17 жніўня Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін накіраваў прывітанне юным удзельнікам і педагогам майстар-класаў. Ён адзначыў, што гэтыя творчыя сустрэчы — адзін з самых эфектыўных праектаў Саюзнай дзяржавы, дзякуючы якім з’явіўся самастойны калектыў — Маладзёжны беларуска-расійскі сімфанічны аркестр.
Як паведамілі ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы ў Мінску, удзельнікі з Беларусі вучацца ў спецыялізаваных мастацкіх каледжах і вучылішчах нашай краіны. Іхні ўзрост — ад 10 да 18 гадоў. Такія ж патрабаванні і да моладзі з рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Яны прадставяць творы ў лепшых традыцыях нацыянальных культур. Як засведчылі мінулыя майстар-класы, мерапрыемства спрыяе захаванню канонаў мастацтва, узаемапранікненню культур. Арганізатарам з’яўляецца Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, а дзяржаўнымі заказчыкамі — міністэрствы культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Заняткі жнівеньскімі днямі праходзілі па наступных спецыяльнасцях: музычныя — фартэпіяна, скрыпка, флейта, кларнет, валторна, ударныя інструменты; выяўленчае мастацтва — жывапіс, малюнак, кампазіцыя. Майстар-класы правялі выкладчыкі Цэнтральнай музычнай школы і Маскоўскай кансерваторыі, народны мастак Расіі Валерый Малалеткаў.