З прыцэлам на “Берлінале”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Беларускае нацыянальнае кінамастацтва гатова выйсці на ўзровень сур’ёзных міжнародных фестываляў. “Першай ластаўкай” павінны стаць “Ваўкі” — стужка Аляксандра Колбышава, якая рыхтуецца да адпраўкі на Берлінскі кінафестываль. Зараз фарміруецца пакет дакументаў для падачы адпаведнай заяўкі і спецыяльная “фестывальная” кінакопія з субцітрамі на нямецкай і англійскай мовах.

 Як расказалі карэспандэнту “К” на кінастудыі, на дадзены момант праца над “чарнавым” варыянтам стужкі падышла да завяршэння. Канчатковы варыянт “Ваўкоў” будзе гатовы праз некалькі месяцаў. На “Беларусьфільме” карціну Колбышава лічаць адной з лепшых, знятых за апошні час, і спадзяюцца, што да таго, як трапіць у шырокі пракат, яна паўдзельнічае ў шэрагу міжнародных кінафорумаў. Берлінскі фестываль быў абраны для дэбюту новай беларускай стужкі як адзін з самых прэстыжных і зручных па часе правядзення.

Паводле атрыманай інфармацыі, на “РУП “Беларусьфільм” створана спецыяльная працоўная група для падрыхтоўкі субцітраў і пакета заявачных дакументаў. Берлінскі міжнародны кінафестываль, які лічыцца адным з кінафорумаў класа “А”, пройдзе ў лютым наступнага года.