Аналітыка па канкрэтных слядах

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Каментарый з нагоды Па каментарый “К” звярнулася да начальніка ўпраўлення гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігара ЧАРНЯЎСКАГА:

— Гаворачы пра ўчыненне злачынстваў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, перш за ўсё варта звярнуць увагу на тэрміналогію, якая выкарыстоўваецца для пазначэння пэўных прадметаў і з’яў. Дастаткова прачытаць чацвёрты абзац артыкула 1 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” (Закону аб ахове спадчыны), каб зразумець, што ў прыведзеным Ігарам Мартыненкам прыкладзе выкрадзеныя грамадзянінам М. у ветэрана ордэны і медалі могуць быць класіфікаваны, верагодней, як культурныя каштоўнасці, але ж не з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Тое ж можна сказаць і ў дачыненні да такога тыпу злачынства, названага даследчыкам “карысць”. Сумнеўна, каб матэрыяльную сутнасць, скажам, помнікаў археалогіі (стаянка, курган або гарадзішча), архітэктуры (замак, царква або палац), горадабудаўніцтва (напрыклад, гістарычны цэнтр г. Гродна), гісторыі (брацкая магіла) ці дакументальнага помніка (скажам, старонкі летапісу) маглі ўтвараць золата або срэбра. Такімі могуць быць хіба толькі некаторыя з помнікаў мастацтва, а дакладней — асобныя катэгорыі твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Ужыванне таго або іншага тэрміна мае надзвычай вялікае значэнне як у асяроддзі спецыялістаў пэўнай сферы дзейнасці, так і пры класіфікацыі злачынных дзеянняў. Возьмем, напрыклад, пытанне перамяшчэння культурных каштоўнасцей праз мытную граніцу краіны. Тыя ж медалі або карціны, якія з’яўляюцца культурнымі каштоўнасцямі, пры пэўных умовах могуць быць вывезенымі за мяжу не толькі часова, але назаўсёды. Але ж пасля надання гэтым прадметам статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці іх вываз можа быць ажыццёўлены толькі часова ў рамках міжнароднага культурнага супрацоўніцтва.

На наш погляд, патрабуе дадатковых тлумачэнняў тыпалогія злачынстваў у цэлым. Як даказаць, што нехта з зайздрасці і помсты знішчыў аб’ект, што ўяўляў з сябе менавіта гісторыка-культурную каштоўнасць?

Такім жа чынам не можа быць агулам акрэслена форма злачынства, якая пададзена як знос помніка пад відам рэстаўрацыі. Паняцце рэстаўрацыі мае тлумачэнне як ў міжнародных нарматыўных і метадычных дакументах, так і ў беларускім заканадаўстве, паводле якога гэта комплекс мерапрыемстваў па навукова-абгрунтаваным аднаўленні страчаных фрагментаў гісторыка-культурнай каштоўнасцей, а таксама іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей. Таму знос і рэстаўрацыя маюць дыяметральна супрацьлеглае значэнне. А словы Ігара Мартыненкі пра ўзнікненне ў выніку “рэстаўрацыйных работ” замест старой камяніцы абсалютна новага будынка або ўсталяванні на яго муры ахоўнай дошкі выглядаюць толькі простай дэкларацыяй. Тут дарэчы было б прывесці канкрэтныя прыклады з аналізам навукова-праектнай дакументацыі, на падставе якой праведзены работы.

Звяртае на сябе ўвагу ў матэрыяле значная ўвага да помнікаў археалогіі. Сапраўды, яны сёння найбольш часта з’яўляюцца аб’ектамі злачынных дзеянняў. Публікацыі аб “чорнай археалогіі” перыядычна з’яўляюцца ў СМІ. Толькі далей за канстатацыю фактаў наяўнасці гэтай надзвычай негатыўнай з’явы справа доўгі час не рушылася. Зараз спецыялістамі Міністэрства культуры распачата праца над праектам прававога нарматыўнага акта, якім павінна рэгулявацца выкарыстанне металашукальнікаў. Ці вырашыць праблему ўвядзенне яго ў дзеянне? Напэўна, не да канца.

У гэтай справе, несумненна, карыснай можа быць дапамога прафесійных археолагаў, дасведчаных юрыстаў, спецыялістаў праваахоўных органаў. У гэтым кантэксце далучэнне Рэспублікі Беларусь да Канвенцыі UNESCO аб ахове падводнай культурнай спадчыны на сённяшні дзень для краіны не з’яўляецца найбольш актуальным. У адрозненне ад Крыма або Грэцыі, аб’ектаў археалогіі, якія апынуліся ў Беларусі пад вадой, мізэр. Ды й беларускае заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны не падзяляе іх на размешчаныя на дне вадаёмаў і— на сушы. Абавязкі юрыдычных і фізічных асоб у адносінах да першых і да другіх — аднолькавыя.

Закранаючы надзвычай актуальную тэму злачынстваў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і пакарання за іх учыненне, варта было б абапірацца на канкрэтныя факты. Тэорыя — гэта добра, толькі, што вядома здаўна, яна без практыкі мёртвая. Да прыкладу, як патлумачыць выснову пракуратуры аднаго з раёнаў Мінскай вобласці аб адсутнасці складу злачынства ў дзеяннях, у выніку якіх быў знішчаны драўляны свіран, што ўваходзіў у комплекс сядзібна-паркавага комплексу, уключанага ва ўстаноўленым парадку ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь? І недасведчанага чалавека возьме подзіў ад такой жа канстатацыі па выніках амаль двухгадовага расследавання факта знішчэння культурнага пласта і часткі падмуркаў былога езуіцкага кляштара XVIII стагоддзя ў траншэі плошчай звыш 50 квадратных метраў на тэрыторыі гістарычнага цэнтра аднаго з абласных цэнтраў краіны.

Праблема, несумненна, існуе. Але аналіз яе павінен мець канкрэтны характар. Іначай цяжка зразумець, чаму прычынай прыпынення 9 крымінальных спраў, узбуджаных па артыкуле 344 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, стала невыяўленне фактаў парушэння законнасці структурамі органаў мясцовай улады, адказных за ахову спадчыны. Калі справы былі ўзбуджаны, то факты ж былі? Можна выказаць здагадку, што пытанне — у іншым. Магчыма, да ўстанаўлення такога роду злачынства не былі падрыхтаваны адпаведныя службовыя асобы. (Згадаем, свіран — знішчаны, а складу злачынства няма: пра што ж тады напісана ў артыкуле 345 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь?) Не выключана, што супрацоўнікі музея або метадычнага цэнтра, на якія ў раёнах краіны ўскладзены функцыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны, не валодаюць практыкай дакументавання парушэнняў заканадаўства.

У сувязі з апошнім, варта ведаць, што мясцовыя спецыялісты не могуць быць падпарадкаваны Міністэрству культуры. Варта зазірнуць у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, каб пераканацца ў гэтым. Можна гаварыць аб арганізацыйным, метадычным, прававым садзейнічанні Міністэрства культуры ў працы спецыялістаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, што вынікае з артыкула 9 Закону аб ахове спадчыны. Але даручэнне такому спецыялісту можа быць дадзена толькі яго непасрэдным кіраўніком, які, у сваю чаргу, можа атрымаць даручэнне ад кіраўніка райвыканкама або яго намеснікаў.

Аднак нельга не адзначыць актуальнасці публікацыі адносна злачынстваў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і пакарання за іх учыненне. Сапраўды, гэтая тэма патрабуе падрабязнага абмеркавання. Ёсць надзённая патрэба ў абгрунтаваных каментарыях па розных фактах правапарушэнняў. Карысць у наладжванні прафесійнага абмеркавання гэтай тэмы несумненная. З аднаго боку, грамадскасць ад прафесіяналаў даведаецца, што пры нанясенні шкоды гісторыка-культурным каштоўнасцям можна сутыкнуцца з сур’ёзнымі для сябе непрыемнасцямі. А калі закон за падобныя дзеянні ўстанаўлівае пакаранні, то, нехта падумае, такія аб’екты нечага вартыя. Тым самым хтосьці, можа ўпершыню, зацікавіцца гісторыка-культурнай спадчынай. А яшчэ ж, што надзвычай важна, і спецыялісты ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны змогуць узбагаціць свой досвед ведамі, якія пераважнай большасці з іх у навучальных установах ніхто не даваў.