Нямецкія канікулы

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Сімфанічны аркестр Брэсцкага музычнага каледжа імя Р.Шырмы пад кіраўніцтвам Людмілы Жабінскай прыняў удзел у VI Міжнародным маладзёжным фестывалі класічнай музыкі ў нямецкім горадзе Кобург, што на поўначы Баварыі.

Гэта былі далёка не першыя адказныя выступленні студэнцкага калектыву: ён паспяхова ўдзельнічаў, да прыкладу, у Міжнародным фестывалі "Студзеньскія музычныя вечары", што традыцыйна праводзіцца ў Брэсце. І не першы замежны ваяж: летась аркестр запрашалі для ўдзелу ў адкрыцці Х Усяпольскага конкурсу скрыпачоў у Любліне, дзе наш калектыў, акрамя канцэрта адкрыцця, даў яшчэ тры сольныя выступленні. Запрашэнне ж на прэстыжны фестываль у Германію было атрымана акурат пасля той паездкі - і музыканты адразу пачалі рыхтавацца. Развучваць трэба было некалькі буйных твораў як класічнага рэпертуару, у тым ліку опернага, так і сучаснага: абсалютна невядомы ў нас Канцэрт для марымбы француза Эмануэля Сежурнэ. Справа ў тым, што аркестр быў павінен не толькі адкрыць фестываль сваім сольнікам, але і выступіць у наступных канцэртах у якасці калектыву, з якім будуць граць салісты з розных краін. Бо на фестываль з'язджаліся юныя таленты не толькі з Германіі, але і з Англіі, Аўстрыі, Ірландыі, Іспаніі, Латвіі, Расіі, Сінгапура, Украіны, Францыі, Чэхіі ды іншых краін. Усяго аркестр павінен быў акампаніраваць ажно 10-ці салістам, якія выконвалі творы найвышэйшага ўзроўню складанасці. Дадамо, што падрыхтоўка да фестывалю ішла паралельна з уласна вучэбнай праграмай аркестра.У навучальным годзе калектыў двойчы выступіў з сольнымі канцэртамі перад брэстчанамі, падрыхтаваў праграму дзяржаўных іспытаў па дырыжыраванні. Вядома, рэпетыцыі да фестывалю прадоўжыліся і на канікулах. Канцэрт адкрыцця стаўся, так бы мовіць, патройнай "візітоўкай": і самога фестывалю, і аркестра, і ўсёй нашай краіны, якую прадстаўляў калектыў. Таму ў праграму, акрамя сусветнай класікі, была ўключана музыка славутых беларускіх кампазітараў - Дзмітрыя Смольскага і Валерыя Іванова. Цёпла сустрэла публіка і выступленні нашых салістаў: скрыпачкі Наталлі Ланчук, флейтысткі Таццяны Наздрыной-Платніцкай, якія вучацца ў Брэсцкім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а таксама віяланчэлісткі Снежны Пракапчук, якая яшчэ вучыцца ў Брэсцкім музычным каледжы. Назаўтра ў газетах з'явіліся два вялікія артыкулы з ухваленнямі-захапленнямі, і мы канчаткова зразумелі, што канцэрт высока ацаніла не толькі шырокая публіка, але і спецыялісты. Гэтак жа шырока асвятляліся ўсе канцэрты фестывалю. У ігры нашага аркестра адзначалі прафесіяналізм, артыстычнасць, высокую культуру выканання, майстэрства кіраўніка і дырыжора калектыву Людмілы Міхайлаўны Жабінскай. Апошні канцэрт фестывалю з удзелам нашага аркестра адбываўся ў горадзе Радахталь, у храме, дзе і зараз працуе арган, на якім калісьці граў вялікі І.С. Бах. Уражанняў засталося шмат: і ўласна музычных, асабліва- ад ігры 30-гадовага сінгапурскага скрыпача Габрыэля Нг, і ад убачанага пад час экскурсій, у тым ліку па Берліне.

Ірына СТУПЕНЬ,

 намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Брэсцкага музычнага каледжа імя Р.Шырмы