Інтанацыя ўздыху

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Унікальную кнігу, я сказала б, кнігу жыцця напісаў і выдаў журналіст і пісьменнік-дакументаліст, мой настаўнік і сябра Раман ЯРОХІН. Раман Аляксеевіч пазваніў мне: «Воля, прыяздждай, кніжка табе падпісана. Толькі не здзіўляйся. У ёй – 944 старонкі!».

 /i/content/pi/cult/114/295/Vekapomnaje.jpg
Не знайшла, што адказаць. Ведала, што Р.Ярохін, колішні загадчык аддзела культуры адной з рэспубліканскіх газет, інвалід Вялікай Айчыннай, сёння — пенсіянер, піша кнігу, але каб яна была аб’ёмам амаль у “Вайну і мір”!..

— Пад’едзь, — запрашаў былы марскі пехацінец мінулай вайны. — Гэта мая споведзь.

У кнізе — гутаркі, нарысы, развагі. Кніга настаўніка, падпісаная вучаніцы. Адгукнуцца на падарунак захацелася, натуральна, такой жа споведдзю аб прачытаных і ўзрушальных радках…

Наша чалавечае і журналісцкае сяброўства — даўняе. Як сёння памятаю: Раман Аляксеевіч бесперапынна курыў “Беламор”. Нават не паспявала падлічыць, колькі папярос ён выкурваў за газетнае дзяжурства. Ля яго заўжды былі мы, маладыя, якія рабілі першыя журналісцкія спробы. А ён, забыўшыся на ўласныя справы, курыў і распавядаў нам пра… Беларусь.

Рэдактар кнігі з назваю “Інтанацыя ўздыху” — таксама адзін з выхаванцаў Р.Ярохіна Сярожа Пяткоўскі. Мы равеснікі, амаль аднакурснікі… У тым ярохінскім папяросным дыме і нараджаліся і мае, і яго першыя газетныя нататкі. Не паўтарацца, не хлусіць, не быць наіўнымі — наказы Ярохіна тым, хто пачынаў жыццё. І ён быў ці не маладзейшы за нас у нялёгкай карэспандэнцкай справе. Ён першы растлумачыў нам, што такое любоў да Бацькаўшчыны. Мы матляліся па Беларусі, імкнуліся выканаць свой прафесійны абавязак так, як выконваў яго Раман Аляксеевіч…

— Воля, у цябе ёсць здымак Сафійскага сабора ў Полацку? Адшкадуеш?

Здымак гэты ёсць у кнізе “Інтанацыя ўздыху”. Мала хто ведае, што менавіта дзякуючы публікацыі Р.Ярохіна ў свой час сталі рэстаўрыраваць Сафійскі сабор.

Прадмову да кнігі паспеў напісаць народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін: “Яе цікава чытаць! І не толькі людзям старэйшага пакалення, для якіх імёны годных дзеячаў, якіх згадвае Раман, — як жывыя спадарожнікі іх жыцця, любімыя імі працаўнікі якога-небудзь віду мастацтва, прадстаўнікі якога-небудзь значнага поля дзейнасці, кшталту касманаўтыкі ці партыйна-дзяржаўнай службы. Маладзейшы чытач даведаецца з першых вуснаў, як час і асяродак граняць талент, як асаблівасці чалавечага характару спалучаюцца з патрабаваннямі гэтага часу ці, наадварот,супраціўляюцца імгненным, сённяшнім агульнапрынятым уяўленням аб праўдзе, ісціне і дабрыні…”.

— Адкуль такая назва кнігі, Раман Аляксеевіч?
— Сам Шаляпін падказаў…Так, канешне, гэта з кнігі Ф.Шаляпіна “Маска і душа”: “Ёсць у мастацтве такія рэчы, пра якія словамі сказаць нельга. Я думаю, ёсць такія рэчы і ў рэлігіі. Вось чаму і пра мастацтва, і пра рэлігію можна гаварыць шмат. Але дагаварыць да канца немагчыма… Не хапае слоў. Гэта пераходзіць у сферу нявыказанага пачуцця. Ёсць літары ў алфавіце, і ёсць знакі ў музыцы. Але… ёсць інтанацыя ўздыху — як адлюстраваць гэтую інтанацыю, як яе напісаць? Такіх літар няма”. “У мяне — таксама, — напісаў у кнізе Раман Ярохін, — але я ўсё шукаю, шукаю… 60 гадоў шукаю”.

— Кніга пачынаецца з аповеду пра Чайкоўскага.
Хто такі, гэты Чайкоўскі, Раман Аляксеевіч?
— Салдат не з апошніх. На Курскай дузе ён падбіў танк, атрымаў за гэта медаль “За адвагу”. Салдат Чайкоўскі, які любіў на скрыпцы выконваць творы кампазітара Чайкоўскага. Такім ён і застаўся ў памяці аднапалчан.

Вайна закончылася. Ярохін паехаў з дыктафонам па роднай мірнай зямлі. Ягоныя вандроўныя нататкі — шчырыя і ёмістыя.

— Колькі ж вам гадоў, Раман Аляксеевіч?
— Нарадзіўся 4 кастрычніка 1925 года…Маленькае сібірскае сяло. Дзяцінства і юнацтва. Вайна. Марская пяхота. Паветраны дэсант…
— Дык вось чаму не здымаеце цяльняшку!
— Пісаў кнігу ў цяльняшцы, а як жа!

Аднойчы ён зразумеў, што журналістыка — толькі падстава да кнігі лёсу. Разабраў архівы: так, хапае фактуры для публіцыстычнага даследавання часу. Пісаў штодзённа тры гады запар з ранку да вечара. Як выдаць такі вялізны том на інвалідскую пенсію? Малодшы сын Саша абнадзеіў: “Не перажывай, бацька, толькі пішы, астатняе — мая справа!”. Не нейкі там спонсар дапамог — сын. Як, дарэчы, і жонка — Ангеліна Васільеўна, і ўнучка Воля — будучая журналістка. Яны былі першымі ўдзячнымі чытачамі!

Сярод герояў кнігі Ярохіна — Якуб Колас, Ілья Арэнбург, Іван Шамякін, Заір Азгур, Іван Чыгрынаў, Мікола Лупсякоў, Усевалад Санаеў, Андрэй Макаёнак… Такія розныя асобы! У гэтым і шчасце журналіста, пісьменніка — сабраць у адну сяброўскую кампанію ўсіх гэтых, такіх непадобных, але таленавітых людзей.

“Інтанацыя ўздыху” — жывая гісторыя часу ўперамешку з усмешкамі і слязьмі. А купіць яе можна ў “Акадэмкнізе”. 

Вольга ЯГОРАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА