|
Кожны дзень тыдня будзе пазначаны сваёй музычнай фарбай. Так, каб пазбавіцца сіндрому "цяжкога панядзелка", арганізатары прапануюць паслухаць (разам з вядучай Марынай Ціхаміравай) лепшы сусветны джаз, прапанаваны Еўрапейскім вяшчальным саюзам. Па серадах плануюцца фальклорныя "вячоркі" з Таццянай Песнякевіч. Запісы, дарэчы, будуць самымі разнастайнымі, прадастаўленымі ўсё тым жа ЕВС: цягам верасня плануецца правесці гэткі агляд летніх фальклорных фестываляў. Чацвер, што лічыцца, бадай, самым напружаным працоўным днём тыдня, вырашана аддаць еўрапейскай класіцы (з каментарыямі Віктара Кісценя). А па аўторках і пятніцах у эфіры будуць рэгулярна з'яўляцца трансляцыйныя запісы беларускіх выканаўцаў, у тым ліку - самыя свежыя, зробленыя ўсяго некалькі дзён таму. Часам будуць весціся нават прамыя трансляцыі з Беларускай дзяржаўнай філармоніі. - Музычныя праграмы пад назвай "Канцэртная зала", - расказаў аўтар праекта, спецыяльны карэспандэнт Беларускага радыё В.Кісцень, - дапамогуць, найперш, тым людзям, якія цікавяцца навінамі музычнага жыцця, але з тых ці іншых прычын не могуць наведаць сталічную філармонію ці замежны фестываль. Вельмі хацелася б, каб, дзякуючы такім рэгулярным трансляцыям, у нас з'явілася больш прыхільнікаў музыкі розных жанраў. Сапраўды, многія музыканты і аматары старэйшых пакаленняў літаральна выхоўваліся на оперных трансляцыях, што калісьці вяліся з Вялікага тэатра ў Маскве. Дый Беларускае радыё ўвесь даваенны час жыло выключна на прамых музычных трансляцыях, у тым ліку аркестравых: менавіта ў жывым эфіры праходзілі тады ўсе прэм'еры беларускіх твораў. Сама ж ідэя выступленняў "з дастаўкай на дом" нарадзілася куды раней за канцэртныя залы. Апошнія з'явіліся толькі ў ХІХ стагоддзі, а дагэтуль заможная эліта слухала свецкую музыку, не выходзячы з палацаў, ці, наадварот, на ўлонні прыроды. Цяпер жа адчуць сябе Радзівіламі, якія заўсёды цікавіліся найноўшымі еўрапейскімі дасягненнямі, зможа кожны, хто ўключыць радыёпрыёмнік. Але гэта яшчэ не ўсё! - працягвае Віктар Міхайлавіч. - З кастрычніка ў межах "Канцэртнай залы" з'явіцца таксама свая "Гасцёўня". Раз ці два на месяц вечарыны будуць праходзіць непасрэдна ў студыі радыё. Сюды будуць запрашацца не толькі музыканты, якія выступяць у прамым эфіры, але і слухачы - з найбольш актыўныхпрыхільнікаў канала "Культура". Яны, дарэчы, змогуць задаць пытанні музыкантам, абмеркаваць пачутае - таксама ў прамым эфіры.
На фота: Пад час рэпетыцыі.