Няздзейсненыя палёты беларускай анімацыі

№ 35 (903) 29.08.2009 - 04.09.2009 г

“А может быть, ворона, пампарам-пам-пам-пам-пам...” — вось ужо амаль цэлае лета мой шлях на працу суправаджаецца хітом культавага мультфільма “Пластылінавая варона”. Чакаючы цягнік на платформе метро, назіраючы на імправізаваным экране за чарговымі пластылінавымі трансфармацыямі, я міжволі “паглынаю” чарговы рэкламны ролік, каб потым зноў вярнуцца да ўлюбёнага “...но тоже хорошо”. Тое, што мультфільм “вывучылі на памяць” большасць пасажыраў метро — для мяне не падлягае сумневу. Але ж не гэтае, вельмі адноснае, дасягненне натхніла мяне на напісанне праблемнага артыкула, а фантазія трошачкі іншага кшталту: а што, калі б на “гэтым самым месцы” былі беларускія мультфільмы, якіх амаль не ўбачыць ні па тэлебачанні, ні ў кінатэатрах? Дзе яны “хаваюцца”? І чаму “не выходзяць пакрасавацца” нават у метро? На гэтыя пытанні і захацелася знайсці адказы.

 /i/content/pi/cult/224/2940/4-1.jpg
 /i/content/pi/cult/224/2940/4-2.jpg

Terra incognita: Belarussian animation

Айчынная мультыплікацыя, якая заваёўвала і заваёўвае прызы на міжнародных фестывалях анімацыі, для звычайнага гледача, на жаль, пакуль застаецца тэрыторыяй невядомай. "Ведаю, штосьці на кінастудыі выпускаецца, але нічога так і не бачыла", - адказала мне на агульнае пытанне наконт беларускіх анімацыйных стужак дзяўчына, якую я спыніла на вуліцы. "Не ведаю", "нічога не чуў", усмешка ды пацісканне плячыма - найбольш папулярныя адказы абывацеляў. Так, сустрэлася адна дзяўчына, якая дасведчана падзялілася: "Я ведаю мультфільмы Ірыны Кадзюковай. Аднойчы наведала ейны творчы вечар у адным са сталічных кінатэатраў, і была ўражана яе работамі". Адна "прасунутая" пара назвала прозвішча аніматара Аляксандра Ленкіна, хтосьці ўзгадаў Ігара Волчака, але гэтыя адказы выглядалі, хутчэй, "выключэннем з правілаў", чым упэўненым трэндам "Ведай нашых!". Айчынная анімацыя, што з'яўляецца адным з прызнаных брэндаў кінастудыі "Беларусьфільм", ва ўяўленні спажыўцоў паўстае як абстрактны міф, які ні развянчаць, ні распаўсюдзіць. З адной простай прычыны: яе амаль ніхто не бачыў. Ну і што, што толькі ў 2009 годзе мультфільм Міхаіла Тумелі "Беларускія прымаўкі" атрымаў прыз за лепшае выяўленчае рашэнне на Адкрытым расійскім фестывалі ў Суздалі; што шматлікіх станоўчых ацэнак была ўдастоена сумесная праца нашых кінематаграфістаў "Аповесць мінулых гадоў"; што тую ж Ірыну Кадзюкову запрашаюць у журы самых прэстыжных міжнародных анімацыйных конкурсаў... Усе гэтыя факты, якія пэўны час мусіруюць СМІ, праз суткі раствараюцца ў паветры. Бо не знайсці ў рэальнасці галоўнага: твораў нашых зорак анімацыі. Дык чаму ж так адбываецца?

Беларускія казкі народаў Расіі

- Кінапракатныя арганізацыі ўсё ж набываюць нашы мультфільмы, - адказалі мне ў аддзеле рэалізацыі і рэкламы "Беларусьфільма". - У прыватнасці, за 2007 - 2009 гады імі ў нас было закуплена каля 20 кінакопій і 70 DVD-копій для публічнага прагляду. Прапаноўваецца наша анімацыя і Беларускаму тэлебачанню, але яно чамусьці не зацікаўлена ў набыцці і паказе айчынных мультфільмаў. - Наша анімацыя рэгулярна дэманструецца на спадарожнікавым канале "Беларусь-ТБ", - удакладняюць у аддзеле. - У адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта мы абавязаны каналу прадастаўляць для паказу на бясплатнай аснове мультыплікацыйныя стужкі. Знайсці прадукцыю анімацыйнай студыі "Беларусьфільма" можна і на DVD, адказалі яе маркетолагі, але ж гэта, як высветлілася, прадукт расійскай вытворчасці. - Беларускія дыстрыб'ютэры, на жаль, не зацікаўлены ў распаўсюджванні нашай анімацыі, - зноў чую знаёмы адказ. - Але, дзякуючы расійскім кампаніям, пакупнік можа адшукаць беларускія мультфільмы ў крамах. Дзеля цікаўнасці іду ў спецыялізаваныя крамы і праглядваю паліцы. Так, у зборцы мультфільмаў серыі "Гора самоцветов" знаходжу стужкі Марыі Карпавай, Ірыны Кадзюковай. "Перад сабой вы трымаеце зборнік казак народаў Расіі", - пазначана ў анатацыі да в я д о м а г а цыкла. Мякка кажучы, гэткая своеасаблівая наяўнасць у а с а р т ы м е н ц е беларускага анімацыйнага кіно крыху сапсавала мой настрой. Атрымліваецца, што прафесіяналізм нашых аніматараў годна ацэньваецца суседзямі і працуе на карысць нацыянальнай ідэі суседняй дзяржавы. А што ж нашы нацыянальныя амбіцыі? - Ці ёсць у вас беларуская зборка "Аповесць мінулых гадоў"? - пытаюся ў прадаўцоў-кансультантаў. - Упершыню чуем, - адказалі ў краме.

 Дарослая эканоміка дзіцячага кіно

 - Справа ў тым, што айчынныя фірмы-дыстрыб'ютэры вымушаны самі рабіць тыраж і паліграфію, - тлумачаць маркетолагі "Беларусьфільма". - Кінастудыя пакуль не мае адпаведнага абсталявання для прамысловага вырабу дыскаў. Чаму беларускія распаўсюджвальнікі знаходзяцца ў больш складаным становішчы, у параўнанні з тымі ж расійскімі кампаніямі? Таму што іх рынак збыту - звычайна, толькі Беларусь. Больш рызыкі, што тыраж не разыдзецца, значныя выдаткі на выраб прадукцыі - гэта тыя прычыны, што астуджаюць пыл айчынных кампаній. І таму сёння ў нас, у асноўным, купляюць правы на паказ беларускай анімацыі расійскія фірмы, што і валодаюць адпаведнымі магчымасцямі, каб зрабіць вялікі тыраж, і таксама маюць вялікі арэал распаўсюджвання, неабходны для таго, каб акупіць выдаткі. Яны тыражуюць фільмы не толькі на тэрыторыі Расіі, але і ўсёй СНД. А калі наклад разыходзіцца, і кампанія, і мы маем выгаду. - А кінастудыя "Беларусьфільм" не плануе ўзяцца за распаўсюджванне свайго ўласнага прадукту? - Вядома ж. Пасля завяршэння рэканструкцыі студыі ў нас будзе абсталяванне ўсяго вытворчага цыкла. Сёння набываюцца адпаведныя машыны. У планах - і выраб пробнага тыражу, і выпуск "залатой серыі" айчынных мультфільмаў. Але пакуль нашы сілы сканцэнтраваны менавіта на вытворчасці. Пазіцыю кінастудыі - "лічыць грошы" - натуральна, зразумець магчыма, але ж калі тады беларуская анімацыя будзе "лічыць", "збіраць" славу, якая ідзе першай за любыя сродкі? Славу, якая, па сутнасці, і з'яўляецца галоўным складнікам папулярнага (рэнтабельнага) прадукту?

 "Беларускія прымаўкі" замест "Тома і Джэры"

/i/content/pi/cult/224/2940/4-3.jpg
 /i/content/pi/cult/224/2940/4-4.jpg

 - Добры дзень! Выбачайце, гэта вас турбуюць з газеты. Звяртаюся да вас з незвычайным пытаннем. Ваша фірма круціць мультфільмы ў метро. Ці з'яўляецца прынцыповым для вас тое, чыёй вытворчасці стужка? Скажам, вы пагадзіліся б дэманстраваць беларускія мультфільмы? - мой эксперымент набірае абароты. - У прынцыпе, не мае аніякага значэння, хто вытворца, - адказвае прыемны жаночы голас. - Для нас істотна, каб мультфільм быў дынамічным, каб яго можна было б разумець без гуку. Таму ставілі вось апошнім часам "Пластылінавую варону", "Тома і Джэры"... Калі ласка, калі вы ведаеце беларускі м у л ьт ы п л і к а ц ы й н ы фільм, які адпавядае гэтым якасцям, можна паспрабаваць. Чаму б і не? - Тая ж "Аповесць мінулых гадоў" пра беларускія гербы мае невялічкія раздзелы, - адразу называю я. - Таксама ідэальны варыянт - анімацыя "Беларускія прымаўкі", якая складаецца з зусім маленькіх частак. Мая суразмоўніца, выконваючы абавязкі дырэктара рэкламнай фірмы Алена Малафей, пагадзілася нават сустрэцца, каб паглядзець "кандыдатаў". Але раптам высветліліся пэўныя нюансы. - Гэтае пытанне патрабуе адпаведных перамоў. І кампанія мусіць звярнуцца да нас і аформіць усё належным чынам, - адказалі мне ў аддзеле рэалізацыі і рэкламы "Беларусьфільма", калі прапанавала дзейсны варыянт папулярызацыі беларускай анімацыі. - Але калі фірма возьмецца круціць у метро беларускія стужкі, яна павінна будзе заплаціць кінастудыі ўзнагароджанне за правы на паказ. Інакш, калі мы прадаставім фільмы бясплатна, аўтарскія адлічэнні мусіць рабіць студыя. Мой энтузіязм пачынае згасаць на вачах. Натуральна, рэкламнай фірме прасцей купіць дыск і паставіць для прагляду, без усялякіх узгадненняў, "Пластылінавую варону", чым вылучыць у асобную графу расходаў выдаткі на набыццё правоў на паказ айчыннага мультфільма. Тым не менш, падымаю трубку і набіраю нумар. - Паказваць мультфільмы на платнай аснове - гэта не ў нашых інтарэсах, - прадказальна адказвае Алена Малафей. - Звычайна нам плацяць, каб мы паказвалі ролікі, а не наадварот. Дзеля папулярызацыі айчыннага кіно мы планавалі ў якасці сацыяльнай рэкламы паказваць бясплатна беларускія мультфільмы. Плаціць за паказ мы не згодны.

Дыскі - будуць! А кіно?

- У перспектыве - распрацоўка ідэй па распаўсюджванні DVD з айчыннай прадукцыяй, - супакойваючы, раскрываюць мне карты ў аддзеле рэалізацыі і рэкламы. - А калі працэс будзе наладжаны, тады мы зможам даваць дыстрыб'ютэрам дыскі на рэалізацыю. І гэта, мяркуем, задаволіць абодва бакі. Ім не трэба будзе траціцца на выраб дыскаў, а нам, адпаведна, будзе прасцей знайсці партнёраў. Сёння на студыі анімацыйнага кіно ў запуску знаходзяцца фільмы Аляксандра Ленкіна "Стары і ластаўка" і Алены Пяткевіч "Аднойчы, пад Новы год". Шмат размоў вялося і пра запуск наступнага блока серыі "Аповесць мінулых гадоў" і новага цыкла "Легенды Беларусі". Аднак праекты так і не былі запушчаны. - Пакуль што запуск гэтых серый адкладзены з-за асабістых праектаў аніматараў, - кажа дырэктар студыі мультыплікацыйных фільмаў Сяргей Сычоў. - Але ў пачатку наступнага года, калі вырашацца ўсе фінансавыя пытанні, "Аповесць мінулых гадоў" атрымае працяг. Але, калі трошкі ўнікнуць у дарослую эканоміку, можна ўгледзець і іншыя прычыны. Цудоўная серыя "Аповесць мінулых гадоў", над якой з такім задавальненнем працавалі айчынныя аніматары і якую так цёпла сустрэла крытыка, так і засталася ляжаць на паліцах "Беларусьфільма". Каля 20 кінакопій і 70 DVD-копій для публічнага прагляду, якія прадала студыя кінапракатным арганізацыям, - гэта вынік, але, на жаль, вынік, які не мяняеагульнай карціны. І калі б я была аніматарам, то абавязкова задумалася, што мне рабіць далей: працаваць над фільмам, які хоць у зборцы расійскага кіно, але ўсё ж убачыць глядач, або - над часткай беларускай серыі, якая пакуль чакае свайго выхаду на папулярным носьбіце? І нават на экраны ў метро яна трапіць пакуль "у далёкай перспектыве"...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"