Кадры, адгукніцеся!

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Дыяген праславіўся не толькі тым, што жыў у бочцы. У вольны ад філасофскіх разваг час ён з паходняй у руцэ нястомна шукаў асоб. Сёння ягоны шлях паўтарае дырэктар Максімавіцкага сельскага дома культуры Сяргей Шчэпка: ён таксама ўпарта шукае асобу. І не адну, а, як мінімум, дзве. Патрэбны СДК мастацкі кіраўнік і акампаніятар, а тое, што добры культасветнік — заўжды асоба, дырэктар установы і пад сумнеў не бярэ. Скончыў у свой час Інстытут культуры, цудоўна ўсвядоміў, што без спецыялістаў, здольных на перспектыўнае мысленне, вясковая культура будзе няўхільна гібець. І праблема жыццядзейнага кадравага патэнцыялу тычыцца, безумоўна, не толькі Клічаўскага раёна і не толькі Магілёўшчыны. Але душа Сяргея Шчэпкі баліць, зразумела, найперш за родную ўстанову.

 Прыехаў дырэктар у Мінск, наведаў упраўленне навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры, атрымаў слушную параду прадоўжыць пошукі асоб праз нашу газету. З гэтай мэтай і зайшоў днямі ў рэдакцыю "К". Вось што паведаміў:

 - Клічаўскі раён, як і сам райцэнтр, - невялікі. Хоць і знаходзіцца адносна непадалёк ад сталіцы, але дэфіцыт на кадры культуры адчувае вельмі востра. Не хапае спецыялістаў, якія валодалі б баянам, акардэонам, фартэпіяна... А ў нашых Максімавічах - увогуле бяда. Быццам, і вёска прыстойная, з аграгарадскім статусам і з якасна адрамантаваным СДК, але ў штаце ўстановы - толькі дырэктар. Не, ёсць пакуль і харэограф. Але ў мясцовай музычнай школе няма кіраўніка, і па ўсім відаць, з першага верасня стане наш харэограф, спецыяліст з вышэйшай адукацыяй, дырэктарам Максімавіцкай ДМШ. Так што, зноў застаюся ў адзіноце. Ці ж будзе аддача ад такой працы?!

Я запытаўся ў Сяргея Пятровіча: а як жа мэтавікі, кадравая прафарыентацыя, узаемакантакт з ВНУ і ССНУ рэспублікі? Дырэктар паціснуў плячыма: маўляў, мэтавікі, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю, сыходзяць у войска ці скараюць вышыні адукацыі вышэйшай; нетутэйшыя размеркаваныя спецыялісты да месца працы, як правіла, не дабіраюцца (мо Клічаў з Крычавам блытаюць?)... Прычыны, знаёмыя да болю.

Чым жа хоча прывабіць Сяргей Шчэпка будучых калег-аднадумцаў? Чым цікавыя Максімавічы ў сацыяльна-побытавым плане? Плюсаў і мінусаў дырэктар СДК не прыхоўваў. Хоць і не надта рэгулярныя транспартныя зносіны паміж вёскай і райцэнтрам (аўтобусныя маршруты ладзяцца далёка не штодня), але ёсць тут бадай што галоўнае: гарантаванае жыллё для культасветнікаў.

Сёлета, па словах кіраўніка СДК, для гэтых мэт арандуецца катэдж. Так што любы жадаючы атабарыцца ў вёсцы культасветнік прыедзе не на пустое месца. А ў наступным годзе КСВК "Калгас "Радзіма" здае ў Максімавічах два жылыя дамы, адзін з іх, па дамоўленасці з кіраўніком гаспадаркі Васілём Белым, будзе прапанаваны работнікам культуры. Сяргей Шчэпка хоча, каб гэта была сямейная пара, і вельмі спадзяецца, што хтосьці са спецыялістаў не-не - ды адгукнецца на такую прынаду, бо жытло - сучаснае, з усімі зручнасцямі. Маўляў, гэта Дыягену было ў бочцы зручна, а сёння падыходы да вырашэння кватэрнага пытання павінны быць кардынальна іншымі. Так што, асобы, адгукніцеся! Вас чакаюць у Максімавічах!

 * * *

У выніку знаёмства з кіраўніком Максімавіцкага СДК з'явіўся ў рэдакцыі чарговы адрас для чарговай журналісцкай камандзіроўкі. Базіс рэгіёна, зразумела, мацуецца не толькі матэрыяльна-тэхнічным, але і кадравым складнікам. Я звязаўся па тэлефоне з начальнікам аддзела культуры Клічаўскага райвыканкама Рыгорам Валжанковым. Сапраўды, не толькі ў Максімавічах існуюць вакансіі акампаніятараў, мастацкіх кіраўнікоў, іншых катэгорый культработнікаў. Мэтавікі ёсць, штогод накіроўваецца для паступлення да 6 чалавек, а паступаюць 2-3. І гэтага відавочна замала для таго, каб мясцовая культура пачувала сябе сапраўды "баяздольнай". Карацей, падстаў для больш дэталёвага знаёмства з кадравымі праблемамі ў сферы культуры Клічаўшчыны больш чым дастаткова. Але пра гэта - праз час.