Трое ў “Гасцёўні...”

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Бацькам, мусіць, часцяком прыемна, калі дзеці займаюцца іхняй жа справай. Жывапісцу Уладзіміру Капшаю пашанцавала ўдвая: выяўленчае мастацтва цікавіць не толькі ягоную дачку, але і ўнучку.

 /i/content/pi/cult/224/2950/9-5.jpg
У.Капшай. “Пачатак вясны
 

Калі быць дакладным, дачка мастака Наталля Капшай-Міронава - жывапісец не прафесійны, па спецыяльнасці яна музыкант, але кажа, што малявала заўсёды. Маленькая Крысціна Міронава (дзяўчынцы яшчэ толькі 8 гадоў) яшчэ не зразумела дакладна, што ёй бліжэй - музыка ці маляванне, таму займаецца адначасова і ў музычнай школе, і ў мастацкай студыі "Мастачок". Адным словам, абыякавых да выяўленчага мастацтва (як, дарэчы, і да мастацтва ўвогуле) у гэтай сям'і няма. Пазнаёміцца ж з творамі мастацкай дынастыі гэтыміднямі можна ў сталічнай Гасцёўні Уладзіслава Галубка. Тут, побач з вядомымі палотнамі Уладзіміра Капшая, экспануюцца зусім яшчэ дзіцячыя, але такія шчырыя і непасрэдныя малюнкі яго маленькай унучкі, выкананыя каляровымі алоўкамі і фламастэрамі. Асноўную ж частку выстаўкі займаюць пейзажы і нацюрморты Наталлі. Цікава заўважаць, як па-рознаму дынастыя мастакоў бачыць свет, якія розныя праявы жыцця становяцца сюжэтамі іхніх палотнаў. І бацька, і дачка працуюць пераважна ў жанрах нацюрморта і пейзажа, але кожны раскрыў іх па свойму. Так, напрыклад, побач з пастэльным каларытам твораў Наталлі яскрава адчуваецца цеплыня фарбаў Уладзіміра, на палотнах якога пераважаюць зямлістыя адценні. Што ўжо казаць пра самую юную ўдзельніцу выстаўкі! У процівагу класічным работам старэйшых пакаленняў сям'і, яе дзіцячы, зразумела, яшчэ далёкі ад аформленага, стыль, нагадвае, хутчэй, постмадэрнісцкую эстэтыку. Гартаючы імправізаваную кнігу водгукаў, бачу, што такі творчы эксперымент мінскаму гледачу прыйшоўся даспадобы. Сапраўды, не кожны дзень даводзіцца ўбачыць творы прадстаўнікоў трох пакаленняў у адной зале. Тым больш, што яны - сапраўдная мастацкая дынастыя.

Д.Д.