Эх, ніхто мяне не любіць!

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

Існуе такі “чорны” журналісцкі гумар. Маўляў, навошта ўкладваць грошы ў вытворчасць? Там і фінансаванне патрабуецца немалое, і вынікаў давядзецца чакаць не адзін дзень. Куды больш “рэнтабельна” ўкласці хаця б невялічкую частку тых грошай у СМІ — і літаральна на наступны дзень яны распішуць вашы “вытворчыя вынікі” так, што вы і самі будзеце гатовы ў іх паверыць: вось яна, сіла друку! Няблага было б, каб нашы дзеячы культуры калі-нікалі ўзгадвалі гэты анекдот. Можа, менавіта такі “несур’ёзны” падыход да сур’ёзнай тэмы — творчасць і яе адлюстраванне ў прэсе — падштурхне іх да больш актыўнай папулярызацыі ўласных дасягненняў. Бо часам ажно крыўдна бывае: ну чаму таленавітыя музыканты-класікі (дарэчы, класікі ва ўсіх сэнсах) не ўмеюць належным чынам прадставіць тое, чым яны займаюцца, шырокай аўдыторыі? На музычнай мове — калі ласка, “гутараць” без праблем. А давесці хаця б мінімальную інфармацыю пра тое, дзе і як выступілі, што новага стварылі — не, ніяк. І пры гэтым не стамляюцца скардзіцца: эх, не заўважаюць мяне спадары журналісты!

Я намалюю ваш партрэт

Непаразуменні пачынаюцца ўжо на ўзроўні таго, што такое "ідэальны крытык" для дзеячаў культуры - і што такое "ідэальны музыкант" для журналістаў. Збіральны партрэт "ідэальнага крытыка", намаляваны музыкантамі, - гэта пастаянны наведвальнік іх канцэртаў, які не стамляецца піарыць пачутае і ўбачанае. Але ж на тое "пастаяннае наведванне" ніякага журналісцкага заробку папросту не хопіць. На некаторых прэс-канферэнцыях на пытанне: "Як трапіць на канцэрт, пра які вы расказалі?" - усё часцей даводзіцца чуць: "А ніяк. Усе квіткі распрададзены". Ці: "Гэта камерцыйнае мерапрыемства". Ці нават: "А навошта вам гэта? Ваша справа - праансаваць". Чаго ж тады потым жаліцца, што жанр рэцэнзіі знікае? Ці - трансфармуецца ў "пераказ сюжэта", зроблены постфактум. Музычных крытыкаў, прабачце, таксама трэба выхоўваць. І не толькі ў сценах навучальных устаноў, але і пастаяннай практыкай. Калі той жа будучы будаўнік некалькі месяцаў праводзіць "на практыцы", ён атрымлівае за гэта якія-ніякія грошы. Тут жа за "практыку" давядзецца плаціць самім. Ці ўсялякі на гэта пагодзіцца? Але калі раптам і з'явіцца той "ідэальны варыянт" дасведчанага аматара, усё роўна наўрад ці ён задаволіць нашых творцаў. Чаму? Замест адказу "пахвалюся", як ужо двойчы атрымлівала прыблізна такія прапановы ад кампазітараў: - А давай ты будзеш маім музыказнаўцам! - Гэта як? - Ну, будзеш пісаць пра кожную маю прэм'еру. - Дык я і цяпер гэта раблю. - Але ты не будзеш больш пісаць ні пра кога!.. Таму "ідэальны музыкант" вачыма журналіста - гэта чалавек, найперш, спагадлівы і ўраўнаважаны, які не пачынае сваю "тронную прамову" з пырскання слінаю на ўвесь белы свет, а адэкватна "кантралюе сітуацыю". І, галоўнае, можа ўцямна расказаць тое, што хацеў. Прадбачу непагадненне творцаў: маўляў, кожны павінен займацца сваёй справай! Цалкам згодная. Але на сёння ўменне выкласці сваю думку (у тым ліку - словамі) - частка любой творчай прафесіі. Дарэчы, музыканты-эстраднікі зразумелі гэта даўно.

 Псіхатэрапеўт "па сумяшчальніцтве"

 Што ж да журналістаў, дык кім ім толькі ні даводзіцца быць "па сумяшчальніцтве"! Нават прыём такі існуе: карэспандэнт змяняе прафесію. Але пры стасунках з творцамі ім часцей за ўсё выпадае "перакваліфікоўвацца" ў... псіхатэрапеўтаў. Бо акрамя тых музыкантаў, з якіх слова не выцягнеш, ёсць і супрацьлеглы тыпаж - чалавека, які замест адказу на любое пытанне пачынае расказваць табе ўсё сваё жыццё. І па некалькі разоў запар. А лейтматывам такой прамовы становіцца нават не ўласная творчасць, а ўсё тая ж скарга: бедны я, няшчасны, ніхто мяне не любіць! Але, пагадзіцеся, не кожны захоча сустрэцца з гэткім "нудоцікам" яшчэ раз. Дый калег сваіх перасцеражэ ад такога галаўнога болю.

А ў нас на кухні - джаз. А ў вас?

 Адна з неабходных журналісцкіх якасцей - уменне здабываць інфармацыю, нават, калі спатрэбіцца, праводзіць сваё "незалежнае расследаванне". Але ці трэба прымушаць іх праводзіць тыя "расследаванні" там, дзе можна проста прадставіць інфармацыю? Абсалютна незасакрэчаную, самую станоўчую, звязаную з чарговымі творчымі здабыткамі нацыянальнай культуры. Прадстаўнікі шоу-бізнесу, асабліва - расійскага, добра ведаюць: калі хочаш, каб пра цябе загаварылі, патрэбна нейкая інфармацыйная падстава. А няма яе - значыць, трэба знайсці: не ў творчасці, дык у асабітым жыцці. Вось і прыдумваюць яны ўсё сабе новыя ды новыя "падзеі": закахаліся, ажаніліся, развяліся. А ў нашых акадэмічных музыкантаў што ні канцэрт - то новая адметная праграма, паспяховыя выступленні. І ўсё гэта - моўчкі, быццам "засакрэчана". Затое потым пачынаецца: вось, мы такія таленавітыя, а ніхто пра нашу перамогу не напісаў, ніхто не павіншаваў... Ды яшчэ параўнанні праводзяць: маўляў, калі мы сталі лаўрэатамі замежнага конкурсу, тамтэйшая прэса звярнулася да нас па інтэрв'ю, а прыехалі дадому - нікому мы не патрэбны, ніводная газета не папрасіла падзяліцца ўражаннямі ад паездкі. Ну, даруйце, не правялі журналісты тое "расследаванне", не "пранюхалі". Дык, можа, трэба было ім крыху "дапамагчы"? Не, не трэба рабіць за іх працу - дастаткова проста інфармаваць. Бо чым больш у мас-медыя інфармацыі, тым больш магчымасцей закцэнтаваць найбольш важныя падзеі. Тая ж Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі рэгулярнадасылае ледзь не ва ўсе рэспубліканскія СМІ інфармацыю пра сваіх пераможцаў міжнародных конкурсаў. Абласныя ж навучальныя ўстановы і філармоніі абмяжоўваюцца, відаць, рэгіянальнай прэсай. Яно, можа, і няблага, ды толькі не трэба потым жаліцца, што зноў "перыферыю" не заўважаюць.

 Пайшлі туды - не ведаю, куды

А між тым, рэкламныя аддзелы, ці аддзелы па сувязях са СМІ, ці проста супрацоўнікі, адказныя за гэтую галіну, сёння ёсць практычна ва ўсіх установах культуры. Часам для гэтага не патрабуецца нейкая спецыяльная пасада ці "асабісты сакратар" для кожнага творцы. Бо ўсё, што трэба - гэта давесці да СМІ "што, дзе, калі" і кантактныя тэлефоны для больш падрабязнай інфармацыі. Але і з гэтым, на жаль, бываюць праблемы. Той жа жнівень звычайна менш багаты на канцэртна-фестывальныя падзеі глабальных маштабаў. У пошуках навін газетчыкі пачынаюць абзвоньваць ледзь не кожнага творцу і калектыў: можа, ёсць што цікавага? І часам адбываюцца прыблізна такія дыялогі: - Не, у нас усё ціха: усе - на гастролях. - Дык гэта цудоўна! А дзе? - Ой, дзесьці ў Германіі, здаецца. Ці ў Аўстрыі. А можа, у Швейцарыі? Карацей, дзесьці там, на нейкім фестывалі. - А на якім? - Ну, нейкая назва такая, замежная... Вы пачакайце: яны вернуцца - усё раскажуць. - А калі вернуцца? - Казалі, быццам у канцы месяца... Я не памятаю дакладна! А навошта вам гэта? Вы не хвалюйцеся: у пачатку сезона, пэўна, будзе прэс-канферэнцыя, там усё і раскажуць...

Тры месяцы - не тры гады

 Звычайна так і бывае: абяцанай інфармацыі чакаюць не тры гады, а "ўсяго" тры месяцы. І, пры добрым збегу абставін, у новым сезоне, ужо ўвосень, журналісты чуюць узнёслыя прамовы пра тое, як цудоўна выступілі нашы артысты на пачатку лета ці, здараецца, яшчэ раней. Вельмі "свежая", прабачце, інфармацыя. Тое ж самае бывае з прапанаванымі для газеты матэрыяламі. Званок у рэдакцыю: - У нас радасная падзея: наш калектыў адзначаны на замежным фестывалі! Можам вам пра гэта напісаць. - Калі? - Ну, тыдні праз два, думаю. - А калі сам фестываль праходзіў? - Нядаўна: месяц таму... А трэба ж яшчэ ўлічваць некаторыя рэдакцыйныя асаблівасці. Ну не змясцілася нейкая рэгіянальная інфармацыя, саступіўшы месца больш маштабным падзеям! Але калі яна была даслана "датэрмінова", у яе ёсць шанц з'явіцца на старонках друку з усяго адным змененым слоўцам: замест "адбудзецца" - "адбылося". А калі і сапраўды ўсё было - ажно "летась"?.. Каментарыі, як кажуць, залішнія. Ну, а тое, якую інфармацыю ўтрымліваюць афіцыйныя сайты некаторых творчых калектываў і ўстаноў культуры, і тое, наколькі часта яна абнаўляецца, увогуле патрабуе асобнага разгляду. Да нядаўняга часу ў якасці перадавога прыкладу можна было прывесці сайты (і, адпаведна, працу рэкламных аддзелаў) Беларускага балета і Беларускай оперы. Бо ўсё трымалася на вельмі дасведчаных спецыялістах. Тая ж Таццяна Аляксандрава, якая выхоўвае немаўля, і цяпер, пад час дэкрэтнага адпачынку, аказваецца для журналістаў простатакі незаменнай, бо ніхто не валодае такой поўнай інфармацыяй пра ўсё і ўсіх, як яна. Што ж да іншых сайтаў, дык, падобна на тое, спазненне і недахоп неабходнай інфармацыі, разнастайныя недакладнасці становяцца ледзь не нормай: часам можна знайсці блытаніну ў назвах, датах, пасадах, ганаровых званнях - ва ўсім, чым заўгодна (а часам - і ўвогуле нічога не знайсці: інфармацыя з'явіцца тады, калі яна, "пазалеташняя", ужо нікому не будзе патрэбная). Але ж калі тыя памылкі растыражуюцца на старонках прэсы, "крайнімі", як водзіцца, зноўтакі стануць "недасведчаныя" журналісты: маўляў, давярай - ды правярай.

Кветкі-ягадкі-білеты і залатая сярэдзіна

 Яшчэ адзін бок (і, прабачце, адна з асноўных мэт) любога піара - гэта не проста "распаўсюджванне інфармацыі", але і садзейнічанне, так бы мовіць, распаўсюджванню білетаў. Іншымі словамі, публікацыі - гэта так, "кветачкі", а ў ролі "ягадак" - як ні круці, прададзеныя квіткі. Сталічная філармонія, да прыкладу, знайшла такое выйсце: хочаш правесці канцэрт на філарманічнай сцэне - распаўсюджвай білеты. Іншымі словамі, выратаванне тапельцаў - справа рук саміх тапельцаў. А між тым, адзін з асноўных законаў тэорыі вынаходніцтва, якім апошнім часам стала модна карыстацца ў навуцы, - гэта перанясенне здабыткаў адной галіны ў другую. З некаторымі "папраўкамі", вядома! Паглядзіце, што робяць вытворчыя прадпрыемсты і крамы дзеля зацікаўленасціпакупнікоў у сваёй прадукцыі: скідкі, акцыі, рэкламныя гульні... Ці - што робяць аператары сотавай сувязі, асабліва "маладыя", якім даводзіцца "адваёўваць" сабе месца на ўжо, здавалася б, "занятай" прасторы: пашырэнне паслуг, сеткі крам, узнікненне вулічных прадаўцоў і "зазывалаў" перад імі - усё, каб зрабіць падключэнне максімальна простым і даступным. Міжволі ўзнікаюць паралелі з акадэмічнай музыкай, якой на сёння таксама даводзіцца "адваёўваць" месца, занятае адно папсой у галовах і сэрцах часткі моладзі. Чаму б не выкарыстаць (з папраўкамі!) штосьці з ужо распрацаванага ў іншых сферах арсенала? Штосьці, зразумела, ужо зрушылася: тая ж філармонія часам стала вырабляць даволі прыцягальныя, сучасныя па дызайне, афішы. Майстэрствам піару добра валодае маэстра Аляксандр Анісімаў, які зараз кіруе Дзяржаўным сімфанічным аркестрам Беларусі. Усё новымі "разыначкамі" штораз здзіўляў Пётр Вандзілоўскі, узначальваючы Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі. Дзякуючы творчым ідэям Ларысы Сімаковіч, у гэткае "элітнае шоу" ператвараюцца апошнім часам канцэрты ансамбля "Класік-Авангард" на чале з Уладзімірам Байдавым. Звярніце ўвагу: усё гэта - ініцыятывы саміх творцаў, а не тых, хто, здавалася б, павінен ім у гэтым дапамагаць. Вось і кампазітар Уладзімір Кур'ян - захацеў правесці творчы вечар, адзначыўшы сваё 55-годдзе, і цягам ужо некалькіх месяцаў толькі гэтым і займаецца: выпрацоўвае канцэпцыю, арганізоўвае артыстаў, распаўсюджвае выкупленыя ў філармоніі білеты. Але ж ці ўсе нашы творцы - яшчэ і прадзюсеры? Вось і выбірае кожны з іх, на што час скарыстаць: на творчасць - ці на сваю папулярызацыю. А "залатая сярэдзіна", здавалася б, зусім побач: ад творцаў - творчасць і інфармацыя пра яе, усё ж астатняе - ад прафесійных (падкрэслю гэтае слова) менеджэраў і журналістаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"