“Каб зазнаць і ў будзень свята...”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Загадчык Курынскай сельскай бібліятэкі Віцебскага раёна Вольга Рыбакова — майстрыха на ўсе рукі: з саломкі, бяросты, лазы вырабляе адмысловыя кошыкі, бутэлькі, лапці, каралі-круглякі...

І з бібліятэчным клопатам Вольга Уладзіміраўна спраўляецца як мае быць. У 1999 годзе ва ўстанове быў створаны этнаграфічны куток, які займае плошчу аж у 51 кв. м. чытальнай залы і экспануе наведвальнікам 124 рэчы, якія служылі сваім гаспадарам у XIX — XX стст. Тут ладзяцца краязнаўчыя цыклы, урокі-падарожжы, этнаграфічныя вячоркі, праводзяцца “майстар-класы”, экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, ветэранамі вайны і працы, старажыламі.

Аматарскае аб’яднанне дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Уцеха” , створанае ў 1995 годзе, аб’яднала хлопчыкаў і дзяўчынак сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Яны авалодваюць тут навыкамі старажытных рамёстваў — саломкапляцення, вырабу з бяросты, дрэва, гліны, лазы, а таксама карункапляцення. Работы экспанаваліся ў “Горадзе майстроў” на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Старшыня “Уцехі” — Вольга Рыбакова. Днямі яна правяла ўрок майстэрства для дзіцячага клуба эстэтычнага выхавання “Светлячок”, створанага на базе кіраўскай бібліятэкі. На чарговым пасяджэнні клуба “светлячкі” на чале з Вольгай Уладзіміраўнай зрабілі вялізнага саламянага павука, які ўпрыгожвае памяшканне бібліятэкі.