Дзе жылі “штрыхавікі”?

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Штогод многія студэнты гістфака БДУ выпраўляюцца летам на раскопкі. Сёлета ля Нёмана плённа працавалі дзве групы практыкантаў: на левым беразе, каля вёскі Александрова, — экспедыцыя пад кіраўніцтвам Міхаіла Чарняўскага, а на правым, побач з Кавальцамі, — пад кіраўніцтвам Віталя Сідаровіча. Неўзабаве тут будзе ўзведзена вялікая плаціна, утворыцца вадасховішча ад Гродна да Лунна, распачне работу Гродзенская ГЭС. У выніку пад вадой застанецца больш за 30 археалагічных помнікаў: стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, селішчы ранняга жалезнага веку і Сярэднявечча, могільнікі і асобныя пахаванні.

 Міхаіл Чарняўскі распавядае: "Александрова з'яўляецца стаянкай культуры штрыхаванай керамікі позняга перыяду бронзавага веку, ранняга "дагарадзішчанскага" этапа, тут выяўлены багатыя рэшткі крэмнеапрацоўкі, крамянёвыя прылады працы: скрабкі, нажы, праколкі, скоблі, фрагменты ляпных таўстасценных пласкадонных пасудзін з заштрыхаванымі паверхнямі. Да гэтага часу невядома дакладна, як і калі з'явіліся носьбіты гэтай культуры на тэрыторыі Беларусі. Па выніках нашых раскопак і матэрыялах папярэдніх даследаванняў мы робім выснову, што звычай ляпіць пласкадонныя пасудзіны і заштрыхоўваць іх паверхню зараджаўся ў познім перыядзе бронзавага веку на Панямонні.

Вытокі культуры штрыхаванай керамікі, як зазначае навуковец, варта шукаць менавіта ў познім бронзавым веку па берагах Нёмана. Дзякуючы гэтым раскопкам на адзін пункт павялічыўся спіс неўмацаваных паселішчаў - носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі на Беларусі. Стаянку Александрова ўжо можна лічыць каштоўнасцю, таму што "штрыхавікі" жылі, у асноўным , у добра ўмацаваных гарадзішчах, а селішчаў на тэрыторыі нашай краіны выяўлена вельмі мала.

Да ліку найбольш ранніх неўмацаваных паселішчаў "штрыхавікоў" адносяць таксама паселішчы каля вёсак Гатавічы і Занарач Мядзельскага раёна. На першым калісьці праводзіліся невялікія раскопкі. У ходзе даследавання выяўлены рэшткі жытла стаўбавой канструкцыі і немалая колькасць керамічнага матэрыялу. Датуюцца абодва паселішчы першай паловай І-га тысячагоддзя да н. э.

У ходзе раскопак ускрыта плошча больш за 350 квадратных метраў. Знойдзена больш як дзве тысячы крамянёвых артэфактаў, вялікая колькасць рэшткаў ляпной керамікі. Побач са стаянкай знойдзены сляды сельскага паселішча часоў ВКЛ, немалая колькасць ганчарнай керамікі прыкладна XIV- XVI стст. з арнаментацыяй (а ў часы ВКЛ посуд арнаментаваўся даволі рэдка). Што дадаць? Даследаванні працягваюцца!

На здымку: аўтар артыкула ў час працы ў раскопе.