Чаму зялёны гай шумеў?

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

— Бо наш ансамбль танцаваць хацеў! — тлумачыць са смехам дырэктар Чавускага цэнтра культуры і кіраўнік народнага вакальна-харэаграфічнага калектыву “Забава” Валянціна Маўчан. — Хацеў, хоча і будзе хацець. Аж з 1991 года танцуем і спяваем. І не толькі ў гаях: на фермах, мехдварах, вясковых вуліцах і клубах…

 А песню пра гай і “Забаву” Валянціна Аляксандраўна напісала сама. І дзіва тут няма ніякага, бо яна — выхаванка яшчэ Інстытута культуры, з першага набору рэжысёраў народных святаў, якіх “ставіў на крыло” знакаміты фалькларыст Пётр Гуд.

На настаўнікаў Валянціне Маўчан шанцавала з дзяцінства. Першым быў бацька Аляксандр Паўлавіч. У 1950-х ён — лепшы сват ды першы танцор у Чавусах. Каленаў ведаў незлічоную колькасць, выпісваў іх так, што дзяўчаты гужом за ім хадзілі. Лёгка жыў, лёгка танцаваў, гэтаму ж і дачку навучыў.

Так і з’явілася “Забава”, кожная канцэртная праграма якой заснавана на мясцовым чавускім фальклоры, на песнях, дзе гучыць неўміручым акордам тэма росквіту Чавускай зямлі, на кадрылях і польках, дзе — і любоў, і каханне.


На здымке: народны вакальна-харэаграфічны калектыў “Забава” Чавускага РЦК. Фота аўтара