Мантажор “з бульвара Капуцынаў”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Кіно — мастацтва спецыфічнае, можна сказаць, няўлоўнае. Навучыць яму нельга, навучыцца — можна. Цікава, што большасць самых вядомых рэжысёраў у свеце — ад Феліні да Таранціна — вучыліся самі. Іх зацягвала ў прафесію невядомая магія, супрацьстаяць якой амаль немагчыма. Так здарылася, што аўтар гэтых радкоў знаёмы з сённяшнім героем “Максімы маладых” ужо колькі гадоў. Здаецца, на самым пачатку 2006-га ў пакойчыку адміністрацыі Музея гісторыі беларускага кіно прагучаў тэлефонны званок: “Добры дзень! Мяне завуць Сяргей Каласоўскі. Мы з сябрамі хочам арганізаваць паказы цікавых фільмаў”.

 Першае ўражанне ад Сяргея: добра выхаваны малады чалавек, апантаны кінематографам. Сапраўдны “чалавек з бульвара Капуцынаў”. Цягам некалькіх месяцаў ён з сябрамі глядзеў класічныя стужкі: Джым Джармуш, П’ер-Паола Пазаліні, Райнер Вернер Фасбіндэр… Пасля сеанса была абавязковая гутарка ў суседняй кавярні.

Потым нашы шляхі разышліся, каб сысціся зноў: Сяргей Каласоўскі, бадай, адзіны з той рамантычнай кампаніі, стаў прафесіяналам кіно. Ён ужо паўтара года займаецца мантажом стужак на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Ягонае прозвішча стаіць у цітрах шмат якіх фільмаў, знятых за апошні час на дакументальнай студыі “Летапіс” і хутка з’явіцца пасля апошніх кадраў новых мастацкіх карцін нашай студыі: “Ваўкі” Аляксандра Колбышава, “Замах” Аляксандра Яфрэмава, “Дрэва” Аляксандра Канановіча. А вясной, на ІІІ Міжнародным кінафестывалі студэнцкіх кароткаметражных стужак “Кінагрань”, Сяргей Каласоўскі выступіў яшчэ і як рэжысёр, прадставіўшы свой дэбют — “Шлях у рай закрыты”.

“Спадчынны” мантажор

— Сяргей, я ведаю, твой шлях у кіно быў даволі пакручастым…

— У дзяцінстве я нават не думаў, што буду займацца кіно, хаця мая цётка Тамара Каласоўская ўсё жыццё прапрацавала менавіта на “Беларусьфільме”, дзе займалася і займаецца па сёння мантажом. З-пад ейных “нажніц” выйшла шмат стужак, якія цяпер з’яўляюцца класікай, напрыклад, карціны Леаніда Нячаева. Іх я памятаю з дзяцінства, бо ён прыходзіў да цёткі ў госці. Такім чынам, я з маленства бываў на студыі, бачыў увесь працэс здымак. Цікава, што калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, у мяне не ўзнікла ніякага жадання ісці працаваць на студыю, бо добра разумеў адваротны бок кінематографа: ненармаваны працоўны дзень, стрэс... Скончыўшы школу ў родным Бабруйску, служыў у войску, вывучаў у ВНУ юрыдычную псіхалогію. Мая маці таксама псіхолаг, бацька — вайсковец. Дарэчы, лічу, што менавіта ад яго мне перадалася цікавасць да мастацтва…

— Што ж падштурхнула да кіно, да жадання стварыць кінаклуб?

— Можна пасмяяцца, але, думаю, як і ў большасці кінаманаў майго ўзросту,— стужка Бернарда Берталучы “Летуценнікі”. Не магу сказаць, што лічу яе сёння шэдэўрам, але яна вельмі паўплывала на маю колішнюю свядомасць. Было мне тады 23 гады. Берталучы, яшчэ некалькі дыскаў, якія трапілі мне ў рукі, прагляды арт-хаусных стужак у кінатэатрах — вось тое, што скіравала ў бок кіно, сфарміравала жаданне здымаць самому. Потым, калі зачараванне еўрапейскім арт-хаусам паступова стала праходзіць, мяне захапіў… Галівуд. Прычым гэтае захапленне толькі ўзмацнялася паралельна з тым, як я ўваходзіў у прафесію.

Я стаў заўважаць у камерцыйных, звышбюджэтных галівудскіх стужках тыя моманты, што звычайна “праходзяць міма” гледача. Потым зацікавіўся спецыяльнай літаратурай, праз Музей гісторыі беларускага кіно пазнаёміўся з іншымі маладымі кінаманамі, стаў глядзець класічныя стужкі. Дарэчы, той непаўторнай атмасферы яднання, таго духу ўлюбёнасці ў кінамастацтва, які існаваў у нашым клубе, я больш нідзе не сустракаў!

— Якія карціны зрабілі на цябе найбольшае ўражанне ў той, “кінаманскі”, перыяд?

— У асноўным, тыя, што бачыў на “Кінафармаце 4х4”. А першай “любоўю”, чаго, праўда, я цяпер трошкі саромеюся, як тое звычайна і бывае, былі стужкі Ларса фон Трыера. Наогул, мне блізкае скандынаўскае, тое ж дацкае, кіно. Калі зацікавіўся Трыерам, даведаўся пра карані дацкага кіно, паглядзеў Дрэера, быў вельмі ўражаны. Калісьці падабаліся асобныя стужкі Віма Вендэрса. Спецыфічныя адносіны ў мяне з творчасцю Пітэра Грынуэя: да канца я яго метад дасюль не разабраў, ён уяўляе для мяне нейкую таямніцу. Не думаю, што хачу працаваць у яго стылі, але вельмі жадаю “адчыніць дзверы” ў ягоны метад. Падабаецца ўся чэшская “новая хваля”: Іржы Менцэль, Вера Хіцілава, Мілаш Форман. Ёсць такія рэжысёры, чые стужкі, сам іх візуальны рад, даюць сілы і натхненне для асабістай творчасці.

Кінамагіяй можна “заразіцца”

— Чаму ты пайшоў працаваць на “Беларусьфільм”?

— Я лічу, што кінамагіяй сапраўды можна “заразіцца”. На нашай студыі працуюць менавіта людзі, улюбёныя ў кіно, якія будуць у ім, нягледзячы ні на што. Я ніколі не чуў на “Беларусьфільме” ні ад аднаго чалавека, што ён тут толькі дзеля заробку.

Дарэчы, чым больш працую ў сферы, тым складаней мне пра кіно самому нешта казаць, бо шмат чую пра яго ад самых розных людзей. Аддаю перавагу непасрэднай працы, прычым больш карысны досвед мне дала дакументалістыка. Вельмі спадабалася працаваць з Галінай Адамовіч (Над стужкай “Шчасце”. — А.С.).

— Ты сам авалодаў тэхнікай мантажу?

— Цалкам самастойна. На шчасце, цяпер мантаж уяўляе з сябе адно працу з камп’ютэрам. І гэтаму можна навучыцца ў хатніх умовах, таксама, як і манціраваць стужкі. На “Беларусьфільме”, дарэчы, сёння ўсталявана найноўшая апаратура, якая ў параўнанні са старымі мантажнымі сталамі дазваляе значна аблягчыць працу над стужкай, скараціць час мантажнага перыяду.

— Ці ёсць планы атрымаць прафесійную адукацыю ў галіне кіно?

— Жаданне вучыцца далей у мяне ёсць. Але ўсё будзе залежаць нават не ад навучальнай установы, а ад канкрэтнага майстра: хочацца, каб гэта быў не толькі вопытны чалавек, але і вельмі таленавіты, у каго, акрамя высокага інтэлектуальнага ўзроўню, прысутнічае інтуіцыя сапраўднага мастака.

Інтуіцыя і не толькі

— Сяргей, ты лічыш, што інтуіцыя для кінамайстра — важная рэч? У якіх прапорцыях у сапраўдным рэжысёры павінна спалучацца рацыянальнае і інтуітыўнае? Ці верыш у такую катэгорыю, як натхненне? Апошнім часам шмат гавораць, што для сучаснага, “прадзюсерскага”, кіно патрэбен, хутчэй, дакладны разлік…

— Пытанне вельмі няпростае, я шмат над ім разважаў і сутыкаўся ў рэальным жыцці. Праца над стужкай складаецца з некалькіх этапаў, і кожны з іх патрабуе розных, часам супрацьлеглых, якасцей, якімі, аднак, павінен бліскуча валодаць рэжысёр. І калі не будзеш адпаведным чынам “пераключацца”, кіно ці разваліцца, ці атрымаецца занадта “сухім” і пазбаўленым жыцця. Здымачны працэс патрабуе больш арганізацыйных і канструктыўных момантаў, таму што гэтая стадыя — самая кароткая і дарагая.

Пад час яе ўсё павінна быць дакладна распісана і арганізавана. Здымачны працэс павінен працаваць, як гадзіннік. Калі падыходзім да разбору знятага матэрыялу, канчатковага мантажу, мозг трэба “выключаць”, забываць усе гатовыя схемы, канструкцыі, аддавацца сваёй фантазіі і інтуіцыі. Прычым гэта тычыцца найперш дакументальнага кіно, бо ў ігравым куды прасцей: ёсць нейкі сцэнарый, каля якога можна адбудаваць матэрыял. У дакументальным акрамя інтуіцыі нічога не дапаможа.

— Якое кіно, у такім выпадку, табе бліжэй: ігравое ці дакументальнае? Дзе хочацца працаваць? Апошняя тэндэнцыя ў сусветным кіно заключаецца якраз у тым, што вядомыя дакументалісты пачынаюць здымаць ігравыя стужкі…

— Кіно бессэнсоўна падзяляць такім чынам. Для мяне паміж ігравым і мастацкім кіно няма ніякай розніцы. Мая першая сур’ёзная работа была ігравой, а цяпер я здымаю дакументальную стужку пра асяроддзе людзей, якія займаюцца ў спецыяльнай псіхалагічнай групе, каб вылечыцца ад алкагалізму… Я не маю планаў наконт толькі ігравога ці толькі дакументальнага кіно. Безумоўна, мастацкае, поўнаметражнае, кіно найбольш прэстыжнае, і, канешне ж, я мару пра такія здымкі. У ігравым жа кіно мяне прыцягвае сцэнарны перыяд, магчымасць займацца чыстай “літаратурай”.

— Тады некалькі слоў пра твой ігравы дэбют. Наколькі разумею, ён быў зняты менавіта паводле твора мастацкай літаратуры...

— Так, па апавяданні пісьменніка Чарльза Букоўскі “Адзінота” з яго зборніка “Шлях у рай закрыты”, назва якога і стала назвай маёй стужкі. Праца была даволі доўгай і складанай. Пачалося ўсё з падбору акцёраў. Калі на невялічкую ролю Незнаёмца я даволі хутка знайшоў Інакенція Січкара, майго сябра, вельмі добрага гукааператара, які калісьці шмат здымаўся і чыё аблічча добра вядомае амаль усім, то галоўных выканаўцаў шукаў доўга і нарэшце знайшоў у невялічкім самадзейным тэатры ў Мінску. Алена Якімчук і Дзмітрый Петрусенка не адразу знайшлі сябе як экранная пара. Цягам некалькіх месяцаў ішлі рэпетыцыі, перш чым распачаліся здымкі. Яны доўжыліся дзве ночы ў кватэры насупраць будынка цырка ў Мінску. Таксама шмат давялося папацець над гукам, гэты этап, дарэчы, я лічу вельмі важным. У выніку, мяркую, атрымалася добрая стужка. Думаю, усё здзейснілася дзякуючы той атмасферы, якая склалася на здымках.

— Што б сказаў тым, хто хоча працаваць у кіно, але ўсё, што пра яго ведае, гэта “чырвоная дарожка” на Канскім фестывалі?

— Я не лічу “чырвоную дарожку” нечым непатрэбным або няважным. Праца ў кіно — вельмі цяжкая, і таму павінна быць найлепшым чынам узнагароджана. Калі твая творчасць заслугоўвае “чырвонай дарожкі”, то чаму б і не?


Даведка

Сяргей КАЛАСОЎСКІ нарадзіўся ў Бабруйску ў 1982 годзе. У Мінску скончыў сярэднюю школу № 84, потым служыў у 120 гвардзейскай дывізіі. Жанаты. Працуе на РУП “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” мантажорам. Спрабуе сябе як рэжысёр. Аўтар кароткаметражнай стужкі “Шлях у рай закрыты”.

Анкета “К”:
1. Колеры, якія натхняюць? Цёмна-сіні.
2. У якую пару года падабаецца працаваць? Восень.
3. Любімы мастак? Васіль Кандзінскі.
4. Найбольш яркі акцёр? Мікі Рурк.
5. Любімы літаратурны твор? “Млосць” Ж.-П. Сартра.
6. Што слухаеце? Рыхарда Вагнера.
7. Радзіма — гэта што? Нешта вельмі асабістае.
8. Любімая кветка? Рамонак.

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА