Аблічча З’явы

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

У першыя дні восені наша краіна адзначыць 70 гадоў з часу ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі. У верасні 1939 года, пасля ўваходу Чырвонай Арміі, Заходняя Беларусь стала часткай БССР. Гэтай гістарычнай падзеі прысвечана выстаўка “Аблічча З’явы”, дзе прадстаўлены малавядомыя творы мастакоў Заходняй Беларусі. Экспазіцыя размешчана ў дзвюх вялікіх залах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

 /i/content/pi/cult/224/2951/9-1.jpg
 П.Сергіевіч. “Партрэт Станіслава Глякоўскага”.
 /i/content/pi/cult/224/2951/9-4.jpg
М.Сяўрук. “Жніво”.

Упершыню віцябчане могуць убачыць беларускае мастацтва перыяду 1930-х гадоў - перыяду рэпрэсій, грамадскіх і эканамічных пераўтварэнняў. Мастацтва таго часу прадстаўлена жывапіснымі і графічнымі творамі Язэпа Драздовіча, Сяргея Вішнеўскага, Зміцера Крачкоўскага, Васіля Сідаровіча, Пётры Сергіевіча, Міхася Сеўрука, Паўла Южыка. Гэты перыяд наогул мала даследаваны мастацтвазнаўцамі, а творчасць гэтых мастакоў доўгі час была незапатрабаваная. Па словах віцебскіх, мінскіх і заслаўскіх навукоўцаў, прадстаўленыя партрэты і пейзажы дэманструюць вельмі высокі ўзровень мастацкай школы. Творы характарызуюць аўтараў як таленавітых асоб, адданых высокаму мастацтву, якіх хвалявалі тэмы спадчыны, кахання, рэлігіі, пошукі сэнсу жыцця і свайго месца ў ім. Адчуваецца, нешта агульнае прысутнічае ва ўсіх работах: і своеасаблівы "почырк" нацыянальнай школы мастацтва, і нейкае пачуццё трывогі, прадыктаванае складаным і драматычным часам. Дарэчы, упершыню тут экспануюцца эскізы роспісаў храмаў П.Сергіевіча і М.Сеўрука. Выстаўка "Аблічча З'явы" - працяг азнаямленча-асветніцкай акцыі "Аrs-incognita" творчага грамадскага аб'яднання "Мастак" (г. Заслаўе), якое цягам некалькіх гадоў адкрывае сучаснай публіцы творы беларускага мастацтва першай паловы ХХ стагоддзя, створаныя майстрамі пэндзля Заходняй Беларусі - выхаванцамі мастацкіх навучальных устаноў Вільні. Таму і большасць работ непасрэдна звязана з Вільняй - гістарычным цэнтрам некалькіх культур: беларускай, літоўскай, польскай і расійскай. Аднак, большая частка аўтараў мае непасрэднае дачыненне да Віцебска: напрыклад, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і В.Сідаровіч - родам з Віцебшчыны, астатнія ж вучыліся або працавалі тут. Асаблівасць гэтай экспазіцыі яшчэ і ў тым, што карціны, малюнкі і эстампы на ёй прэзентавалі не дзяржаўныя ўстановы, а прыватныя асобы, энтузіясты-калекцыянеры, а таксама нашчадкі мастакоў (сын Сяргея Вішнеўскага нават прысутнічаў на адкрыцці выстаўкі). У дзяржаўных беларускіх музеях колькасць твораў прадстаўнікоў гэтага рэгіёна пачатку і першай паловы ХХ стагоддзя, на жаль, пакуль што абмежавана. Творчасць незаслужана забытых мастакоў мінуўшчыны - яркая з'ява і набытак нашай культуры. Выстаўка з поспехам экспанавалася ў музеях Мінска,Смаргоні, Нясвіжа, Заслаўя. У Віцебску яе можна наведаць да 8 верасня. Творы мастакоў Заходняй Беларусі плануецца паказаць і ў іншых гарадах краіны.

 Віцебск