Ці прыжывуцца іванаўскія ідэі на пінскай глебе?

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Турпраект “К”: велатур па Палессі Частка ІІ Пра помнікі, туркомплексы, аграсядзібы і лекавыя травы (Працяг. Пачатак у № 32.) Калі мы пакінулі сцены мотальскага музея, надышла ўжо шарая гадзіна. Адпаведна, самы час вырашаць пытанне з начлегам. Адна з мэт нашага падарожжа — праверыць турінф р а с т р у к т у р у маршруту, так бы мовіць, “на ўласнай скуры”. Ад пачатку паставілі сабе задачу спыняцца, па магчымасці, не ў гатэлях райцэнтраў, а ў маленькіх вёсках і мястэчках. Менавіта тут болей за ўсё адчуваецца тое, па што мы на Палессе і прыехалі: своеасаблівы і ні з чым не параўнальны дух гэтай зямлі, які, адначасова, з’яўляецца і галоўным яе турыстычным патэнцыялам.

 Напружаны "трафік" буслоў

Яшчэ пару гадоў таму заначаваць у Моталі не было дзе. Сітуацыя наўрад ці змянілася б і сёння, калі б не Указ Прэзідэнта краіны аб развіцці агратурызму. Дзякуючы гэтай заканадаўчай ініцыятыве, былы начальнік мясцовай гаспадаркі Сяргей Макіч разам з жонкай адкрыў уласную аграсядзібу.

- Рабілі мы ўсё самі, сваімі высілкамі, - не без гонару апавядаюць гаспадары.

Гасцям прапануецца прыгожая асобная хата з шыкоўнай аддзелкай і ўсімі сучаснымі выгодамі, уключна з гарачай вадой і нават пральнай машынай. Раней па-за межамі буйных гарадоў такі папраўдзе еўрапейскі камфорт можна было толькі сніць, начуючы на рыпучых ложках. А тут яшчэ і своеасаблівыя "бонусы", якіх у гарадах папросту не бывае: цішыня, бераг Ясельды, буслы... Уранку іх "трафік" панад аграсядзібай асабліва напружаны.

Частуючы нас хатняй вячэрай, гаспадары распавялі тыя акалічнасці местачковага жыцця, пра якія, мусіць, нават у музеі не пачуеш. Хаця тых анекдотаў, што здавён ходзяць пра маталян па ваколіцах, ад іх мы так і не дачакаліся. Затое даведаліся, што ў Моталі кожная вуліца мае сваё імя на тутэйшай мове - спрадвеку і па сёння. Афіцыйныя назвы неаднаразова змяняліся разам са зменай улады, але ж "паспалітыя" жыхары на гэта не надта звярталі ўвагу: мясцовыя шыльдаў не чытаюць. Пашпартныя прозвішчы таксама не ў пашане, бо ў кожнага - свая мянушка.

- Мая, напрыклад, - Лявонік, - кажа Сяргей Міхайлавіч. - Іначай мяне тут ніхто і не ведае. Я гэтую мянушку і ў назве сядзібы скарыстаў. Кліентаў у "лявонікаў" сёння замала. Яно і зразумела: ехаць па чыстае паветра за тры сотні кіламетраў для мінчан - далёка, а галоўныя адметнасці гэтай зямлі яшчэ не паспелі стаць раскручаным "брэндам".

Гаспадары з настальгіяй узгадваюць пра тое, што пад час леташніх "Мотальскіх прысмакаў" ад замежных турыстаў тут не было адбою. І чакаюць такі самы наплыў гасцей і пад час сёлетняга фэсту - гэтага выдатнага ўзору івэнт-турызму.

Перад развітаннем запыталіся ў гаспадароў, колькі мы ім вінныя. Сяргей Міхайлавіч прызадумаўся. Сапраўды, дзякуючы створаным дзяржавай умовам, ён сам вызначае, кол ь к і браць з таго або і н ш а г а г о с ц я . Цана для тых, хто прыехаў да яго на веласіпедах і "Лэнд Роверах", можа прынцыпова розніцца. Больш за тое: гаспадар у стане прапанаваць гасцям-турыстам столькі паслуг, колькі ён рэальна здольны аказаць, не ўзгадняючы кожную з іх у той або іншай структуры.

Работнікі культуры сёння могуць толькі марыць пра такую свабоду ініцыятывы ў сферы турызму.

"Лубок" нам не патрэбны!"

Па дарозе з Моталя да Іванава можна паглядзець адзін з пунктаў Дугі Струве - іх, дарэчы, у раёне два. Абмінуць гэты бадай эфемерны аб'ект, які, да ўсяго, знаходзіцца за некалькі сотн яў метраў ад трасы, наўрад ці атрымаецца - дзякуючы манументальнаму ўказальніку.

20 кіламетраў роўнага асфальту - і мы ўжо з прыемным здзіўленнем аглядаем галоўную плошчу колішняга Янава. За апошнія гады гарадок прыкметна папрыгажэў. Старыя камянічкі ўтвараюць адзіны ансамбль з будынкамі сучаснымі, арыгінальныя спалучэнні іх колераў не рэжуць вока, а яго цешаць. Такое ўражанне, быццам над Іванавам папрацаваў добры дызайнер.

Ля райвыканкама можна ўбачыць схему "Іванаўшчына турыстычная", выкананую "ў фармаце" бігборда. Тут, на цэнтральнай плошчы, сканцэнтраваны ўсе адметнасці гарадка: і цэркаўка, і касцёл, і Дом культуры... На месцы пакутніцкай смерці каталіцкага святога Андрэя Баболі растуць кветкі. Непадалёк, у ценю дрэў, прытаілася задуменная бронзавая постаць Напалеона Орды. Начальнік аддзела культуры Уладзімір Шэляговіч распавёў нам, што менавіта з гэтага густоўнага, бадай камернага помніка больш як 15 гадоў таму распачалася шырокамаштабная кампанія ўшанавання мастака і кампазітара на ягонай радзіме. Ініцыятыву аддзела культуры тады падтрымалі рублём мясцовыя прадпрыемствы - на іх грошы помнік і паўстаў. А ўжо ў нашым стагоддзі на тэрыторыі былых могілак з'явілася мармуровая пліта - акурат на тым месцы, дзе, па словах старажылаў, была магіла Напалеона Орды.

- У многіх польскіх даведніках напісана, што ён пахаваны ў Варшаве, - патлумачыў гэтую задуму Уладзімір Шэляговіч. - І матэрыяльны знак, які адлюстроўваў бы гістарычную справядлівасць, для нас быў вельмі важны.

У музейным комплексе Напалеона Орды, адкрытым пару гадоў таму ў яго родных Варацэвічах, мы заспелі шчыраванні будаўнікоў, якія паступова рабілі "цукерачку" са старых і непрыглядных будынкаў. Пакуль што тут можна наведаць толькі карцінную галерэю. А неўзабаве з'явяцца і іншыя складнікі музейнага комплексу: уласна музей, гатэль на 60 месцаў, прыстойны рэстаран... Лазня ўжо, лічы, гатова. Побач зрабілі і сажалку.

Праблема, якую немінуча мае набыць кожны новы музей, - экспанаты. Па зразумел ых прычынах твораў Орды або яго асабістых рэчаў у Варацэвічах бадай не пабачыш - толькі копіі, фотаздымкі на прыгожа аздобленых стэндах і... работы сучасных беларускіх мастакоў. Па словах галоўнага захавальніка Карціннай галерэі Таццяны Трапачка, экспазіцыя рэгулярна папаўняецца за кошт правядзення пленэраў. Апошні з іх, які сабраў майстроў разьбы па дрэве, пакінуў па сабе цэлы сад цікавых скульптур перад ганкам.

Сама сядзіба Ордаў месцілася за які кіламетр ад вёскі. Пасля вайны тут каменя на камені не засталося - хіба толькі "рэшткі падмуркаў". Здавалася б, можна толькі пасумаваць аб тым, што ўжо не вернеш...

Пачуўшы ад Уладзіміра Шэляговіча, што ў самым хуткім часе сядзібны комплекс будзе поўнасцю адроджаны, мы былі літаральна агаломшаны.

- Мы адбудуем не толькі палац, але і ўсе гаспадарчыя пабудовы, якіх тут было два дзесяткі, - распавёў начальнік аддзела культуры. - Важна, каб наведвальнік мог напоўніцу занурыцца ў гэтае асяроддзе, адчуць сябе ў ім. Тут будзе вырабляцца ўсё тое, што некалі рабілася ў звычайнай шляхецкай сядзібе. Зразумела, і дэгустацыя прадугледжана: сырок, грыбочкі, рыбныя стравы... Будзе, вядома, і стайня - якая ж сядзіба без яе? Захочаце праехацца на карэце - калі ласка! Гэта ж усё грошы...

Што да магчымасці застацца тут на дзень або тыдзень, каб адпачыць і павудзіць рыбу ў прыгожым возеры непадалёк адсюль... Яна таксама запланавана - у спецыяльных дамках, што паўстануць па-за тэрыторыяй комплексу, бо, на думку Уладзіміра Шэляговіча, "шляхецкая" зона павінна быць аддзелена ад "шашлычна-рэкрэацыйнай". Праектна-каштарысная дакументацыя сядзібнага комплексу ўжо гатова, а да канца ІІІ квартала павінны быць асвоены і першыя сродкі - 50 мільёнаў рублёў. І ўсё гэта - з райбюджэту. З надзеяй на вяртанне інвестыцый.

І сапраўды: т ыя тураб'екты, якія рэпрэзентуюць сялянскі побыт - у той або іншай ступені праўдападобнасці, - даўно ўжо сталі рэнтабельнымі. А Варацэвіцкай сядзібе з канкурэнтамі пашчасціла: іх, бадай, і не будзе. Па вялікім рахунку, шляхецкая культура пакуль што застаецца па-за ўвагай туріндустрыі, нягледзячы на сваю відавочную прыцягальнасць для сучаснікаў.

Зрэшты, тураб'екты, што пазіцыянуюць сябе як "маёнткі", сёння паўстаюць адзін за адным, але ж ніводны з іх нават не прэтэндуе на паўнавартасную рэканструкцыю маёнтка сапраўднага. Таму пытанне адносна гістарычнай ідэнтычнасці адроджанай сядзібы Ордаў наспела само сабою.

- "Лубок" нам не патрэбны! - адказаў Уладзімір Васільевіч. І запэўніў, што кожная дэталь сядзібнага комплексу будзе максімальна адпавядаць арыгіналу. Балазе пра тое, якім быў гэты маёнтак, сёння вядома не толькі з малюнкаў самаго Напалеона Орды: будаўніцтву папярэднічалі грунтоўныя даследаванні, якія ўключалі таксама і археалагічныя раскопкі.

Каб пераканацца ў тым, што ў Варацэвічах будуюць не "паветраны замак", а сур'ёзны бізнес-праект, варта проста зірнуць на карту Беларусі. За якіх пяць кіламетраў адсюль - ажыўленая магістраль М10, якая наскрозь працінае ўвесь поўдзень краіны. Прыдарожны сервіс там - даволі ненавязлівы, не кажучы ўжо пра такія "спецпрапановы".

Указальнік з надпісам "Родныя мясціны Напалеона Орды" на гэтай трасе ўжо з'явіўся. Але кіруючыся ім, падарожнік трапляе на пакручастую "гравійку". Адпаведна, спакуса павярнуць назад будзе ў яго вельмі вялікая. Зрэшты, па словах Уладзіміра Шэляговіча, гэты ўчастак павінны былі заасфальтаваць ужо сёлета - каб не паўсюдныя эканамічныя цяжкасці. І начальнік аддзела культуры не сумняваецца, што ў самым хуткім часе пра тую праблему можна будзе забыць.

У апошняе ахвотна верыцца хаця б таму, што аддзел культуры плануе ўзяць крэдыт на набыццё ўласнага аўтобуса, ды не абы-якога, а - новага камфортнага "Неаплана". Для кепскіх дарог такія машыны зусім не прыдатныя.

Нашто аддзелу культуры аўтобус? Адказ на гэтае пытанне Уладзімір Шэляговіч ведае даўно: каб не залежыць ад тураператараў "збоку" і не аддаваць ім значную частку прыбытку.

...Які сувенір мае звезці ў сваёй валізцы турыст, што пабываў у Янаўскім краі? Вядома, вырабы мясцовага бандарства, створаныя пад дахам адзінай на Беларусі школы, у якой вучаць гэтаму ўмельству. Спыталіся, ці карыстаюцца яны попытам.

Па словах Уладзіміра Шэляговіча, у наш час моды на этнаграфічнае рэтра вырабы Іванаўскай школы бандарства пакупнікі забіраюць з рукамі. Бондачкі і кадушкі бяруць для кавярняў, аграсядзіб, інтэр'ераў прыватных дамоў ды, урэшце, проста для гаспадаркі: рэчы ж абсалютна функцыянальныя! Але ўлетку, калі школа на вакацыях, прыкупіць такі сувенір турыст не можа. Дык чаму ж тады не зрабіць стацыянарную крамку? Адказ быў звыклы: няма ліцэнзіі. Не задаволіўшыся ім, пацікавіліся: што ж трэба, каб яе атрымаць? Чаму гэты этап становіцца непераадольным Рубіконам?

- Ну, напрыклад, - пачаў распавядаць начальнік аддзела культуры. - Трэба, каб у нас працавалі спецыялісты з адпаведнай кваліфікацыяй. Гэта значыць, што ў працоўнай кніжцы майстра мусіць быць напісана: "бондар". І адукацыю ён павінен мець адпаведную.

Такое немагчыма ў прынцыпе, бо наша школа - першая ў СНД. Другі момант: трэба, каб кожны ўзор прадукцыі школы да сантыметра адпавядаў пэўнаму зацверджанаму стандарту. А ведаеце, колькі розных рэчаў робяць нашы бондары?

Нераскручаныя брэнды

Вёска Стрэльна, вядомая праз свой Музей народнай медыцыны, таксама зусім непадалёк ад магістралі. Але гэтыя лічаныя кіламетры даводзіцца пераадольваць праз пыл і пясок. Па словах Уладзіміра Шэляговіча, заасфальтаваць гэты ўчастак пакуль нават і не плануюць...

Пераступіўшы парог музея, мы трапілі ў сапраўднае царства пахаў і водараў, якія разліваліся ў пакоях. Музей народнай медыцыны "Бабуліны вышкі" - унікальная, не пабаімся гэтага слова, установа культуры. Ніякі падарожны не пашкадуе аб тым, што збочыў з галоўнай трасы і заехаў сюды: лекавыя расліны, народныя рэцэпты ад хвароб, замовы, свежазавараны зёлкавы чай - гэта толькі невялікі пералік таго, што можна тут убачыць.

- Да нас прыязджаюць не толькі з раёна, але і з буйных гарадоў, - распавядае загадчык музея Галіна Вайцяшчук. - А калі пра наш музей надрукавалі матэрыял у адной з рэспубліканскіх газет, дык абрынуліся проста мяхі лістоў!

Якія расліны дапамагаюць ад алергіі або ад астмы, якой замовай можна вылечыць мужа ад п'янства - усе гэтыя, назапашаныя продкамі веды, можна адшукаць у музеі ў Стрэльне. Больш за 100 экспанатаў лекавых раслін, а колькі замоў - нават і падлічыць цяжка. Тым больш, што іх збор адбываецца пастаянна і не перапыняецца ні на дзень.

Існуе знакамітая на ўсю Брэстчыну ўстанова ўжо цягам 18 гадоў. Яна была заснавана ў далёкім 1991 годзе дырэктарам Стрэльненскай сярэдняй школы Марыяй Ламаносавай. Натуральна, што ідэя стварэння падобнага музея не ўзнікла на пустым месцы.

- У вёсцы заўжды пражывала шмат старажылаў, бабуль-знахарак, шаптух, вядзьмарак, - расказвае Галіна Вайцяшчук. - І край у нас дужа багаты на ўсялякія расліны і зёлкі. Таму, можна сказаць, што наш музей народнай медыцыны "Бабуліны вышкі" тут і павінен быў з'явіцца.

Галіна Васільеўна прыйшла сюды ў 2006 годзе з мясцовай сярэдняй школы і ніколі не шкадавала аб тым, што змяніла месца працы. Пацвярджаючы унікальны "вядунскі" клімат гэтых мясцін, "прагаварылася" яна і аб тым, што ейная бабуля таксама была знахаркай. Натуральна, што, пачуўшы цікавыя расповеды пра лекавыя якасці раслін, надыхаўшыся тым водарам, які пануе ў пакойчыках музея, нашай экспедыцыі было няцяжка акунуцца ў свет фантазій, трошкі памроіць на конт адкрытага і ўбачанага. Уявіць сабе невялікія пакоі народнага музея на другім паверсе сельскага Дома культуры асобным комплексам, у якім побач з вялізнымі заламі ёсць і каларытная кавярня-чайная, дзе прапаноўваюць розныя гатункі травяных напояў, і невялічкая крама, поўная раслінных збораў- ад розных хвароб і на "ўсялякія выпадкі жыцця"... Ці ж стануць калісьці мары рэальнасцю?

- Я ў гэтым упэўнены, - адказаў нам Уладзімір Шэляговіч. - Планаў на конт гэтай установы - мноства, але тут ужо само жыццё дыктуе нам выбар: або сядзіба Напалеона Орды ў Варацэвічах, або - Музей народнай медыцыны ў Стрэльне. Фінансаў на ўсё не хапае. Як толькі скончым будоўлю на тых аб'ектах, адразу накіруем сродкі сюды. Музей народнай медыцыны, здольны стварыць яшчэ адзін брэнд Палессю, пакуль што месціцца на другім паверсе СДК, і ягоныя супрацоўнікі могуць прапанаваць наведвальнікам у якасці платнай паслугі толькі кубачак лекавай гарбаты. А дзе ж сувеніры, дзе салон-крама, у якой можна набыць лекавы збор зёлак і рэцэпты іх прымянення, дзе сталоўка з мясцовай палескай кухняй?

- Усё гэта неўзабаве з'явіцца, - зноў запэўніў нас начальнік аддзела культуры. - Плануем у хуткім часе здзіўляць будучых наведвальнікаў музея ў Стрэльне пабудовай побач з установай культуры гасцініцы. А ўжо ў ёй, зразумела, знойдзецца месца і для залы, дзе турысты змогуць пачаставацца гатункамі мясцовай палескай кухні і, канешне ж, папіць травяных гаючых напояў, прыгатаваных з любоўю супрацоўнікамі Музея народнай медыцыны. А пакуль што Шэляговіч плануе пад музей аддаць усе вольныя памяшканні СДК на першым паверсе. Што да танцавальных вечароў, дык іх можна будзе праводзіць і ў будынку мясцовай бібліятэкі, балазе плошчы гэтай установы культуры - немалыя. Вось так і ствараецца тая ўзорная для Брэстчыны іванаўская "крэатыўнасць", пра якую яшчэ неаднаразова будзем згадваць, наведваючы іншыя рэгіёны Палесся.

Не проста дворнік

З гасціннага Іванава выправіліся ў Пінскі раён. Па старой дарозе з Брэста на Пінск, дзе месцамі ўсё яшчэ ляжыць брукаванка 30-х гадоў мінулага стагоддзя (спецыяльна для аматараў велаэкстрыму!), без прыгод дабраліся да наступнага прыпынку нашага падарожжа: вёскі Дубай. Гэтае месца - самае папулярнае сярод турыстаў у Пінскім раёне.

Чаму? Ды хаця б таму, што ўпершыню гэтае мястэчка згадваецца ў гістарычных дакументах, пачынаючы з 1498 года. Гэта даўняя ўласнасць Полазаў, Агінскіх, Радзівілаў. А ў мясцовым праваслаўным манастыры доўгі час жыў і тварыў слынны сын беларускай зямлі Афанасій Філіповіч (Брэсцкі). Наведаў Дубай у 1784 годзе і апошні кароль Рэчы Паспалітай - Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Карацей кажучы, вёска - старажытная і слынная. І была яна слынная яшчэ гадоў дзвесце таму, калі тут высілкамі езуітаў была закладзена сядзіба з палацам, капліцай, паркам з арыгінальнай воднай сістэмай, цяпліцамі і аранжарэямі. Сёння на месцы былога палацава-паркавага ансамбля захаваліся ўязная брама, асобныя гаспадарчыя пабудовы, тут знаходзяцца Рэспубліканскі батанічны помнік прыроды "Участак вырастання піхты белай", касцёл Святога Крыжа, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, вайсковыя могілкі салдат часоў Першай сусветнай вайны, парк, дзе расце старажытны 450-гадовы дуб. У гэтых мясцінах знакаміты Корш-Саблін экранізаваў коласаўскія "На ростанях". А не так даўно, згодна з праграмай рэканструкцыі ДняпроўскаБугскага канала, каля Дубая быў адкрыты судаходны шлюз.

Сёння лёс сядзібнага парку досыць няпэўны. Але ж апынуўшыся на яго тэрыторыі, мы адразу адчулі вялізны кантраст паміж ім ды многімі іншымі падобнымі помнікамі з розных куткоў Беларусі, якія аддадзены на волю прыроды і часу. Пасярод Дубайскага парку высілася вялізная прыгожая клумба, непадалёк ад яе - відавочна наўмысна створаная экспазіцыя даўніх сельскагаспадарчых прылад. Паўсюль адчувалася рука гаспадара.

- На жаль, газонакасілка ў сельсавеце зламалася, дык травы ўжо панарасло! - нібы прабачыўся перад намі мужчына, які падышоў, заўважыўшы нашу цікавасць.

Пазнаёміўшыся, мы, вядома, запыталі і афіцыйную пасаду чалавека, якому сядзіба абавязана сваім прыстойным выглядам.

- Лічуся я дворнікам, - трохі засаромеўся Уладзімір Фабішэўскі. - Але вы лепей нічога не пішыце.

Гэтая паса да была ўведзена мясцовай гаспадаркай, на чыім балансе знаходзіцца парк. Аклад дворніка зусім невялікі, а вынікі... Дубайскі прыклад, аналагаў якому на Беларусі нам даводзілася сустракаць не так і шмат, красамоўна сведчыць: калі ёсць хаця б адзін чалавек, які непасрэдна адказвае за захаванне гісторыка-культурнага помніка паводле сваіх абавязкаў, уласніку аб'екта не давядзецца чырванець перад турыстамі. Тым болей, Уладзімір Фабішэўскі не проста выконвае свае абавязкі. Ён, чалавек з тэхнічнай адукацыяй, пачуваецца ў сваёй стыхіі менавіта праводзячы экскурсіі - не толькі ў парку, але і па ваколіцах. Значнай вяхой у ягоным жыцці стаў і вышэйзгаданы Указ аб развіцці агратурызму. Дворнік стварыў уласную сядзібу - хай і даволі сціплую, - а цяпер вось набыў палову дома ля самога парку...

Так, у дачыненні да гэтага заўзятара назва яго прафесіі гучыць як бы зняважліва. Куды прыгажэй выглядаў бы іншы запіс у працоўнай кніжцы, скажам, "даглядчык помніка гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь". Але штатныя расклады такіх пасад, на жаль, не прадугледжваюць. Па словах начальніка аддзела культуры Пінскага райвыканкама Тамары Лебядзеўскай, аддзел пастаянна сочыць за станам аб'ектаў спадчыны ў раёне, і асаблівая ўвага надаецца менавіта капліцы ў дубайскім парку.

- На сённяшні дзень зроблена даволі шмат працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі парку, вывезена смецце, ачышчаны сажалкі ад раслін, у 2007 годзе былі ўсталяваны інфармацыйныя стэнды, а ў каплічцы праведзена замена вокнаў і дзвярэй, - распавяла яна.- Па рэспубліканскай праграме "Развіццё Прыпяцкага Палесся" на 2010 - 2012 гады на гэты аб'ект мы заклалі суму ў 500 мільёнаў рублёў. Спачатку планавалі пабудаваць там музей, а цяпер вырашылі зрабіць камерную залу, дзе турысты маглі б пачуць старадаўнюю музыку. Туды будуць выязджаць калектывы з суседніх музычных школ.

Ёсць у кіраўніцтва і планы аднавіць тут работу аранжарэй, прывесці ў належны парадак сістэму водных сажалак і шмат што яшчэ. Толькі пасля гэтага можна будзе гаварыць пра сапраўднае турыстычнае значэнне Дубая. Хаця, канешне, не пашкодзілі б і патрэбныя для турыстаў аб'екты інфраструктуры - накшталт тых, якія ствараюцца ў Іванаўскім раёне. Іх у планах пакуль што няма.

До Пыньску!

Каля Дубая знаходзіцца паром праз Піну, які працуе з дапамогай рук: падарожныя бяруць драўляныя кійкі - палешукі называюць іх "гамаркі" - і, чапляючы іх за трос, працягнуты пасярод ракі, рухаюць такім чынам паром. Хоць і хацелася такім чынам пераправіцца на той бераг (дарэчы, чым не яшчэ адна эксклюзіўная турыстычная "фішка" Дубая!), мы, па парадзе наглядчыка парку, вярнуліся на тую дарогу, з якой збочылі, і рушылі на Пінск. Дарога была вельмі добрай, і ўжо праз якую гадзінку наш велапрабег каціўся па вуліцах сталіцы Палесся.

Прыбыўшы ў цэнтр горада, адразу ж пераканаліся: прэтэнзіі Пінска на статус буйнога турыстычнага цэнтра апраўданы "на ўсе сто"! Помнікі архітэктуры розных часоў тут не проста зберагліся - яны дбайна рэстаўруюцца, захоўваючы пры гэтым свой арганічны выгляд. "Фішка", якую мы бачылі толькі тут, - рэстаўратары пакідаюць незатынкаванымі фрагменты фрэсак з назвамі крамаў, якія месціліся ў тых камяніцах шмат гадоў таму.

Ля нядаўна адноўленага палаца Бутрымовічаў - адметны плён працы сучасных архітэктараў. Гатэль "Прыпяць" цалкам адпавядае ўсім еўрапейскім узорам - нават Wi-Fi-сувязь тут прадугледжана. Групка італьянскіх турыстаў у такім антуражы выглядала цалкам арганічна.

Павячэраць у прыстойным месцы ў Пінску можна нават апоўначы. Чакаючы ў рэстаране з "мясцовай" назвай страву "калдуны графа Тышкевіча" і разглядаючы развешаныя на сценах фота знакамітай ужо бадай на ўвесь свет вёскі Кудрычы, куды мы збіраліся назаўтра, дарэчы было падумаць: чаму ў Мінску нідзе не ўбачыш рэкламу з прапановай наведаць Пінск?..

Начны горад ззяў агнямі, мы шпацыравалі па набярэжнай і ўглядаліся ў чорную ваду Піны... Так завяршыўся гэты доўгі і насычаны падзеямі дзень.

(Заканчэнне будзе.)

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Ілля СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты

На здымках:

1.Так выглядае сістэма водных каналаў; 2. Дар'я Амяльковіч з дапамогай гамаркі перапраўляецца на пароме праз Піну; 3. Памяшканне Музея народнай медыцыны ў вёсцы Стрэльна; 4. Будынак згаданага музея; 5. Тут быў пахаваны Напалеон Орда; 6. Помнік Напалеону Орду ў Іванаве; 7. Памятны знак на месцы сядзібы Орды; 8. Будоўля музейнага комплексу ў Варацэвічах; 9. Уладзімір Фабішэўскі абдымае 450-гадовы дуб; 10. Таццяна Трапачка паказвае план музейнага комплексу; 11. Каплічка ў Дубаі, якая чакае свайго рамонту.