Для сяброў няма міжсезоння

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Маладая беларуская цымбалістка Вераніка Прадзед і піяністка Даша Мароз знайшлі новых прыхільнікаў сваёй творчасці на ІІІ Міжнародным музычным фестывалі “Збіраем сяброў” у Маскве, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі краін Еўропы, Азіі, Паўднёвай Амерыкі. Канцэрт нашых дзяўчат, які адбыўся 16 жніўня ў Рахманінаўскай зале Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, уразіў гасцей не толькі новым для многіх з іх музычным інструментам — нашымі цымбаламі, але і незнаёмай для іх беларускай музыкай, што ніколькі не тушавалася поруч з прызнанымі старадаўнімі і рамантычнымі сусветнымі шэдэўрамі.

Гэты дзявочы дуэт склаўся некалькі гадоў таму. Вераніка — магістрантка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а Даша — ужо салістка сталічнай філармоніі і педагог кафедры камернага ансамбля БДАМ. Абедзве ж яны — лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў, удзельніцы многіх фестываляў, для кожнага з якіх не стамляюцца рыхтаваць усё новыя і новыя праграмы. Асабліва цікавяць іх творы беларускіх кампазітараў — як найноўшыя, так і ўжо крыху падзабытыя, а то і ўвогуле не “дайшоўшыя” да вялікай канцэртнай сцэны. А бездакорны густ, прыроджанае пачуццё стылю, уменне дасканала прачытаць і як мага больш выйгрышна паднесці аўтарскую задуму забяспечваюць ім на канцэртах пастаянныя аншлагі.

Так адбылося і гэтым разам, нягледзячы на жнівеньскі “мёртвы сезон” філарманічнай дзейнасці. Менавіта на пераадоленне “міжсезонных” канцэртных спадаў быў накіраваны і ўвесь фестываль. Нарадзіўся ён з фінальнага канцэрта ўдзельнікаў Міжнароднай летняй школы Маскоўскай кансерваторыі. З цягам часу пашырылася не толькі колькасць выступоўцаў, але і разнастайнасць канцэртаў. Сёлета іх адбылося ажно 13 — разам з традыцыйным канцэртам удзельнікаў Летняй школы. І беларускі, па прызнанні тамтэйшых знаўцаў, аказаўся адным з самых запамінальных.