Караткевіч пісаў! Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя ў вёсцы было больш за 300 майстроў, і свае вырабы яны экспартавалі ці не на ўсё Палессе. Але з прыходам савецкай улады ганчарства апынулася пад забаронай - як і кожная прыватная ініцыятыва. Мястэчка паціху прыйшло ў заняпад: моладзі тут болей не было чым заняцца. Майстроў - пераемнікаў традыцыі засталося ўсяго адзінаццаць, і ці не ўсе яны - у сталым веку. Дзякуючы Цэнтру, іх колькасць неўзабаве можа павялічыцца. А каб прывабіць і дзяцей, і экскурсантаў, тут дзейнічае прыстойная этнаграфічная экспазіцыя. - Усе экспанаты набывалі за свае грошы, - распавядае Алімпіяда Леанавец. - Збіралі па драбніцах, выпрошвалі: і старадаўнія гарадзенскія строі, і жбаночкі, і ручнікі, і нашы вышыванкі... Але сёння Цэнтр мае і ўласныя сродкі: за кошт выканання платных паслуг. За гэтыя грошы можам і экспанаты набыць, і дзеткам падарункі купіць на Новы год... Марым вось пра ўласны "лічбавік". Цэнтр месціцца ў прыстойным будынку Дома культуры, побач з бібліятэкай. Калі заходзілі, выпадкова адчынілі не тыя дзверы - і трапілі ў яе дагледжаны мікракосмас. Паўсюль- мноства адметных вырабаў з падручных матэрыялаў на экалагічную тэматыку. Міжволі прасякнуўшыся лірыкай, задалі, усё ж, загадчыцы бібліятэкі Валянціне Ківель пытанне наконт прагматыкі: як у вас з платнымі паслугамі? - З дзяцей грошы браць - амаль кашчунства,- адказала яна. - Наадварот, хочацца прывабіць сюды тых, хто выхоўваецца ў не надта добрых сем'ях і не заўсёды можа цукерку дома з'есці. Але план - выконваем. Якім чынам? Выявілася, што начальнік аддзела культуры вынайшаў папраўдзе крэатыўную формулу: на будынку ДК размясціў свае "вышкі" адзін з мабільных аператараў. Сродкі за арэнду пайшлі на рамонт бібліятэкі, а яе супрацоўніца была надзелена правам "падключэння" да сеткі. І аператару добра - бо не трэба адкрываць свой асобны цэнтр, - і бібліятэка мае больш магчымасцей выконваць выхаваўчую місію. Нягледзячы на дарожныя праблемы, штогод Цэнтр праводзіць каля 70 экскурсій. Прыязджаюць сюды і зблізу, і здалёк. - А што наконт продажу сувеніраў? - запыталі мы. - Вы можаце набыць любую з гэтых цудоўных свістулек, ёсць і збаночкі, - адказала дырэктар. - Праўда, продаж пакуль што - толькі ў межах экскурсіі. Марым, вядома, пра невялічкую краму, дзе магчыма было б прадаваць нашы вырабы. Але, самі ведаеце, ліцэнзія... Акрамя таго, галоўная наша мэта - вучыць дзяцей. Не трэба забывацца, што гэтая справа вымагае неймаверных высілкаў і сродкаў. У экспазіцыйнай зале ёсць дзверы ў невялічкі пакойчык "не для турыстаў". Зазірнуўшы туды, убачылі кадкі з глінай. Пацікавіліся, як яна трапляе да юных майстроў. - Наймаем кіроўцу за кошт тых самых платных паслуг, - адказвае Алімпіяда Дзмітрыеўна, - бо свайго транспарту, вядома, няма. А яшчэ няма тут бетонамяшалкі ды водаправода - хаця праца, усё ж, брудная! Ганчарны круг на ўвесь Цэнтр - толькі адзін. Высветлілася, што і майстроў у Цэнтры працуе толькі два. Прычым кожны - на палову стаўкі. - А калі б нам трох, ды на цэлую стаўку... - марыць Алімпіяда Дзмітрыеўна. - Пакуль мы толькі падтрымліваем гэты агеньчык пераймання традыцыі. А для таго, каб тут было полымя - трэба яшчэ ўкладваць і ўкладваць... Ды зрухі ўсё ж навідавоку. Летась у Гарадной упершыню прайшоў Міжнародны пленэр ганчароў, а неўзабаве ў вёсцы мае запрацаваць новы тураб'ект - ганчарная майстэрня ў дзеянні. Яна размясцілася ў звычайнай вясковай хаце - з нядаўняга часу на яе плоце ўжо нават красуецца шыльда. Не так даўно дамок быў перададзены з балансу мясцовага сельсавета набаланс аддзела культуры. Працэс афармлення дакументаў трохі зацягнуўся, але Алімпіяда Дзмітрыеўна ўпэўнена, што літаральна праз месяц хатка ўжо атрымае статус філіяла Столінскага краязнаўчага музея: менавіта яго дырэктар Святлана Вярэніч стала ініцыятарам гэтага праекта. Укладанні спатрэбіліся не надта вялікія: закінутая вясковая хаціна дорага не каштуе. Затое на "палескім" маршруце мае з'явіцца новая цікавостка. - Тут "паселіцца" ганчар, - распавядае Алімпіяда Дзмітрыеўна, - і кожны, хто захоча, здолее не толькі паглядзець, як працуе майстар, але і паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Можна будзе і бульбачку запячы ў грубцы, і на ложак старадаўні прылегчы, і нават пасядзець ля вогнішча на панадворку. Трэба, каб музей-сядзіба была ўстановай інтэрактыўнай і адкрытай, каб наведвальнікі тут пачувалі сабе вольна.

Ці зберажом Нова-Беражное?

Роўна пасярод адлегласці паміж Столінам і Давыд-Гарадком ёсць месца, якое варта наведаць любому турысту: гаворка - пра вёску Беражное, якая згадвалася ў гістарычных дакументах яшчэ 500 гадоў таму. Гісторыя вёскі непадзельна звязана з гісторыяй старадаўняга і знакамітага валынска-палескага рода Алешаў. Цяпер у Нова-Беражным захаваліся палац і парк, створаны тут Цэзарам Антоніем у другой палове XIX стагоддзя. Ягоны сын Канстанцін захапляўся астраноміяй і нават пабудаваў у маёнтку абсерваторыю. Цяпер, зразумела, ад яе засталіся адно ўспаміны. Маёнтак ужо каторы год стаць закінуты. Нас сустрэла сумнае відовішча: смецце ўнутры маёнтка і трава па пояс ля яго. Але, у той самы час, вока прыкмеціла і тое, што рэстаўрацыйныя работы тут ужо распачаліся. - Падрыхтавана праектна-каштарысная дакуметацыя на гэты родавы маёнтак Алешаў. На сённяшні дзень там асвоена каля 80 мільёнаў рублёў, заменены дах, - распавёў начальнік аддзела культуры Столінскага райвыканкама Васіль Заруба. - Агулам рэстаўрацыя абыдзецца прыкладна ў паўтара мільярда рублёў. Таму, зразумела, вельмі спадзяёмся на Праграму развіцця Прыпяцкага Палесся. Увогуле па гэтай праграме для Нова-Беражнога мы запланавалі каля 5 мільярдаў рублёў. У перспектыве тут будзе створана і пэўная турыстычная інфраструктура, размесціцца экалагічны цэнтр, выставачная зала. Так, гэта яшчэ адна мара: стварыць побач з цікавым "старым" нешта прывабнае "новае". Ці з'явіцца гэтае новае ў Нова-Беражным? Безумоўна, - калі добрыя намеры давядуць да канца, а не забудуцца на іх на паўдарозе да мэты. Хочацца верыць у тое, што сядзіба не папоўніць спіс "недарэстаўраваных" помнікаў спадчыны, і заплачаныя будаўнікам грошы "вернуць" турысты.

 "Конныя брыгады"

 - Трохі несвоечасова вы да нас прыехалі! - уздыхнуў дырэктар Дома культуры ў Давыд-Гарадку Міхаіл Шыкунец. - Лепей завіталі б узімку, на наш гарадоцкі карнавал - знакамітыя "Коныкі". Адмысловая традыцыя калядавання (замест казы - конь!) не згасае тут і пагэтуль: у пярэдадзень старога Новага года на вуліцах мястэчка поўна людзей у самых розных вобразах. Савецкія ўлады спрабавалі змагацца з "перажыткамі даўніны" - на шчасце, без асаблівага поспеху. Сёння дзейнасць "конных брыгад" калядоўшчыкаў каардынуе Дом культуры. - Гэта конкурс сярод калядоўшчыкаў на лепшы гурт,- каменціруе яго дырэктар відэа з мінулага свята.- Праграма на вуліцы ідзе дапазна. Але сказаць, што мы арганізоўваем "Коныкі", было б няпраўдай: свята прайшло б і без усялякай нашай ініцыятывы, бо традыцыя- жывая. Сам памятаю, як у дзяцінстве з хлопцамі калядавалі... І гэтая натуральная пераемнасць традыцый - адна з прычын, чаму зухаватаму святу ў хуткім часе плануецца наданне статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Як нам паведамілі ў Раённым метадычным цэнтры Столінскага раёна, падрыхтоўка адпаведных дакументаў ужо вядзецца. Тут можна было б зрабіць і наступны крок: ператварыць "Коныкі" ў з'яву івэнт-турызму. Але непасрэднае знаёмства з "турінфраструктурай" Давыд-Гарадка значна астудзіла аптымізм. Двукоссе тут цалкам дарэчы: паесці ў мястэчку можна хіба ў адзінай сталоўцы, а заначаваць - у гатэлі з адным санвузлом на ўсе 18 месцаў. Ля гарадскога Дома культуры можна пабачыць адкрытую танцпляцоўку. Але ж нават няўзброеным вокам было відаць, што стан пляцоўкі - аварыйны. Таму ўсе дыскатэкі ладзяцца непасрэдна ў зале ДК, разлічанай на 150 чалавек, як, зрэшты, і канцэрты ды іншыя культурныя імпрэзы: другой залы ў гарадку няма. Дом культуры варты асобнай гутаркі. Месціцца ён... у былым касцёле! Планіроўка пры "змене профілю" бадай не змянілася: алтарная частка стала сцэнай, а закрытыя - кабінетам дырэктара. Іншыя памяшканні, патрэбныя для працы ДК - скажам, харэаграфічная зала, - у касцёле, вядома ж, не былі прадугледжаны. Адчуўшы пах вільгаці, пацікавіліся: калі тут апошнім разам рабіўся капітальны рамонт? Нічога падобнага дырэктар прыгадаць не здолеў, хаця будынак паўстаў яшчэ ў 1920-я гады. - Як вы самі лічыце: ці можа гэтая ўстанова задаволіць патрэбы гарадка з больш як сямітысячным насельніцтвам? - наўпрост запыталі мы ў Міхаіла Шыкунца. - Ведаеце, не вы першыя задаяце гэтае пытанне, - уздыхнуў той. - Мы даўно ўжо марым пра пераезд у новыя сцены. Але пакуль што застаецца адно выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія маем. Як распавёў нам дырэктар, праект Гарадскога цэнтра культуры гатовы ўжо даўно. Ён павінен быў запоўніць тую пустэчу на цэнтральнай плошчы, дзе цяпер стаіць толькі гандлёвая палатка. Месца там хапіла б на ўсё:і на танцы, і на канцэрты, і на працу ў гуртках, і на чытальную залу, і на бібліятэчныя фонды, і на Школу народнай творчасці, кіраўнік якой Валянціна Ціхан праводзіць заняткі... у сябе дома, бо ва ўстановах культуры зацесна ды не надта ўтульна. Але зрухаў у плане ажыццяўлення гэтага праекта няма ўжо каторы год.

Музей-старажыл і гара-брудніца

 /i/content/pi/cult/224/2952/10-7.jpg
 /i/content/pi/cult/224/2952/10-8.jpg

 

Мікалая Бразоўскага ў Давыд-Гарадку ведаюць усе. Да выхаду на пенсію ён кіраваў найбуйнейшым прадпрыемствам мястэчка: электрамеханічным заводам. А потым займеў магчымасць аддаць увесь час ажыццяўленню сваёй даўняй мары. - Калі ў мяне ўпершыню з'явілася ідэя адкрыць у Давыд-Гарадку музей?- перапытаў Мікалай Паўлавіч.- Гадах, мусіць, у шасцідзесятых. Будучы мараком далёкага плавання, я яшчэ за савецкім часам здолеў пабачыць лепшыя музеі Еўропы. І адчуваў, наколькі такой установы бракуе тут, на радзіме. Мара здзейснілася ў 2001 годзе. Вядома, што дырэктарам музея стаў гэты няўрымслівы патрыёт Давыд-Гарадка. Адразу відаць, што на ягоным энтузіязме справа і трымаецца. Але, каб ператварыць музей у прэзентабельны тураб'ект, аднаго энтузіязму замала. Летась зграбнай камянічцы, у якой ён месціўся, споўнілася 100 гадоў. Рамонт патрэбны ўстанове культуры, як паветра. У гэтым мы пераканаліся на свае вочы, пабачыўшы плямы ад вільгаці на сценах. Будынак ацяпляецца з дапамогай дзвюх печаў, адна з якіх на сённяшні дзень - няспраўная. Таму, як кажа дырэктар, зімой і ён, і наведвальнікі мерзнуць ад холаду. Яшчэ адна праблема: недахоп памяшканняў. Музей займае толькі два невялікія пакоі. Фонды - а гэта больш за тысячу э к с п а н а таў - захоўваюцца ў розных месцах горада, бо прыстасаванага памяшкання пад фондасховішча няма. Пытанне пра тэхнічныя сродкі, без якіх сёння ў музейнай справе не абысціся, аказалася не да месца: замест камп'ютэра тут можна пабачыць хіба друкарку. Выйшаўшы з музея, працягваем агляд галоўных турыстычных адметнасцей Давыд-Гарадка. Іх дзве - драўляная Георгіеўская царква XVIII стагоддзя (тыповы ўзор менавіта палескага дойлідства) і, вядома, Замкавая гара. Пра мінулае тут нагадвае адно камень з надпісам "Тут бярэ пачатак гарадок Давыда", усталяваны па ініцыятыве ўсё таго ж Мікалая Бразоўскага яшчэ ў той час, калі ён быў дырэктарам завода. Але ж апусціўшы вочы долу, можна лёгка страціць рамантычны настрой: пад нагамі поўна смецця, не паляпшае ўражанне і старая драўляная эстрада, месцамі прагнілая наскрозь. - Сцэну мы знясём ужо ў бліжэйшай будучыні. А наконт смецця... Над гэтай праблемай я ўжо не першы год б'юся,- са скрухай адказаў Мікалай Бразоўскі.- Але... Што ж зрабіць, калі на ўвесь наш гарадок - усяго тры дворнікі? Асноўную праблему Давыд-Гарадка зразумець няцяжка. Думаецца, у той ці іншай меры яна тычыцца ўсіх мястэчак, якія не маюць статуса райцэнтра, але, у той самы час, не падпадаюць пад дзеянне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. Патрэбы сацыякультурнай сферы тут - гарадскія, а бюджэт на іх задавальненне - "вясковы". Кантраст паміж Давыд-Гарадком і Столінам- відавочны.

Навуковы супрацоўнік з сякерай

/i/content/pi/cult/224/2952/10-10.jpg
 /i/content/pi/cult/224/2952/10-11.jpg

Дарога ў вёску Цераблічы, пасля павароту каля Альшанаў,- неахайная, як кажуць самі палешукі, "быццам хто з верталёта камяні паскідаў і так вось пакінуў". Знакаміты на ўсю Беларусь Музей этнаграфіі ў Цераблічах пакутуе, думаецца, менавіта з-за тых некалькіх кіламетраў дрэннай дарогі. У вёсцы цяпер жыве больш за 1300 чалавек. 1 верасня тут адкрыецца новая школа: яе пабудова абышлася ў 9 мільярдаў рублёў. Драўляную постаць Еўфрасінні Полацкай, якая будзе сустракаць школьнікаў на ўваходзе, зробіць у падарунак для гэтай установы адукацыі Іван Супрунчык - народны майстар, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне", а яшчэ- стваральнік унікальнага музея, які займае ладны будынак адмысловай планіроўкі. У вялікай выставачнай зале прадстаўлена больш за тысячу экспанатаў, сабраных няўрымслівым майстрам у наваколлі яшчэ пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Чаго тут толькі няма: "мач", падобны на вялікую лапату, якім палешукі выкідалі гной, лыжы, выразаныя з дрэва з адтулінамі для валёнак, розныя прыстасаванні для віцця вяровак, майстравання колаў, распальвання агню... Дзякуючы расповеду майстра, кожны, нават самы утылітарны, прадмет побыту набывае папраўдзе метафізічнае значэнне, займаючы сваё месца ў сістэме каардынат традыцыйнай культуры. Сапраўдны цвік экспазіцыі - расфарбаваныя скульптуры з дрэва самога Івана Супрунчыка. Ніколі не бачылі нічога падобнага! Мастар-самавук навучыўся рабіць сваіх герояў папраўдзе жывымі. Галоўная тэма яго творчасці - гісторыя вёскі, і рэальная і міфалагічная. Дзякуючы мастаку, многія вусныя паданні знайшлі ўвасабленне ў яго работах і будуць цікавымі сучасніку. Адметна, што свае скульптуры ён робіць з дапамогай адной толькі сякеры, і таму паглядзець на яго працу пад час кірмашоў рамёстваў збіраюцца натоўпы людзей. Менавіта так і было на Ягелонскім кірмашы ў Любліне, з якога Іван Піліпавіч днямі вярнуўся. Пасля дзвюхгадзіннага экскурсу ў глыбіні народнай свядомасці перайшлі і да тэм больш празаічных. Як расказаў Іван Піліпавіч, летась у музеі нарэшце зрабілі ацяпленне, цяпер чакаецца капітальны рамонт будынка. Васіль Заруба тую інфармацыю пацвердзіў. - Адрамантуем дах, фасад будынка, закупім экспазіцыйнае абсталяванне,- распавёў начальнік аддзела культуры. - Пад гэтыя мэты на наступны год будзе выдаткавана каля 50 мільёнаў рублёў. Музей у Цераблічах мы таксама прапісалі ў Праграме развіцця Прыпяцкага Палесся, бо аналагаў установе культуры няма ні ў вобласці, ні ў рэспубліцы. Таксама плануем зрабіць там невялічкі пакойчык, дзе наведвальнікі змогуць папіць гарбаты з мясцовымі прысмакамі. Расказалі мы начальніку аддзела культуры Столінскага райвыканкама пра яшчэ адну мару майстра з Цераблічаў: арганізаваць у музеі продаж аўтэнтычных сувеніраў. Перашкода- тая самая: складанасці ў атрыманні ліцэнзіі. - Але мы працуем над гэтымі пытаннямі і абавязкова будзем адкрываць салоны-крамы ў раёне, - зазначыў Васіль Андрэевіч.

Замест заканчэння

Тое, што нам удалося ўбачыць, запэўніла ў адным: турыстычны патэнцыял Палесся - несумненны і значны. Дэ-факта мы знайшлі і атрымалі амаль усе паслугі: інфармацыйнаасветніцкага кшталту (што паглядзець, пра штосьці дазнацца) і ўласна спажывецкія (пераначаваць, паесці, набыць сувеніры). Не ўбачылі мы дзеяння ў жыцці складаючай дэ-юрэ: для многіх устаноў культуры атрыманне ліцэнзій і набыццё адпаведнага статуса - справа, што вымагае значныхвысілкаў і нават пераадолення сябе. Навуковыя супрацоўнікі музеяў, якія бачаць сваёй справай захаванне традыцый уласнага краю - сумленную і карпатлівую навуковую працу, - вымушаны перакваліфікоўвацца ў менеджэраў па турызме. Ці дрэнна гэта? З аднаго боку - не, бо культурная індустрыя трансфармуецца ў крэатыўную, што мае на ўвазе атрыманне камерцыйнага прыбытку. А прыбытак, у сваю чаргу, дазваляе набываць экспанаты і багацець музейнай установе на ўласныя фонды. Але з іншага - ці займаюцца, у рэшце рэшт, тады работнікі культуры сваёй справай, не забіраючы хлеб у спецыялістаў іншай галіны? Адказ на гэтае пытанне знайсці не так і проста. Усе грошы, што ў выніку зарабляюць работнікі культуры ці работнікі сферы турызму, ідуць у дзяржаўны бюджэт. Аднак, як зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Віктар Маліноўскі, "галоўныя аб'екты турызму - гэта аб'екты культуры". І, магчыма, для таго, каб яны таксама атрымлівалі свае дывідэнды ад развіцця турызму, неабходна знайсці асаблівую форму іх падтрымання. Гэта можа быць спецыяльны падатак на захаванне гістарычна-культурнай спадчыны ці асаблівы збор (ахвяраванне) на карысць культурнага аб'екта, які наведвае турыст. Варыянтаў - мноства. Галоўнае, каб абраны не ўшчамляў інтарэсы адных у перавагу іншым. Падарожжа па Палессі запэўніла: для развіцця культурна-турыстычнага бізнесу неабходна ўдасканаленне нарматыўнай базы. Пад якія "ГОСТы" могуць падпадаць вырабы народных майстроў, кожны з якіх - твор ручной работы, адметны сваёй непаўторнасцю? Значыць, і салоны-крамы рамёстваў нельга стрыгчы пад адзін грэбень са звычайнымі "гандлёвымі пунктамі". Праблема з атрыманнем ліцэнзіі на рознічны гандаль, пра якую нам даводзілася чуць на кожным кроку, патрабуе пільнай увагі з боку юрыстаў і заканадаўцаў. Легалізаваны "выхад" гэтага прадукту на рынак не павінен адбіцца на ягонай якасці і эксклюзіўнасці, інакш- губляецца сам сэнс "зробленага толькі ў адзіным экземпляры" жбанка, бочачкі, фартушка, ручніка... Заканадаўчыя акты ў гэтым накірунку патрабуюць сапраўды значнай прапрацоўкі і неадкладнага рашэння. Але ж без гэтага - ісці далей нельга. І яшчэ адно, самае важнае. Нацыянальныя брэнды мы заўжды прызвычаіліся ўспрымаць як неад'емны складнік нашай цяпершчыны і нашай гісторыі. І часам доўга спрачаемся: а ці з'яўляецца гэты гістарычны дзеяч, мастак, кампазітар, горад сапраўды нашым, беларускім? Напрыклад, ці з'яўляюцца нашы ўлюбёныя дранікі самай што ні ёсць беларускай, нацыянальнай, стравай? Спрачаемся, абмяркоўваем і... губляем час. Бо пакуль мы гаворым і разважаем, іншыя краіны з задавальненнем тыя самыя "спрэчныя" з'явы і імёны ўдала "прыватызуюць" і раскручваюць. Больш за тое: зарабляюць на новых (ды "старых") брэндах грошы. Мы ж толькі апошнім часам пачынаем пераводзіць культурныя індустрыі ў крэатыўныя. Можа, самы час спыніць спрэчкі і гучна заявіць аб сваіх культурных здабытках? Хутчэй зрабіць музеі ў Бездзежы, Моталі, Стрэльне, Варацэвічах, Гарадной, Цераблічах і г. д. паўнавартаснымі культурна-турыстычнымі комплексамі... Пакуль іншыя "ўсё смачнае не разабралі"...

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ,

Ілля СВІРЫН,

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты