Пярсцёнак без падману

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

У Гродзенскім абласным тэатры лялек чарговая прэм’ера – спектакль “Чароўны пярсцёнак” Алега Жугжды паводле твораў Б.Шаргіна

 /i/content/pi/cult/114/290/Pyarscenak.jpg
Барыс Шаргін — казачнік, мастак, пісьменнік, які ўсё сваё жыццё прысвяціў справе захавання рускага слова, але пра яго нядаўні стогадовы юбілей у Расіі мала хто згадаў.
А вось галоўны рэжысёр Гродзенскага тэатра лялек А.Жугжда сваім новым спектаклем здзівіў усіх: не толькі згадкай пра такую знакамітую асобу, а найперш — пра мастацкі талент гэтага чалавека.
Казка нібыта надзвычай простая. Тут усё — як у знакамітым мульціку: ката з сабакам і змяюкай купляюць, пярсцёнак здабываюць, губляюць, зноў вяртаюць, і — дзея спектакля не завяршылася б, калі б не было ў нашым жыцці дабра і справядлівасці. Усё становіцца на сваё месца, кожны застаецца ў тым кутку свету, дзе палічыць патрэбным.Але ж на паверку не ўсё аказваецца так проста, і з кожнай хвілінай спектакль раскрывае гледачам свае “разыначкі” адну за адною. Сярод іх — партрэт каханага прынцэсы Аграфены, на якім — не хто іншы, як знакаміты сучасны кінаакцёр Антоніо Бандэрас; крышталёвы мост, складзены з пластыкавых бутэлек; палац цара і царыцы, які ўпрыгожваюць звычайныя кардонныя каробкі з надпісам “Камунарка”; а шык-аўто, на якім Ванька едзе ў царскі палац, уяўляе сабою не што іншае, як жалезную каталку з рашоткамі (сцэнаграфія і лялькі — Валерыя Рачкоўскага). Вось героі спектакля — выразныя планшэтныя лялькі ў руках гродзенскіх акцёраў — і карыстаюцца ўсім гэтым, разыгрываючы цудоўную гісторыю з чароўнымі і смешнымі прыгодамі.
Спектакль уражвае тонкім гумарам і незвычайнай, лёгкай ігрой акцёраў. Да таго ж, сцэнічнае дзеянне ўпрыгожвае густоўная музыка, падабраная Анатолем Кандыбам. І зусім не банальна, а надзвычай пераканаўча гучыць у спектаклі галоўная думка: “Шчасце на падмане і здрадніцтве не збудуеш.” 

Марына ДАНІЛЬЧЫК
Гродна