Гогаль на “Белай вежы”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Творчасці Мікалая Гогаля будзе прысвечаны XIV Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”, які пройдзе 5 — 12 верасня ў Брэсце. У конкурснай праграме — пастаноўкі твораў класіка. Удзел у фестывалі пацвердзілі тэатральныя калектывы 13 краін свету. Асноўная частка спектакляў адбудзецца ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы імя Ленінскага камсамола.

 Як паведаміла “К” намеснік генеральнага дырэктара ўстановы па інфармацыі і арганізацыі гледача Ларыса Навіцкая, свае пастаноўкі пакажуць тэатры Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы, Азербайджана, Таджыкістана, Ірана, Бразіліі, Венесуэлы, Германіі. Упершыню прыедзе калектыў з Нігерыі — танцавальная трупа Цэнтра афрыканскай культуры і мастацтва. Увазе гледачоў будуць прапанаваны спектаклі як традыцыйных жанраў — камедыя, драматычная балада, музычны і лялечны спектакль, вулічнае прадстаўленне, так і новага — саунддрама ад Цэнтра імя Меерхольда з Масквы. Гэтая пастаноўка абяцае не толькі візуальнае шоу, а і гукавое.

Пад час фестывалю, акрамя тэатра-арганізатара, сваё майстэрства пакажуць: тэатральная трупа Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Магілёўскі абласны тэатр лялек, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага, Група сучаснай харэаграфіі “ТАД” з Гродна, Драматычны тэатр Беларускай арміі з Мінска, Узорная студыя сучаснага танца “Паралелі” з Віцебска. Конкурсная праграма складаецца з драматычных твораў М.В. Гогаля, лепшых сцэнічных пастановак сусветнай і нацыянальнай драматургіі, эксперыментальнай драмы і лялечных спектакляў. Па-за конкурсам пройдзе гала-канцэрт зорак оперы, выступяць студэнцкія тэатры, адбудуцца гасцявыя пастаноўкі. Усяго 30 спектакляў будзе прадэманстравана ў Малой і Вялікай залах Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, Брэсцкага грамадска-культурнага цэнтра, Цэнтра маладзёжнай творчасці, а таксама на вуліцах горада. Білеты можна будзе набыць з 25 жніўня.

Арганізатарамі “Белай вежы” з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.