Жывапісцы і музыканты — разам

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Навучэнцы мастацкіх вучылішчаў Беларусі і Расіі прынялі ўдзел у майстар-класах “Саюзная дзяржава — маладым талентам XXI стагоддзя”, якія распачаліся 17 жніўня. Сёння і заўтра адбудуцца заключныя справаздачныя канцэрты ў канцэртнай зале Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. Там жа пройдуць і выстаўкі жывапісу. Адзначым, заняткі з лепшымі педагогамі Масквы па музыцы і жывапісе адбываюцца ўжо больш за пяць гадоў.

 17 жніўня Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін накіраваў прывітанне юным удзельнікам і педагогам майстар-класаў. Ён адзначыў, што гэтыя творчыя сустрэчы — адзін з самых эфектыўных праектаў Саюзнай дзяржавы, дзякуючы якім з’явіўся самастойны калектыў — Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр.

Як паведамілі ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы ў Мінску, удзельнікі з Беларусі вучацца ў спецыялізаваных мастацкіх каледжах і вучылішчах нашай краіны. Іхні ўзрост — ад 10 да 18 гадоў. Такія ж патрабаванні і да моладзі з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Яны прадставяць творы ў лепшых традыцыях нацыянальных культур. Як засведчылі мінулыя майстар-класы, мерапрыемства спрыяе захаванню канонаў мастацтва, узаемапранікненню культур. Арганізатарам з’яўляецца Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, а дзяржаўнымі заказчыкамі — міністэрствы культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Заняткі жнівеньскімі днямі праходзілі па наступных спецыяльнасцях: музычныя — фартэпіяна, скрыпка, флейта, кларнет, валторна, ударныя інструменты; выяўленчае мастацтва — жывапіс, малюнак, кампазіцыя. Майстар-класы правялі выкладчыкі Цэнтральнай музычнай школы і Маскоўскай кансерваторыі, народны мастак Расіі Валерый Малалеткаў.