Наступная станцыя... “Замчышча”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

6 метраў да сталічнай гісторыі Варта толькі спусціцца на некалькі метраў углыб, як мінуўшчына імгненна ажывае: сваю справу робяць рэшткі старадаўніх абарончых умацаванняў, якія аднаўляюць атмасферу беларускага княства ХІІ стагоддзя. Каб здзейсніць такое далёка не віртуальнае падарожжа, карэспандэнт “К” чарговы раз паўдзельнічаў у археалагічных раскопках. Сёння гэта — старажытны Мінск.

 Напачатку прыгадаем некалькі фактаў з гісторыі даследавання цэнтра беларускай сталіцы. Першыя дакументальныя звесткі пра археалагічныя знаходкі на тэрыторыі Мінскага замчышча і вакол яго адносяцца да ХІХ стагоддзя. Сярод тагачасных адкрыццяў: прадметы Антычнасці, у тым ліку старажытныя манеты, бронзавыя статуэткі. Праз стагоддзе, у 1984 годзе, былі распачаты маштабныя раскопкі на месцы катлавана станцыі метро “Няміга”. Тады за некалькі гадоў археолагамі было знойдзена больш за 25 тысяч цікавых артэфактаў.

Зараз надышоў час як падагуліць ранейшыя гістарычныя факты, так і сабраць новыя звесткі, што дапамогуць у музеефікацыі старажытнага Мінскага замчышча ХІІ стагоддзя. З гэтай нагоды сёлета і працягваюцца археалагічныя раскопкі каля ўсё той жа Нямігі: на месцы Брамы і абарончых валоў.

Сёння, па словах загадчыка аддзела археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандра Мядзведзева, ужо існуе эскізны праект Мінскага замчышча. Чакаецца, што ў хуткім часе гісторыкі яго дапрацуюць і перададуць архітэктарам для рэалізацыі задумы па стварэнні гісторыка-археалагічнага цэнтра. Сюды, дарэчы, уваходзіць аднаўленне ў першапачатковым выглядзе гарадскіх вуліц, майстэрняў рамеснікаў, часткі землянога вала з умацаваннямі, замкавай брамы.

Дарэчы, менавіта высвятленне архітэктурна-будаўнічага прынцыпу ўязной брамы Мінскага замчышча, вышыня якой магла дасягаць 12 метраў, лічыцца адным з самых важных адкрыццяў раскопак дваццацігадовай даўніны. Дзякуючы сёлетняй працы археолагаў, якім актыўна дапамагаюць студэнты-гісторыкі, зараз можна ўбачыць рэшткі канструкцый Брамы, частак збудаванняў дзядзінца, які з’яўляўся нехарактэрным для сваёй эпохі. Хаця б тым, што размяшчаўся цэнтр горада на забалочанай тэрыторыі паміж Нямігай і Свіслаччу, суседства з якімі цяпер істотна ўскладняе раскопкі. У той жа час менавіта гэтая акалічнасць — у прыватнасці, высокая вільготнасць і адсутнасць доступу кіслароду — паспрыяла добрай захаванасці драўляных прадметаў. А часам можна назіраць за такой цікавай карцінай: знойдзены зялёны лісточак, “закансерваваны” цягам стагоддзяў, пад уздзеяннем паветра і сонца імгненна ператвараецца ў пыл. Таму, каб абараніць драўляныя канструкцыі, у бліжэйшы час іх мусяць даследаваць і апрацаваць адпаведнымі сродкамі. І тым не менш, знаходзячыся ў катлаване сам-насам з гісторыяй, адразу ўяўляеш, як, напрыклад, кiеўскiя ці чарнiгаўскiя войскi, узяўшы ў ХІІ ст. горад у аблогу, вымушаны былi вярнуцца дадому з пустымі рукамі. І ўсё — дзякуючы прадуманай канструкцыі абарончых валоў і Брамы!

Раскопкі толькі распачаліся, і, як адзначыў Аляксандр Мядзведзеў, чакаецца плённая праца цягам месяца. Таму да знойдзеных прадметаў — посуду, наканечнікаў стрэл, іншай зброі — абавязкова далучацца не менш каштоўныя экспанаты, а гісторыя Мінска папоўніцца новымі дакладнымі фактамі.

Цяпер знаходкi ранейшых гадоў з раскопак Мiнскага замчышча захоўваюцца пераважна ў Iнстытуце гiсторыi Акадэмii навук, у тым ліку ў Музеі археалогіі, пра які нядаўна вялася гаворка на старонках “К”.

У планах археолагаў, па словах Аляксандра Мядзведзева, таксама значацца раскопкі і вывучэнне храма ХІ — ХІІ стагоддзя, які захоўвае нямала таямніц.