Валоканне і яблыні

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

У Ваўкавыскім раёне адзначаецца Год роднай зямлі. Клубныя ўстановы ладзяць Святы вёсак, вуліц, мерапрыемствы, прымеркаваныя да дат народнага календара. Нядаўна адкрылася першая экспазіцыя Клуба-музея народнага побыту вёскі Шусцікі, прайшло раённае Свята фальклору ў вёсцы Падароск.

 Экспазіцыя клуба-музея ў Шусціках рыхтавалася больш за год. Загадчык установы Станіслаў Жук наведваў жыхароў сваёй і суседніх вёсак, шукаў старадаўнія прылады сялянскай працы, рэчы хатняга ўжытку, адзенне і прадметы паўсядзённага побыту. Культасветнікі надалі экспазіцыйны выгляд больш як тысячы рэчаў, сярод якіх — развітушка, матавідла, сукала, прасніца, гарлач...

На адкрыцці экспазіцыі выступіў народны ансамбль беларускай песні “Медуніца” Ваўкавыскага РДК. Гасцямі свята сталі начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Лойка, прафесар-беларусазнаўца з Беластока Мікалай Сычэўскі, старшыня Гнезнаўскага сельвыканкама Ніна Ажыгар, начальнік аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Іван Маржала.

Падтрымцы песеннага, танцавальнага і абрадавага фальклору было прысвечана і раённае свята, якое традыцыйна ладзіцца работнікамі РМЦНТ раз на два гады. Сёлета яно аб’яднала ўсіх неабыякавых да фальклорных песень і народнай прозы, абрадаў і звычаяў, нацыянальнай кухні, народных рамёстваў. На цэлы дзень мясцовы цэнтральны Дом культуры аграгарадка “Падароск” ператварыўся ў святочны кірмаш: фае ўпрыгожвалі выстаўкі майстроў і ўмельцаў Ваўкавыскага раёна, перапоўненая глядзельная зала апладзіравала выступленням дзесяці песенных фальклорных гуртоў раёна, выканаўцам побытавых танцаў (Рупейкаўскі СДК), паказу абраду “Валоканне” (Роскі ДК), гульнёва-пазнавальнай праграмы “Яблычны Спас” (Вярэйкаўскі СЦДК), а з суседняй залы даносіліся водары традыцыйных страў.

Наш РМЦНТ пасля кожнага такога свята фальклору адбірае лепшыя калектывы для ўдзелу ў абласным свяце, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лілія Рашчэўская арганізуе збор матэрыялаў і выпуск буклетаў з выкананымі песнямі, паказанымі гульнямі і абрадамі і прапанаванымі рэцэптамі ваўкавыскай народнай кухні. Усё гэта служыць зберажэнню, захаванасці і прапагандзе фальклору Ваўкавыскай зямлі.


На здымках: выступае народны ансамбль народнай песні “Медуніца” Ваўкавыскага РДК; клуб-музей народнага побыту вёскі Шусцікі.