Як распавёў карэспандэнту “К” галоўны спецыяліст аддзела культасветработы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Марына Ясюк, новы будынак бібліятэкі разлічаны на 2,5 тысячы чытачоў з наступным павелічэннем. “Касцяк” фонду новага “храма ведаў” складае больш за 25 тысяч выданняў, і гэта — літаратура рознага кшталту, у тым ліку і прафесійная. “Спецыялізацыю” новай бібліятэкі нельга акрэсліць азначэннем “толькі для сямейнага наведвання”, — кажа галоўны спецыяліст, — бо яна падтрымлівае і і фармат прафесійнага наведвання. Тут можна будзе знайсці інфармацыю рознага кшталту, а не толькі дэтэктывы і жаночыя раманы”.
У новым будынку — некалькі чытальных залаў, ёсць медыяцэнтр з сучасным абсталяваннем, спецыяльны пакой для маленькіх дзяцей. Акрамя таго, у бібліятэцы прадугледжана і зала для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
“Мы спадзяёмся, што бібліятэка стане сапраўдным падарункам для мінчан, утульным і прыемным месцам для правядзення адпачынку, навучання”, — зазначыла Марына Ясюк.