“Уся яе віна — што яна кахае мяне”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Беларуская муза Аляксандра Скрабіна Пра яе згадвалі практычна ўсе ягоныя сучаснікі, блізкія да класічнай музыкі. Па меркаванні адных, другая жонка кампазітара была разлучніцай, іншыя, наадварот, бачылі ў ёй каханую жанчыну і паплечніцу Аляксандра Скрабіна. Сёння пра гэта, можа, не варта было і прыгадваць, калі б не адзін момант: другая жонка знакамітага творцы Таццяна Шлёцэр была нашай зямлячкай.

 У яе сям’і заўсёды цікавіліся мастацтвам, літаратурай і музыкай, свабодна валодалі рознымі мовамі. Дзеці Шлёцэраў — Барыс, які нарадзіўся ў Віцебску ў 1881 годзе, і Таццяна, што нарадзілася праз два гады, атрымалі ў спадчыну ад маці талент і цікавасць да музычнага мастацтва. Барыс Фёдаравіч набываў музычную адукацыю ў Бруселі, затым у парыжскай Сарбоне вывучаў тэорыю музыкі. У 1901 годзе, вярнуўшыся дамоў, пазнаёміўся з Аляксандрам Скрабіным і на ўсё жыццё застаўся яго вялікім сябрам, адным з першых і самых аўтарытэтных біёграфаў. Праз год ён пазнаёміў з кампазітарам і сваю сястру.

“У лістападзе 1902 года мы з братам былі ў Маскве, дзе разам і пасяліліся, — прыгадвала пасля Таццяна. — Я з глыбокім хваляваннем чакала знаёмства з Аляксандрам Мікалаевічам. Ён прыйшоў да нас у першы раз чамусьці пазней, чым разлічваў: а палове на 10-ю вечара. Адразу ж завязалася жывая, цёплая гутарка.

Аляксандр Мікалаевіч сеў па нашай просьбе за раяль, а мы слухалі з захапленнем і ўсё прасілі яго граць яшчэ...”

Аднак, па правілах, пазней за 11 гадзін шумець забаранялася, таму Скрабін “прапанаваў, калі ўжо нам так хочацца паслухаць яшчэ, пайсці да яго. Так мы і зрабілі: адправіліся неадкладна да Аляксандра Мікалаевіча, які граў потым яшчэ ў сябе гадзін да дзвюх ночы. І гэта — у першы ж дзень знаёмства!”

Таццяна Фёдараўна была чалавекам музычна адораным, здольным зрабіць паспяховую кар’еру і піяністкі, і кампазітара. У 14 гадоў, пазнаёміўшыся з творамі А.Скрабіна, яна была ад іх у захапленні і выконвала пад час аматарскіх канцэртаў, не звяртаючы ніякай увагі на іншых аўтараў. Невыпадкова іх супрацоўніцтва і сяброўства хутка перараслі ў сур’ёзнае пачуццё, і ў лютым 1904 г. Скрабін у лісце да свайго сябра паведамляў пра намер стварыць новую сям’ю. Яны сталі жыць разам, нягледзячы на тое, што першая спадарожніца жыцця кампазітара, Вера Іванаўна, развод мужу не давала.

Даведацца пра пачуцці кампазітара да Таццяны Шлёцэр можна з лістоў Скрабіна да сяброў, у якіх ён так адгукаўся пра нашу зямлячку: “Вы зусім не зразумелі, хто яна для мяне і хто яна сама па сабе. <...> Гэта высокая асоба, з блізкіх стасункаў з якой усякі развіты чалавек выносіць толькі зачараванне. Але не ў гэтым справа. Хто б яна ні была, яна — мая каханая жонка. <...> Яна дае мне велізарнае шчасце <...>. Яна ў такой ступені прасякнута маімі мэтамі і маёй творчасцю, так дапамагае мне ва ўсім...” А тым, хто не ўхваляў яго ўчынак, тлумачыў праз некалькі гадоў: “Уся віна Тані толькі ў тым, што яна кахае мяне, як Вера і думаць не магла пакахаць”.

Жылі закаханыя ў Маскве. У кастрычніку 1905 г. у іх нарадзілася дачка Арыядна, праз тры гады — сын Юльян, у 1911 г. яшчэ адна дачка — Марына. Малодшая дачка стала вядомай музыказнаўцай і мастацтвазнаўцай. Юльян, таксама таленавіты ў музыцы, на жаль, у 11гадовым узросце патануў у Дняпры. Трагічна склаўся лёс і старэйшай дачкі кампазітара. Пасля смерці маці ў 1922 г. бабуля вывезла яе за мяжу. А праз дваццаць гадоў, пад час Другой сусветнай вайны, ужо як маці траіх дзяцей, Арыядна Скрабіна прымала ўдзел у французскім Супраціўленні, была схоплена фашыстамі і расстраляна.

Сама ж Таццяна Фёдараўна сябравала з многімі вядомымі людзьмі. Арыядна Эфрон, дачка Марыны Цвятаевай, прыгадвала, як “у першыя гады рэвалюцыі Бальмант і Марына выступалі ў адных і тых жа дамах. Вельмі часта яны бывалі ў добрай знаёмай Марыны — Таццяны Скрабінай — удавы кампазітара, прыгожай, грацыёзнай жанчыны, у якой збіралася кола людзей, неабыякавых да мастацтва”.

У першыя гады савецкай улады па распараджэнні А.Луначарскага на апошнюю кватэру А.Скрабіна, замацаваную за яго сям’ёй, была выдадзена ахоўная грамата. У гэты ж час Таццяна Фёдараўна з вялікім запалам узялася за стварэнне музея. Аднак некалькі месяцаў не дажыла да ўрачыстага моманту яго адкрыцця, памерла ў 1922 годзе.


На здымках: Аляксандр Скрабін з Таццянай Шлёцэр; Таццяна Фёдараўна з дзецьмі.