Эйнштэйн, Ньютан і… кот

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Што коласаўцы прывязуць у Мінск? У 2007 годзе коласаўцы сустракаліся са сталічнымі гледачамі на сцэне Купалаўскага тэатра. Гэта былі справаздачныя гастролі тагачаснага мастацкага кіраўніка тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віталя Баркоўскага. 17 верасня спектаклем “Васа” ў рэжысуры новага мастацкага кіраўніка трупы Рыда Таліпава адкрыюцца чарговыя гастролі калектыву ў Мінску. Што ж пабачаць сталічныя тэатралы?

 Пра спектакль “Васа” паводле Максіма Горкага “К” пісала падрабязна ў мінулым нумары, аднак і апрача гэтай “гісторыі сям’і”, што стала бенефіснай пастаноўкай народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной, коласаўцы падрыхтавалі разнастайную праграму.

У ёй — спектакль-споведзь “Крыж Еўфрасінні”, пастаўлены Міхаілам Краснабаевым па п’есе Ірыны Масляніцынай. Еўфрасіння Полацкая — яе ўвасобіла заслужаная артыстка краіны Таццяна Ліхачова — вяртаецца ў горад свайго юнацтва, каб паведаміць гледачам пра тое, як абрала ўласны шлях аднойчы і назаўсёды. У спектаклі— сустрэчы і размовы Еўфрасінні не толькі з манашкамі, сярод якіх — яе родная сястра Еўпраксія (Наталля Саламаха), а і з гараджанамі, якім неабходна ейная дапамога і падтрымка.

Спектакль “Апошнія сведкі” Святланы Алексіевіч — “сола для дзіцячага голасу”. Дзеці даваеннага класа сабраліся праз 65 гадоў пасля вайны. Класны кіраўнік прапаноўвае ім напісаць сачыненне на тэму: “Як я правёў дзяцінства?”. Гэта не біяграфіі, а— самыя яркія эпізоды з жыцця дзяцей, праз чые лёсы прайшла Вялікая Айчынная вайна. Спектакль паставіў сам аўтар інсцэніроўкі — рэжысёр Уладзімір Савіцкі. У пастаноўцы прымаюць удзел коласаўцы старэйшага пакалення: народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Тадэвуш Кокштыс, народная артыстка Беларусі Святлана Акружная, заслужаная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Валянціна Петрачкова, заслужаная артыстка Беларусі Тамара Скварцова.

У гастрольным рэпертуары — “Ветрагоны”, дзе прадстаўляюць “антыкрызісную праграму ад Уладзіслава Галубка” артысты малодшага і сярэдняга пакалення коласаўцаў. Саліруе ў гэтым спектаклі Раіса Грыбовіч, побач з ёй — Юрый Цвірко, Святлана Жукоўская, Анжаліка Баркоўская, Галіна Букаціна, Ларыса Антосева і маладыя артысты: Наталля Саламаха, Юлія Крашэўская, Максім Фралоў, Максім Каржыцкі, Андрэй Качан. А паставіў музычную камедыю, зноў жа, Уладзімір Савіцкі.

Класічную камедыю “За двума зайцамі” ўкраінскага драматурга Міхаіла Старыцкага прапаноўвае сталічнаму гледачу Міхаіл Краснабаеў. У ролі Проні Пракопаўны — Анастасія Куржалава, Галахвастага ўвасобіў Арцём Бародзіч. Гэты спектакль ужо наведалі гледачы Польшчы і Расіі, і ўсюды ён праходзіць з нязменным поспехам, паколькі перад намі — свята акцёрскага майстэрства, дзе няма ніводнай “прахадной” ролі.

У вандроўку па невядомай прасторы запрашае гледача пастаноўшчык спектакля “Прывітанне, Альберт!” Віталь Баркоўскі. Спектакль па п’есе Юрыя Сохара паставілі да 130-годдзя з дня нараджэння Альберта Эйнштэйна. У галоўнай ролі— Генадзь Гайдук. На сцэне— любімыя жанчыны Эйнштэйна: Эльза Левенталь (Анжаліка Баркоўская), Марыя Кюры (Галіна Букаціна), Элен Дзюкас (Ніна Обухава); знакамітыя людзі: Энрыка Фермі (Уладзімір Сівіцкі), Зігмунд Фрэйд (Валянцін Цвяткоў), Паліна Эйнштэйн (заслужаная артыстка Беларусі Тамара Шашкіна), а ў прарочым сне — нават Ісак Ньютан (народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс). Усе гэтыя людзі дапамаглі захаваць для нашчадкаў чалавека, які не толькі самааддана служыў навуцы, але і кахаў, хварэў, маркоціўся, радаваўся, а часцей— сумняваўся ў правільнасці асабістых перакананняў.

Камедыю сучаснага беларускага драматурга Дзіяны Балыка “Псіхааналітык для псіхааналітыка” паставіў на Коласаўскай сцэне рэжысёр Сяргей Кулікоўскі. Гэта парады псіхааналітыка на тэму, як маладым Светачцы (Наталля Саламаха) і Алексу (Арцём Бародзіч) наладзіць асабістае жыццё. Аднак сама доктар Вера Андрэеўна (Святлана Жукоўская) часта губляецца ў гэтым жыцці, асабліва пры сустрэчы з сапраўдным прафесіяналам Альбертам (Георгій Лойка). Усе ж гэтыя падзеі трапна каменціруе Кот Вучоны (Юлія Крашэўская).

А для маленькіх гледачоў коласаўцы падрыхтавалі казку Сяргея Казлова “Нам нельга без сябра” ў пастаноўцы Юрыя Куліка.

Здавалася б, не так даўно сустракаліся са сталічнымі гледачамі, але кожная сустрэча для тэатра — вельмі жаданая і доўгачаканая. Вельмі хочацца, каб нас чакалі і з задавальненнем прыходзілі на спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, якія з 17 па 26 верасня пройдуць на сцэне тэатра імя Максіма Горкага. А тым часам на Коласаўскай сцэне ў Віцебску сталічныя артысты-горкаўцы парадуюць сваім мастацтвам гледача горада над Заходняй Дзвіной.