Побыт верагоднага Гамлета

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Аляксандр Марчанка займае ў акцёрскай трупе Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі сваё адметнае месца (не ўсе ведаюць: значная частка артыстаў гэтай трупы мае менавіта рэжысёрскую адукацыю). Прыгожы статны артыст, ну проста арыстакрат з аблічча, — для такога ў любым тэатры знойдуцца ролі рыцараў, прынцаў. Так і адбылося...

 Сам Аляксандр сумна канстатуе, што ён ніколі не імкнуўся зрабіць сваё тэатральнае жыццё звышактыўным. Тым не менш, атрымаў свой шанц для самарэалізацыі — заззяць у цэнтральнай ролі спектакля “Ганна ў тропіках”. І мне падаецца, што ён скарыстаўся гэтым выпадкам. Зрэшты, усяму тэатру пайшла на карысць работа з рэжысёрам Дэніэлам Бэнксам, які шмат казаў пад час рэпетыцый пра Станіслаўскага, але рабіў гэта абсалютна па-свойму.

На маю думку, спектакль “Ганна ў тропіках” мае нешчаслівы лёс, як многія добрыя спектаклі: пастаўлены летам, наступны раз паказаны толькі пасля Новага года... Але рэжысёру пашчасціла арганізаваць існаванне трупы такім чынам, каб пастаноўка, што рызыкавала стаць чарговым бенефісам дуэта Сігоў — Сідаркевіч, сталася жывым арганізмам, насычаным глыбокім драматычным выкананнем. Аляксандр Марчанка іграў у акцёрскім ансамблі не апошнюю ролю.

Першы спектакль Марчанкі ў якасці рэжысёра, аднак, паўстаў не адразу, а некалькімі гадамі пазней. Вынік дэбюту з пастаноўкай “Сола для падзорнай трубы” паводле п’есы Таццяны Ламонавай атрымаўся зусім іншым ад запланаванага. П’есы аўтара асабіста для мяне заўсёды вызначаліся пэўным культурным “бэкграундам”: драматург добра разбіраецца ў матэрыяле і імкнецца перанесці яго на сцэну. Гісторыя акцёрскай сям’і, якую творчасць ратуе ад распаду, цалкам магла быць прачытана як спроба актуалізацыі класічнага матэрыялу. І спачатку рэжысёр рухаўся ў гэтым кірунку. Двое з занятых артыстаў — Галіна Чарнабаева і Канстанцін Воранаў — вычарпальна развівалі тэму ўзвышанага ў побытавым. Я памятаю, як Галіна Чарнабаева на адным з паказаў на пытанне: “Хто ж менавіта сочыць за героямі?” — адказвала: “Гэта Бог...” І такім чынам пераводзіла эстэтыку п’есы ў цалкам іншы рэгістр.

Спектакль рос, абрастаў “мастацкім мясам”, і раптам у пэўны момант ухіл пайшоў у іншы бок. Цудоўная, “разумная” дэкарацыя Алены Ігруша, што забяспечвае эфектны фінал, увогуле глядзіцца па-лубачнаму і нагадвае антрэпрызу, у гэтым жа накірунку рушыла і манера ігры выканаўцаў другога плана — Сяргея Шымко і Юліі Шаўчук. Гэтак з тонкага, інтэртэкстуальнага спектакля, з постмадэрнісцкіх гульняў, якімі падаваўся матэрыял напачатку, перад намі паўстала антрэпрызная пачвара. Рэшткі першапачатковай ідэі засталіся, і кампазіцыйна спектакль быў вытрыманы выдатна, але побыт, які амаль пакінулі па-за ўвагай, раптам узяў і “з’еў” узвышанае, што так песцілі стваральнікі пастаноўкі. Скразным вобразам “...Падзорнай трубы” стаў не дыялог з “Рамэа і Джульеты”, а гук... унітаза. Зрэшты, Аляксандр Марчанка даволі цвяроза ацэньвае вынікі працы: глядач, як заўсёды, задаволены, крытыкі знаходзяць за што пахваліць, але сам рэжысёр адгукаецца аб сваім спектаклі з неахвотай, зазначаючы ў прыватнай размове, што не атрымалася ў належнай ступені дапрацаваць матэрыял з аўтарам.

Перспектывы пастаноўкі на сцэне РТБД п’есы “Хлам” расійскага драматурга Міхаіла Дурнянкова (аднаго з найбольш заўважных тэкстаў для тэатра 2008 года, які ўзяў галоўны прыз на драматургічным конкурсе “Еўразія”) першапачаткова ўвогуле не разглядаліся. Міні-прэзентацый, якую паводле яе мусіў зрабіць Аляксандр Марчанка для лістападаўскага семінара ў Цэнтры сучаснай драматургіі і рэжысуры, адбывалася процьма, да спектакляў жа “дапаўзлі” адзінкі. Да таго ж, з улікам часавай абмежаванасці, не было магчымасці ўзяць тэкст цалкам — давялося вычляняць асобную сюжэтную лінію, і сам аўтар паставіўся да гэтай ідэі даволі скептычна. Але вынікам таго, што атрымалася ў Аляксандра Марчанкі і выканаўцы галоўнай ролі Максіма Паніматчанкі, былі здзіўлены ўсе.

Марчанка не стаў чытаць са сцэны тэкст п’есы, а на падставе скразной ідэі стварыў шэраг выразных сцэн, пад час якіх супрацьпаставіў галоўнага персанажа навакольнаму асяроддзю. Герой Паніматчанкі настолькі арганічна і пераканаўча пражываў гэтыя эпізоды, што яны сталі рэальным увасабленнем гэтага самага развітання з мінулым жыццём і крывадушнасцю, фармальнасцю жыцця сапраўднага. Перад намі раптам паўстаў новы герой: сучасны, спустошаны маскультам, індустрыяльнай цывілізацыяй, якая скарысталася ім і выкінула. Той рэдкі выпадак, калі сціслы па выразных сродках эксперымент дае сапраўдную эмоцыю, вырастае да тэатральнай дзеі. Постфактум маскоўскі тэатральны крытык Павел Руднеў, які браў удзел у семінары, сказаў: “Здаецца само сабой зразумелым, што з гэтага проста абавязаны вырасці спектакль”.

На здымку: Аляксандр Марчанка і Людміла Сідаркевіч у спектаклі “Дзённік паэта”.