Робін Гуды.by

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Эфірны “слот” для нашага Дуброўскага Айчынная гісторыя — невычэрпная крыніца тэм, сюжэтаў і ідэй для нашых кінематаграфістаў. Рэжысёр Юрый Цвяткоў днямі прадставіў новую дакументальную стужку, прысвечаную вельмі цікавым і супярэчлівым асобам з пазамінулага стагоддзя. Ужо вядомыя навукоўцам факты ў ёй заззялі новымі фарбамі і атрымалі сучасную форму.

 “Робін Гуды з беларускімі імёнамі”— бадай што самая насычаная інфармацыяй карціна, знятая за апошні час на РУП “Белвідэацэнтр”. Дваццацісяміхвілінная відэастужка паказвае і расказвае адразу аб дзвюх надзвычай цікавых старонках беларускай гісторыі, якія звычайна не трапляюць у падручнікі. І калі першая яшчэ згадваецца ў сувязі з вялікім рускім пісьменнікам Пушкіным, то другая абсалютна невядомая большасці з нас. Гаворка — аб прататыпе знакамітага Дуброўскага, шляхцічы з Ігумена (сучаснага Чэрвеня) Паўле Астроўскім і рэвалюцыянеры Аляксандры Савіцкім з Гомельшчыны, чыё жыццё і заўчасная смерць былі апісаны Андрэем Белым у ягоным галоўным рамане “Сашка Жыгулёў”.

“Нам хацелася не проста распавесці пра неверагоднае жыццё і прыгоды гэтых асоб, — распавядае рэжысёр карціны,— але і зрабіць гэта ў лёгкім, зразумелым большасці сучасных гледачоў, стылі”.

Сапраўды, глядзець “Робін Гудаў...” цікава. І не толькі таму, што Павел Астроўскі і Аляксандр Савіцкі пакінулі след у сусветнай літаратуры. Стужка пра іх пабудавана на мяжы дакументальнага і ігравога кіно, з выкарыстаннем прыёмаў рэпартажу і журналісцкага расследавання, элементамі мастацкай стужкі (Юрый Цвяткоў жа некалі працаваў і ў мастацкім кіно).

Самі здымкі праходзілі на радзіме герояў і ў Мінску. Фонам для акцёраў Віктара Манаева і Анатоля Длускага, а таксама спявачкі Вікторыі Алешка, якія чытаюць тэкст, з’явіліся інтэр’еры палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, мясціны вакол былой сядзібы Астроўскіх ля Чэрвеня, чытальная зала мясцовай бібліятэкі. Дарэчы, у апошняй працуе прапраўнучка самога прататыпа “благородного разбойника”. Яна і расказвае гледачам пра свайго знакамітага продка. Стужка багатая на ілюстратыўны матэрыял, у ёй выкарыстана шмат малюнкаў, фотаздымкаў. Ёсць нават музычныя “дапаўненні” ў выглядзе песень у выкананні Вікторыі Алешка і Анатоля Длускага.

Стужка рэжысёра Юрыя Цвяткова і сцэнарыста, пісьменніка Уладзіміра Мехава, без сумневу, займее самы шырокі пракатны лёс, бо можа не толькі ўпрыгожыць праграму любога з тэлевізійных каналаў (балазе працягласць дазваляе лёгка ўставіць яе ў адмысловы эфірны “слот”), але і быць часткай вучэбнага працэсу. Мова стужкі простая, але адрозніваецца ад звычайных тэлевізійных “гістарычных даследаванняў” сваім мастацкім узроўнем.

Год таму, таксама за аўтарствам Юрыя Цвяткова і Уладзіміра Мехава, ужо выйшла стужка “Шклоўскі ўладар”, якая апавядала пра знакамітага шклоўскага магната, фактычнага заснавальніка будучага славутага расійскага балета, князя Сямёна Зорыча. Спадзяёмся, яна і “Робін Гуды з беларускімі імёнамі” — толькі першыя дзве часткі папулярнага цыкла-падручніка па самых цікавых старонках гісторыі Бацькаўшчыны. Можна таксама быць упэўненым, што да постацей Паўла Астроўскага і Аляксандра Савіцкага некалі звернуцца і сцэнарысты “вялікага кіно”.