Ракіроўка адбылася. Калі чакаць выніку?

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Элементарныя заканамернасці ў бяздзейнасці Па якіх крытэрыях ацэньваецца дзейнасць аддзела культуры? Любы раённы культасветнік пацвердзіць: “Па многіх!” У залік ідуць лічбы выканання планаў па аказанні платных паслуг, па эканоміі энергарэсурсаў, колькасці спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, народных і ўзорных калектываў мастацкай самадзейнасці, а таксама цякучка ці стабільнасць кадраў, стан матэрыяльнай базы, узровень пажарнай бяспекі... І кожны з гэтых фактараў наўпрост уплывае на “баявітасць” і самадастатковасць раённай культуры. Даруйце за банальнасць элементарнай заканамернасці. Але менавіта яна згадвалася ледзь не на кожным кроку камандзіроўкі на Жлобіншчыну... Леташні план аказання платных паслуг па раёне не выкананы. Рамонт гарадскога Дома культуры, распачаты аж у 1999-м, фактычна яшчэ не завершаны. У рэгіёне, дзе аж 106 тысяч насельніцтва, усяго толькі 9 узорных і народных самадзейных калектываў. Няма і належным чынам абсталяванага бібліобуса, пра што “К” пісала яшчэ ў 2006 годзе. З аддзела культуры цягам апошняга часу звольнілася амаль тры дзесяткі спецыялістаў. Et cetera, et cetera… Карацей кажучы, тэма падрыхтоўкі ўстаноў культуры Жлобінскага раёна да асенне-зімовага перыяду, на якую першапачаткова арыентаваўся, падалася вельмі вузкай для дакладнай характарыстыкі сённяшняга стану спраў у сферы рэгіянальнай культуры. Дык што здарылася? Што перашкодзіла мясцовым культработнікам набраць стабільныя працоўныя тэмпы яшчэ ў, так бы мовіць, дакрызісныя часіны? Сітуацыю паспрабаваў патлумачыць намеснік старшыні Жлобінскага райвыканкама Віктар Касцяйкоў. Па ягоных словах, яшчэ год таму кіраваў тутэйшым аддзелам культуры вельмі мяккі чалавек: маўляў, не надта маштабныя задачы перад падначаленымі ставіў, не вельмі сачыў за ходам іх выканання. Прыйшоў новы кіраўнік, патрабавальнасць на першае месца паставіў — адсюль і цякучка кадраў: сышлі тыя, хто працаваць з аддачай не захацеў. Згодны: чалавечы фактар у любой справе — вырашальны. Але з хібаў леташне-пазалеташніх узбуялі хібы сёлетнія.

 Б’ецца ў цеснай пячурцы агеньчык

Ды ўсё ж спярша — пра падрыхтоўку да зімы.

На пачатку жніўня па ўпраўленнях культуры аблвыканкамаў быў разасланы ліст за подпісам намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктара Кураша. Гаворка ў дакуменце ішла пра падрыхтоўку ўстаноў культуры да зімовага ацяпляльнага сезона. Патрабавалася правесці рамонтныя і прафілактычныя работы адпаведных сістэм, супрацьпажарны інструктаж, набыць неабходныя сродкі пажаратушэння, уцяпліць вокны і дзверы клубаў, бібліятэк, музеяў...

Знаёмства з раёнам распачаў з высвятлення таго, як выконваюцца гэтыя міністэрскія патрабаванні, аб рэалізацыі якіх трэба паведаміць да 25 жніўня. Выконваючая абавязкі начальніка аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама Вольга Белая, якая працуе ў сферы з леташняга верасня (скончыла ў свой час Маскоўскі інстытут нацыянальных і рэгіянальных адносін), ва ўзнятым пытанні больш-менш арыентуецца. Расказала, да прыкладу, што да нядаўняга часу былі ў раёне ўстановы галіны, якія не ацяпляліся, але ў ходзе аптымізацыі культурнай сеткі збольшага зніклі. Застаўся хіба адзін сельскі клуб у вёсцы Кіцін. Меркавалася паставіць у драўляным будынку печку, аднак забаранілі пажарныя. Зараз думаюць у аддзеле, куды перанесці клуб: у клас мясцовай школы ці ў пакой дзіцячага садка? Ці паспеюць да 25-га? Для больш грунтоўнага тлумачэння ступені актыўнасці перадзімовых турбот быў выкліканы знаўца — кіраўнік гаспадарчай групы аддзела культуры Васіль Савіцкі (стаж аддзелаўскай працы — 8 месяцаў). У раёне, аказваецца, ледзь не сто ўстаноў культуры! У качагарках замяняюцца катлы, рамантуюцца цеплатрасы, у трох клубах сёлета ўстаноўлены аконныя шклопакеты. Для таго, каб работы набылі падвоены тэмп, не хапае звыклага — фінансаў.

З гэтай прычыны яшчэ не заменена абсталяванне ў кацельні СДК вёскі Папаратнае. Па дарозе ў гэты населены пункт Васіль Цітавіч распавёў, што гаспадарчая група не мае будаўнічай брыгады, адно толькі ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю падрадчыкаў. Апошнім жа часам на рамонтах клубаў і бібліятэк асвоена 500 мільёнаў рублёў. На думку кіраўніка гаспадарчай групы, ранейшы склад аддзела культуры пытанням умацавання матэрыяльнай базы надаваў мізэрную ўвагу. Сярод гаспадарчых заслуг колішняга начальніка — хіба што рамонт ГДК у вёсцы Стрэшын, якая стала аграгарадком у 2006 годзе. А чым жа займаўся былы начальнік аддзела? Як кажа Васіль Савіцкі, у асноўным — пытаннямі творчага характару, што па сённяшнім часе — рэч недаравальная. Пагаджаюся і з гэтым: аднымі песнямі культура сытая не будзе. Але канчатковыя вывады — напрыканцы артыкула...

Падкрэслю, што перад выездам на раён дамовіўся з в.а. начальніка аддзела культуры: аб нашым візіце вясковых культасветнікаў па тэлефоне не папярэджваць. Для большай, так бы мовіць, аб’ектыўнасці агульнай карцінкі. Дзякуй, Вольга Віктараўна, за паразуменне: слова вы сваё стрымалі, а я здолеў пабачыць далёка не “пацёмкінскія вёскі”.

Прыватная будаўнічая арганізацыя “Мэта” вядзе ў Папаратным бягучы рамонт СДК. Выдаткавана для гэтага 200 мільёнаў рублёў, асвоена — палова. У клубнай прыбудове, якая з-за лядашчасці бяздзейнічала гадоў пяць, размесціцца дыскатэчная зала (дах ужо адрамантаваны). Ці паспеюць будаўнікі ўправіцца да запланаванага верасня — пытанне без адказу, бо грашовых сродкаў пакуль няма...

А ў мясцовай клубнай установе ішла рэпетыцыя жаночага вакальнага ансамбля: хутка — стагоддзе вёскі Гелін, да гэтай даты намечаны шэраг мерапрыемстваў, таму рэпетыцыя — планавая, непаказушная, што журналісцкае вока парадавала вельмі. Ад усяго астатняга, пабачанага і пачутага, уражанне засталося крыху іншае...

Як паведаміла загадчык СДК Ала Мельнічэнка, увесну ўстанова займела супрацьпажарную сігналізацыю, а сама прайшла адпаведны інструктаж... Мельнічэнка — спецыяліст без адукацыі, такіх называюць практыкамі. Але менавіта практычны бок нашай гутаркі мне не надта спадабаўся. Размова ішла пра платныя паслугі. Ці можна задаволіцца толькі адным іх відам — дыскатэкамі, што ладзяцца цяпер на палове глядзельнай залы? Адказ Ала Іванаўна дае адмоўны, але канкрэтызаваць бліжэйшую перспектыву развіцця мясцовых культурных паслуг не можа. Як, дарэчы, і патлумачыць тое, чаму за кацельняй пустазелле ледзь не ў пояс... Словам, крэатывам — ні ў гаспадарчым плане, ні ў творчым — тут пакуль не пахне.

А ў клубнай кацельні (адзін з галаўных боляў кіраўніка гаспадарчай групы), як той казаў, яшчэ працаваць ды працаваць: абсталяванне патрабуе замены-рамонту.

25 мільёнаў аблвыканкам выдаткаваў на бягучы рамонт сельскай бібліятэкі. У яго неабходнасці пераконвае выгляд мясцовай печкі, што зацякла ад жнівеньскіх залеў. Бібліятэкарка Валянціна Яўсеева распавяла аб уласным клопаце: яна тут і “кніжніца”, і прыбіральшчыца, і распальшчыца. А печка — маленькая, хоць і расходуецца за зіму некалькі тон брыкету, але ў бібліятэчных памяшканнях і ў музейным этнаграфічным пакойчыку не вельмі цёпла, санітарныя нормы для наведвальнікаў захаваць досыць цяжка. Так што думкі ў бібліятэкаркі зведзены сёння ледзь не да аднаго: якой будзе сёлетняя зіма — лагоднай ці злой на маразы?

“Рай”… у будане

А цяпер — больш падрабязна пра ролю асобы ў развіцці рэгіянальнай культуры. Тэма, пагадзіцеся, вечная, і пытанняў тут заўжды больш, чым адказаў.

Пасля наведвання Стрэшына пераканаўся, што калі згубіць гарадскі пасёлак Анжаліку Міронаву, дык гэта будзе кшталту страты, скажам, геніяльнага дырыжора для аркестра, толькі ў большым, так бы мовіць, рэгіянальна-вясковым, маштабе. Але ўсё па парадку.

Анжаліка Станіславаўна, паводле яе біяграфічных расповедаў, у Стрэшын з Гомеля прыехала ў 2001-м. Разам з сынам-школьнікам пачала даглядаць хворага дзядулю, які жыве ў гарпасёлку. Дзядуля неўзабаве ачуняў, а Міронава засталася ў Стрэшыне. Балазе, работа для спецыяліста з вышэйшай адукацыяй знайшлася імгненна: працавала мастацкім кіраўніком мясцовага ГДК, апошнім часам стала ягоным дырэктарам. Пра Стрэшын я ўжо згадваў. У 2006 годзе ён стаў аграгарадком, займеўшы з гэтай нагоды цудоўна адрамантаваны Дом культуры, што стаіць ледзь не на ўзбярэжжы магутнага Дняпра. І пайшла ў Анжалікі Станіславаўны праца!

Прыцягнула да культасветы моладзь (Стрэшын — пасёлак перспектыўны, дзейнічае тут як мае быць агракамбінат “Днепр”, так што юнакоў і дзяўчат хапае), падключыла да клубных мерапрыемстваў людзей сталага веку. Зрабіць гэта, шчыра скажам, было не проста, бо ў Стрэшыне пражывае шмат перасяленцаў з іншых мясцін, трымаюцца яны досыць адасоблена, бо радзіннымі і суседскімі повязямі знітавацца пакуль не паспелі… Як сцвярджае в.а. начальніка аддзела культуры Вольга Белая, Стрэшынскі ГДК на сёння — адзін з лепшых у Жлобінскім раёне. Паверу. Бо пасля знаёмства з гурткавой работай установы, з ходам выканання плана па аказанні платных паслуг, прэтэнзія ў мяне да Міронавай толькі адна: чаму ў пасёлку ледзь не з паўтаратысячным насельніцтвам няма ніводнага ўзорнага ці народнага мастацкага калектыву? Але гаворка, урэшце, цяпер не пра гэта.

Чаму стрэшынская культура можа згубіць Анжаліку Міронаву? Прычына адна: спрадвечнае кватэрнае пытанне. З 2001 года дырэктар ГДК разам з сынам, які скончыў восьмы клас, жыве ў летняй неацяпляльнай… вароўні, бо, па словах Міронавай, дзядулева хата для пазалішніх жыхароў не прыстасавана. У чарзе на жытло кіраўнік ГДК з 2001 года, але чарга тая для таленавітай культасветніцы знерухомела. І ў гэтай абыякавасці абвінаваціць кагосьці цяжка. Справа ў тым, што і кіраўніцтва раёна, і кіраўніцтва аддзела культуры, і кіраўніцтва мясцовага агракамбіната апошнім часам змянілася. Да прыкладу, выконваючая абавязкі аддзела культуры Вольга Белая пра побытавыя складанасці дырэктара ГДК даведалася ўпершыню менавіта ў час нашага агульнага выезду ў Стрэшын. Паглядзелі мы на той летні буданчык… Жах! Самы час біць у званы.

Гаварыць пра адраджэнне і развіццё беларускага сяла і не закранаць пры гэтым пытання сацыяльнага жылля — немагчыма. Не, даяркі, механізатары, настаўнікі і медыкі атрымліваюць яго, наколькі ведаю, без перашкод. А культработнікі — гады ў рады, быццам спецыялісты, якія дбаюць адно толькі пра песні і танцы, а матэрыяльных выгод не патрабуюць. Ды калі б не намаганні культасветнікаў, дык, напэўна і не было б у мясцовым аграгарадку ні шыкоўнага Дома культуры, ні цікавай жывой культработы!

Агаваруся, прапаноўвала гарпасялковае кіраўніцтва кватэру Міронавай. Не, не прэзідэнцкі дамок, а хату, якая засталася пасля пераезду механізатара ці даяркі якраз у жыллё, прадугледжанае Дзяржпраграмай па адраджэнні і развіцці сяла. Але ў хаце той, як даводзіць Анжаліка Станіславаўна, усё прагніло спрэс, а ацяпляльны кацёл працёк ад старасці. Так і засталася з сынам у сваім будане… Перакананы, гэтае праблемнае пытанне наўпрост звязана з набліжаючымся ацяпляльным сезонам. Толькі не пра вогнетушыцелі гаворка, а — пра людзей. На носе восень з зімой, а ў культработніка прыстойнага жылля няма. Хто вінаваты? Чалавечы фактар!

А ў кіраўніка гаспадарчай групы аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама — свой стрэшынскі сум: у качагарцы мясцовага ГДК насос для падачы гарачай вады паляцеў, а магчымасцей адрамантаваць ці замяніць пакуль няма. Бяда з гэтай зімой!

Клуб зачынены, усе сышлі…

І ў вёску Праскурні, натуральна, прыехалі без папярэдняга тэлефанавання. На гадзінніку — 18.30, а дзверы сельскага Дома культуры зачынены, хоць працоўны графік на іх пераконвае ў адваротным: у гэты час культурнае жыццё ва ўстанове павінна віраваць ва ўсю моц. Куды ж знікла дырэктар СДК Наталля Козел? Я папрасіў не турбаваць і не шукаць стомленую жанчыну.

Справа ў тым, што ў в.а. начальніка аддзела культуры Вольгі Белай і кіраўніка гаспадарчай групы Васіля Савіцкага прамільгнула меркаванне: мо мясцовыя работнікі канцэрты даюць хлебаробам? Аднак меркаванне гэтае дакументальна-планавага падмацавання не мела. Калі раённаму начальству не давялі да ведама, што праскурнянскія культасветнікі — на жніве, дык ці былі тыя выязныя канцэрты? А калі і былі, дык чаму на дзвярах СДК, поруч з працоўным раскладам установы, адсутнічае абвестка: маўляў, сёння, 12 жніўня далі хлебаробам чатыры канцэрты, таму клуб увечары адчыніць не здолелі — стаміліся?…

Ва ўсім гэтым, безумоўна, і крыюцца першарадныя прычыны таго, што план па аказанні культурных платных паслуг выконваецца вельмі кепска. В.а. начальніка аддзела культуры пагаджаецца: летась у гэтым плане кантроль быў відавочна недастатковым. Сёлета за дысцыпліну ўзяліся. Правільна! Толькі за ліпень дэпрэміравана з прычыны нізкай творчай актыўнасці аж 16 работнікаў культуры горада і раёна. Але ж ці можна выправіць становішча толькі аднымі непапулярнымі метадамі так званага голага адміністравання?

Я прагледзеў пералік “пастаянных платных паслуг, што аказваюцца аддзелам культуры Жлобінскага райвыканкама ў 2009 годзе”, прапанаваны в.а. начальніка аддзела культуры. Дзіўная рэч! Толькі два новыя віды (па РЦБС): пошук інфармацыі ў Інтэрнеце гарадскіх і сельскіх бібліятэк і лічбавая фотаздымка. Усё астатняе — досыць шараговае і руціннае. Не, пагаджаюся, што і звычайны вечар адпачынку можна правесці незабыўна і іскрамётна. Засмуціла іншае: у пераліку паслуг ледзь не траціну месца займае адзін від — дыскатэка, якая паўтараецца ў спісе роўна трыццаць разоў, мяняючы толькі найменні ўстаноў культуры, дзе яна ладзіцца… Словам, крэатыву не хапае, творчага падыходу, гарэння, калі жадаеце, без якога культасвета нагадвае фармальнае застойнае багно.

І я цяпер зноў пра банальнае і добра вядомае кожнаму ініцыятыўнаму культработніку. Развіццё пазабюджэтнай дзейнасці клубаў, бібліятэк, музеяў, на мой погляд, — таксама адзін з абавязковых пунктаў грунтоўнай падрыхтоўкі да крызіснай нялёгкай зімы, адна з важнейшых умоў хоць нейкай эканамічнай самастойнасці нашых устаноў культуры. Грэбаваць гэтым — ставіць крыж на перспектыве рэгіянальнай культуры. Дэпрэміраванне хоць і эфектыўная мера, аднак і крэатыўнае мысленне — рэч у самаўдасканаленні проста неабходная. Але тут, як кажуць, усім светам трэба, агульным мазгавым штурмам, камандным метадам “гульні”. Намеснік старшыні райвыканкама Віктар Касцяйкоў пагаджаецца: толькі так культура акрыяе. З’явяцца грошы — мо з’явіцца і аўтобус пад бібліобус, больш актыўнымі стануць канцэрты ў міжраённым маштабе…

А бамжам — радасць

Вернемся ў горад. Тут праблем — таксама па бровы. Самы час распавесці, чаму галоўная ўстанова культуры Жлобіншчыны — гарадскі Дом культуры — так і не здолела выйсці на “праектную магутнасць”. Тлумачыць сітуацыю дасведчаны ў матэрыяльным аспекце культурнай справы кіраўнік гаспадарчай групы Васіль Савіцкі. Праблемы, аказваецца, — з вентыляцыяй і цеплавузламі. Супрацоўнікі райаддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях не давалі згоды на адкрыццё ўстановы і з прычыны адсутнасці супрацьпажарнай сістэмы. Сістэма з’явілася, але пытанне з заключэннем дамоў па яе абслугоўванні застаецца пакуль адкрытым. Дарэчы, кіраўнік гаспадарчай групы таксама збіраўся звольніцца (“Як узнімаць матэрыяльную базу культуры, калі фінансаванне — нерэгулярнае?”), але аддзелаўскае начальства адгаварыла. Сапраўды, на недасканалых матэрыяльных абсягах трапяткой мясцовай культуры без Васіля Цітавіча — як без рук…

І не хацеў зноў пра платныя паслугі, але давядзецца. Дырэктар Жлобінскага ГДК Вольга Канавалава, якая на пасадзе гэтай толькі тры месяцы, — таксама ў ліку дэпрэміраваных за ліпень. З тым, што не ўсе рэзервы тут выкарыстоўвае, пагаджаецца цалкам. Ёсць ва ўстанове зала для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў — вялікая, шыкоўна аздобленая, прыдатная для канцэртных мініімпрэз і тэатралізавана-касцюмаваных дзей. Пытаюся ў Вольгі Аляксандраўны: “А вы грошы з гэтых цырымоній маеце?” “Не, — адказвае, — але неўзабаве збіраемся, урэшце, увесці такі від паслуг”. Паведамляю, што ў многіх райцэнтрах і нават вёсках Беларусі аддзелы культуры даўно і стабільна зарабляюць на сцэнарнай і тэатральна-канцэртнай арганізацыі такіх святаў. Касцюмер ГДК Валянціна Карчэўская задуменна пагаджаецца: “У нас для гэтых мэт неблагая калекцыя строяў сабрана”. Дык у чым жа справа, спадарыні? Дзе ініцыятыва, выдумка, прафесійны гонар?..

І апошняе з шэрагу платных жлобінскіх нюансаў. Я разумею, што рэканструкцыя Гарадскога дома культуры доўгія гады вялася паэтапна. Але сёння, на фінішнай прамой доўгапакутнага рамонту, здзіўляе велічыня гадавога плана платных паслуг, даведзенага сёлета да Жлобінскага ГДК: 30 мільёнаў рублёў. Сума — мізэрная. У Івацэвічах, да прыкладу, Дом культуры — прыкладна такі ж самы па памеры (хоць і там з рамонтам праблем — хоць адбаўляй), а зарабляе за год па 70 мільёнаў. Карацей, я зноў пра нявыкарыстаныя рэзервы крэатыўнага падыходу да наладжвання больш-менш эфектыўнай пазабюджэтнай дзейнасці.

Але на гэтым гарадскія праблемы не заканчваюцца. У курс чарговага “форс-мажору” ўвёў, зноў жа, Васіль Савіцкі. Як аказваецца, летась Беларускі металургічны завод перадаў на баланс аддзела культуры два недабудаваныя магазінныя памяшканні. Такое спонсарства гарадской грамадскасці падалося вельмі своечасовым. У гэтых памяшканнях, на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі па рамонце якіх было выдаткавана 250 мільёнаў, меркавалася размясціць дзіцячую школу мастацтваў і цэнтральную раённую бібліятэку імя Н.Крупскай. Грошы не ўдалося асвоіць, і яны, натуральна, былі пераразмеркаваны. А ў недабудаваных крамах, што мелася прыстасаваць пад знакавыя для горада ўстановы культуры, начуюць на сёння… асобы без пэўнага месца жыхарства — ледзь не асноўны галаўны боль супрацоўнікаў міліцыі аднаго з цэнтральных раёнаў Жлобіна…

Мы наведалі ДШМ і цэнтральную райбібліятэку. Гэтым установам сапраўды патрэбны новыя памяшканні. ДШМ, да прыкладу, месціцца ў інтэрнаце “Жлобінаўтатрансу”, арандуе таксама чатырохпакаёўку ў жылым доме і памяшканне ў “Металурггандлі”. Па словах кіраўніка ўстановы Ірыны Чарэпка, такія “раскіданыя” ўмовы навучання для амаль 400 вучняў, што набываюць музычную, харэаграфічную і мастацкую адукацыю, далёкія ад ідэалу.

Не лепшае становішча і ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы. Не, рамонт тут скончылі летась, але дах увагай чамусьці абмінулі. Па словах намесніка дырэктара РЦБС Алы Мінянковай, дажджы псуюць столь, падвесныя пліты якой там-сям абвальваюцца, псуюцца шпалеры на сценах…

Я, шчыра кажучы, з цяжкасцю паверыў ва ўбачанае. Жлобін — горад не з апошніх на Беларусі — не мае прыстойных будынкаў галоўных сваіх устаноў культуры: названых ДШМ, РЦБ, ды плюс да ўсяго — музея і дзіцячай бібліятэкі! І матэрыяльны заняпад гэтых іміджаўтваральных для раённага цэнтра ўстаноў адбыўся не ў крызісным сёння, а ў небяспечных у эканамічным плане ўчора і пазаўчора. Хто вінаваты ў гэтых хібах? На гэтае пытанне няхай адкажуць самі жлобінцы. А абласное ўпраўленне культуры, без сумневу, ім дапаможа.

* * *

Не абараняю ні мінулае кіраўніцтва аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама, ні сённяшняе. Перакананы: віна — за ўсімі. І пакуль гэтага не зразумеюць абодва бакі, якія не спыняюць яўнай і ўяўнай канфрантацыі, мы будзем мець на культурных абсягах Жлобіншчыны тое, што маем.


Фота аўтара

На здымках: 1. “Мэта” вядзе рамонт СДК вёскі Папаратнае; 2. Кацельня Папаратнянскага СДК патрабуе неадкладнага рамонту; 3. Печка ў бібліятэцы вёскі Папаратнае ацяпліць установу культуры няздольная; 4. Будан, у якім жыве дырэктар Стрэшынскага ГДК Анжаліка Міронава; 5. Стрэшынскі ГДК; 6. Хлопчыкі вёскі Праскурні не могуць трапіць вечарам у родны СДК: ён зачынены па невядомых прычынах; 7. Жлобінскі ГДК; 8. Зала цырымоній рэгістрацыі шлюбаў, да якой мясцовыя культасветнікі пакуль не маюць дачынення; 9. У гэтых памяшканнях, што знаходзяцца на балансе аддзела культуры, якраз культуры і бракуе; 10. Цэнтральная бібліятэка Жлобіна пакутуе ад дажджоў.


Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"