Выязны майстар-клас

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Самадзейны мастак Яўген Быкадораў жыве ў аграгарадку “Верамейкі” Чэрыкаўскага раёна. Галоўная “дзейная асоба” ягоных жывапісных твораў — беларуская прырода.

 У свой час майстар пачынаў з невялічкіх пейзажаў, паступова прызвычаіўся да больш маштабных палотнаў… Яўген Пятровіч упэўнены, што пенсійны ўзрост — творчасці не перашкода. А ягоныя персанальныя выстаўкі ў Верамейскім сельскім Цэнтры культуры сталі традыцыйнымі.

У час летніх школьных вакацый запрашаюць мастака ў іншыя ўстановы культуры Чэрыкаўшчыны. Напрыклад, выстаўку-прэзентацыю ўласных карцін “Пейзажы беларускай прыроды” наладзіў Яўген Пятровіч у Рэчыцкім сельскім доме культуры. Сустрэлі яго ўдзельнікі мясцовага гуртка “Юны мастак”. Са школьнікамі Юліяй Кіркор, Ленай Емяльяненка, Мішам Жмакіным, Уладам Левусавым, Насцяй Лучкінай, Сашай Барадулінай мастак правёў майстар-клас.


На здымку: самадзейны мастак Яўген Быкадораў з аграгарадка “Верамейкі” Чэрыкаўскага раёна. Фота аўтара