Нанаэксперыментатар

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Пераконваешся ў праўдзівасці гэтага выслоўя, пазнаёміўшыся з гомельскім мастаком Андрэем Крыловым. Сярод усіх ягоных талентаў — а гэта і паэзія, і нават філасофія — адзін вылучаецца найбольш яскрава і рознабакова. Найперш за ўсё Крылоў — таленавіты мастак-жывапісец, майстар-эксперыментатар.

 /i/content/pi/cult/224/2949/9-6.jpg
А.Крылоў. “Кондар”.

Адным з першых у краіне творца пачаў выкарыстоўваць у працы матэрыялы, створаныя на аснове нанатэхналогій. Гэта дазваляе колеру станавіцца не толькі сродкам выразнасці, але ствараць прастору і глыбіню за кошт інтэрферэнцыйнага эфекту. За час творчай дзейнасці мастак правёў больш за 30 персанальнах выставак у краіне і за мяжой. Ягоныя творы ўпрыгожваюць залы Нацыянальнай філармоніі Украіны, знаходзяцца ў прыватных калекцыях далёка за межамі не толькі краіны, але і кантынента. І толькі сёння майстар атрымаў магчымасць выставіць свае работы ў Мінску. Больш за два дзесяткі палотнаў Крылова экспануюцца гэтымі днямі ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Дарэчы, выстаўка - здабытак не толькі Андрэя, але і музея: упершыню ў гэтых сценах дэманструюцца працы гомельскага мастака. Такім чынам, Крылоў паклаў першую цаглінку ў творчае супрацоўніцтва музея з горадам над Сожам. Творы мастака, прадстаўленыя на выстаўцы, на мой погляд, аб'ядноўвае нейкая стрыманасць, нават халоднасць, гэта тычыцца і палотнаў, напісаных у цёплым каларыце. Але, здаецца, толькі гэта і дазваляе ідэнтыфікаваць карціны як творы аднаго аўтара: усе яны вельмі розныя і па сюжэтах, і па тэхніцы выканання. Дарэчы, сам жывапісец тлумачыць гэта тым, што ў выставачнай зале сабраны работы розных перыядаў яго творчасці.