Злачынства і пакаранне...

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Якая адказнасць для “браканьераў” на спадчыну? Гэтым разам на сацыяльных палосах “К” звяртаецца да тэмы “злачынства і пакарання” ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Тэорыю і практыку функцыянавання заканадаўства ў названай сферы разглядаюць кандыдат юрыдычных навук Ігар МАРТЫНЕНКА і начальнік упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар ЧАРНЯЎСКІ. Адну з самых вострых праблем, закранутых пад час “круглага стала” па тэме міжнароднага заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны (гл. “К” №16 за 2009 г.), можна акрэсліць словамі класіка: злачынства і пакаранне. Якія парушэнні закону найбольш характэрныя ў сферы аховы спадчыны, ці “падрыхтавана” для іх сучаснае беларускае заканадаўства, і чаму адлюстраваная, нібы ў рамане Дастаеўскага, прычынна-выніковая сувязь у беларускіх рэаліях прасочваецца пакуль не заўсёды? Гэтыя пытанні карэспандэнт “К” адрасаваў кандыдату юрыдычных навук, дацэнту, загадчыку кафедры грамадзянскага права і працэсу Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Ігару Мартыненку: спецыяліст вывучае юрыдычны аспект аховы спадчыны з 1993 года.

Тыпалогія па...

Па словах Ігара Мартыненкі, выпадкі парушэння заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей займаюць невялікую долю ў агульнай структуры злачынстваў і супрацьпраўных дзеянняў: “Гэта, можа, адзін або два працэнты, але іх сацыяльная значнасць вельмі вялікая. І таму яны вымагаюць асобнай увагі”.

Калі гаварыць аб юрыдычнай і працэсуальнай практыцы, то ў названай сферы вымалёўваецца пэўная тыпалогія злачынстваў. “Я прапанаваў бы класіфікацыю паводле матываў, якімі кіруюцца злачынцы, — менавіта яны маюць вызначальную ролю, — лічыць Ігар Мартыненка. — Матывы могуць быць розныя: карысць (згадайма тых, для каго помнікі— гэта толькі каляровы метал); зайздрасць і помста (жаданне знішчыць або пашкодзіць культурную каштоўнасць, якая належыць іншаму); пыха (у трансфармаванай свядомасці некаторых сучаснікаў — прысваенне гісторыка-культурных каштоўнасцей азначае набыццё грамадскай значнасці); хуліганства (злачынцы не разумеюць каштоўнасці помніка спадчыны, ім усё роўна, куды скіроўваць сваю дэструктыўную энергію); рэлігійная або нацыянальная нецярпімасць”.

Асобная катэгорыя — злачынствы па неасцярожнасці. Як адзначаюць юрысты, артыкул № 345 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць і за такія парушэнні.

“Здавалася б, закон не парушаецца…”

Вядома, карэспандэнта “К” найперш зацікавіла сітуацыя са злачынствамі наўмыснымі. На гэта Ігар Мартыненка прывёў цэлы шэраг прыкладаў:

— Адзін з іх — калі не тыповы, дык, прынамсі, і не адзінкавы. Грамадзянін М. пранікаў у кватэры ветэранаў вайны, прадстаўляючыся супрацоўнікам СМІ, і, карыстаючыся даверам пацярпелых, выкрадаў ордэны і медалі. Улічваючы адносную распаўсюджанасць такога тыпу злачынстваў, паступіла прапанова ўлічыць іх у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Гэтыя змяненні ўступілі ў дзеянне пазалетась.

А вось прыклад зусім іншага кшталту. На падставе аналізу практыкі правапарушэнняў мною была сфармулявана і ўведзена ў юрыдычны ўжытак такая форма злачыннасці, як знос помніка пад відам яго рэстаўрацыі. Схема тут зазвычай падобная. Камерцыйныя структуры імкнуцца размясціць свае офісы ў цэнтры горада і, паколькі новае будаўніцтва ў гістарычнай частцы моцна абмежавана, яны бяруць у арэнду або набываюць ва ўласнасць аб’екты, якія ўваходзяць у склад гістарычнай забудовы, і дэкларуюць намер іх адрэстаўраваць.

Здавалася б, закон не парушаецца: уладальнікі замаўляюць праектна-каштарысную дакументацыю, атрымліваюць прадугледжаныя заканадаўствам дазволы, аднак… У выніку “рэстаўрацыйных работ” замест старой камяніцы паўстае абсалютна новы будынак, што нават паводле аб’ёму не тоесны свайму гістарычнаму папярэдніку. А потым стараннямі “законапаслухмянага” ўласніка на яго муры з’яўляецца ахоўная дошка.

Але яна ўжо не да месца, бо такі аб’ект мае быць выключаны з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурнай спадчыны.

“Шчаслівы выпадак” у раскопе

Гаворачы пра заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны, немагчыма абмінуць і тэму “чорных археолагаў”. Ці “раскрыта” яна належным чынам?

— Доўгі час у краіне не было прававой рэгламентацыі гэтага тыпу злачынстваў,— згадвае Ігар Мартыненка. — У 2007 годзе па нашай прапанове зменены рэдакцыі артыкулаў Крымінальнага і Грамадзянскага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць прававыя наступствы знаходжання скарбу. У прыватнасці, прадугледжана адказнасць за знішчэнне або пашкоджанне зноў выяўленых аб’ектаў спадчыны.

Ці мелі прыгаданыя змены дзейсныя вынікі? Праваахоўная дзейнасць у дадзеным пытанні вельмі пасіўная, лічыць Ігар Мартыненка. “Крымінальныя справы па фактах пашкоджання помнікаў археалогіі ў выніку незаконнай пошукавай дзейнасці практычна не ўзбуджаюцца. Ёсць выпадкі прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці, але яны таксама адзінкавыя, нават у маштабах усёй краіны. Рэальна прыцягнуць да адказнасці за нелегальнае скарбашукальніцтва можна толькі ў тым выпадку, калі ўдаецца заспець злачынцу непасрэдна ў раскопе. Але ж, як сведчыць мой чатырнаццацігадовы досвед працы ў пракуратуры, такія “шчаслівыя выпадкі” — адзінкавыя”.

Чаму атрымліваецца такім чынам? Можна прывесці цэлы шэраг абставін. Папершае, гэта недастакова высокі ўзровень дзейнасці праваахоўных органаў: даволі часта іх прадстаўнікі не валодаюць методыкай выяўлення падобных правапарушэнняў. Па-другое, часам праваахоўнікі належным чынам не ўсведамляюць значнасці археалагічнай спадчыны, разглядаючы скарбашукальніцтва як нейкае бяскрыўднае хобі, накшталт калекцыянавання манет, а зусім не як сур’ёзнае злачынства. Хаця гэта, па сутнасці, крадзеж народнага багацця, і паралелі тут дарэчныя, хутчэй, з браканьерствам. Не кажучы ўжо пра маральны аспект: часам у прыватныя калекцыі трапляюць і касцявыя астанкі.

Цяжка не пагадзіцца з юрыстам, што сёння “чорныя археолагі” — гэта ўжо не “энтузіясты”-рамантыкі. Адносная легалізацыя рынку археалагічных каштоўнасцей прывяла да таго, што гэты злачынны бізнес добра арганізаваны. “Вядомы спробы прыцягнення да незаконных раскопак прафесійных археолагаў, а таксама спецыялістаў тэхнічнага профілю. Шырока прымяняецца сучаснае абсталяванне. Дарэчы, абарот металадэтэктараў, іх продаж, выраб, прымяненне сёння ніяк не рэгламентуюцца беларускім заканадаўствам. Думаецца, стварыць пэўную перашкоду злачынцам можна было б праз увядзенне ліцэнзавання гэтых відаў дзейнасці”, — мяркуе суразмоўца “К”.

Ёсць і яшчэ адзін важны момант: Рэспубліка Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі UNESCO аб ахове падводнай культурнай спадчыны, якая ўступіла ў сілу з 2 студзеня 2009 года. Гэта азначае, што аб’екты воднай археалогіі, па сутнасці, выпалі сёння з прамога заканадаўчага рэгулявання.

Міграцыя — транзітная

Яшчэ адзін распаўсюджаны тып злачынстваў — нелегальны вываз культурных каштоўнасцей… За апошнія два з паловай гады органы мытнай службы краіны выявілі і затрымалі больш як 800 прадметаў даўніны і мастацтва. Аналізуючы праваахоўную практыку, можна прыйсці да высновы, што ў нас сфарміраваліся тры каналы такой кантрабанды: берлінска-варшаўскі, вільнюскі і львоўскі. У асноўным з Беларусі вывозяцца прадметы старажытнага мастацтва расійскага паходжання. “Значыць, наладжана спецыфічная форма кантрабанды: нелегальная транзітная міграцыя культурных каштоўнасцей”, — падкрэслівае юрыст.

Заканадаўчыя акты, якія дзейнічаюць у дадзенай сферы, не ў поўным аб’ёме дазваляюць прадухіліць гэты тып злачынства. Прычына — відавочная: крымінальныя справы ўзбуджаюцца толькі ў тым выпадку, калі сукупны кошт нелегальна перасоўваемых прадметаў складае 2000 базавых велічынь — на сёння гэта каля 25 000 долараў ЗША. Ва ўсіх іншых выпадках узбуджаецца толькі адміністратыўная справа, і, адпаведна, аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы не праводзяцца. А менавіта яны дазваляюць выявіць саму схему вывазу культурных каштоўнасцей, а не толькі асобныя выпадкі.

Першая ахвяра — гэта…

Урэшце, пяройдзем да самага банальнага, здавалася б, тыпу злачынстваў — крадзяжу культурных каштоўнасцей. Мяркуючы па матэрыялах СМІ, такія выпадкі ў нас нярэдкія. “І заўважце наступную акалічнасць, — звяртае ўвагу Мартыненка, — у асноўным злодзеі выбіраюць менавіта культавыя пабудовы”.

Тое зразумела, паколькі ў плане забяспечанасці ахоўнымі сродкамі яны зазвычай саступаюць, скажам, музеям. Заканамернасць тут — вельмі простая, і высновы— зразумелыя: будынак, які мае сучасную сістэму сігналізацыі, мае куды менш шанцаў стаць месцам злачынства, чым той, чые ўласнікі належным чынам не дбаюць пра захоўванне сваіх каштоўнасцей.

Пасля нядаўніх змяненняў Крымінальнага кодэкса былі ўстаноўлены больш жорсткія меры адказнасці за крадзеж. Але па-ранейшаму няма асобнага артыкула, які разглядаў бы гэтае злачынства менавіта ў дачыненні да культурных каштоўнасцей. “Сёння, дэ-юрэ, не мае значэння, што было скрадзена: унікальны абраз веткаўскай школы або тэлевізар серыйнай вытворчасці”, — адзначае Ігар Мартыненка.

Прыпыненыя справы

Ці часта ўзбуджаюцца крымінальныя справы па факце злачынства супраць гісторыка-культурнай спадчыны? — На сёння яны — вялікая рэдкасць для нашай праваахоўнай сістэмы — калі не лічыць выпадкаў так званага вандалізму,— рэзюмуе Ігар Мартыненка.— За перыяд з 2007 па 2009 гады было ўзбуджана 9 крымінальных спраў па артыкуле № 344 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Прычым усе яны былі прыпынены следствам.

Прычына ў тым, што структуры органаў мясцовай улады, адказныя за ахову спадчыны, не заўсёды выяўляюць факты парушэння законнасці, нават у тых выпадках, калі яны навідавоку. Адпаведна, не накіроўваецца інфармацыя, патрэбная для ўзбуджэння крымінальнай справы, у праваахоўныя органы, няма і судовых іскаў аб кампенсацыі страты, прычыненай помніку.

Якое выйсце з дадзенай сітуацыі? Перш-наперш, гэта актывізацыя дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання ўсіх узроўняў, а таксама грамадскіх арганізацый. Лічу, апошнія мусяць мець большыя паўнамоцтвы. Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 кастрычніка 2008 года № 1570 прадугледжвае пэўныя формы грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, але, мяркую, іх трэба істотна пашырыць: даць грамадскім аб’яднанням магчымасць фіксаваць правапарушэнні, прад’яўляць іскі ў суд, накіроўваць паведамленні ў праваахоўныя органы. І самае галоўнае: гэтыя звароты не павінны заставацца без рэакцыі, што, на жаль, сёння нярэдка адбываецца. Гэта значыць, праверкі выяўленых фактаў не праводзяцца або праводзяцца фармальна. Таму і крымінальныя справы не ўзбуджаюцца.

Нельга не канстатаваць і супярэчлівасці статуса спецыялістаў, адказных за ахову спадчыны на месцах. Інспектары па ахове гісторыка-культурнай спадчыны з упраўленняў і аддзелаў культуры маюць, па сутнасці, падвойную падначаленасць: мясцовым уладам і Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь. На маю думку, цяпер сфарміраваліся ўмовы для істотнага рэфармавання сістэмы органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Менавіта аптымізацыя такога кантролю дазволіць вырашыць многія набалелыя праблемы.