“Дзедал і Ікар”: палёт у 80-я

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

11 жніўня ў мінскім Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылося адкрыццё выстаўкі работ фотамастака Альберта Цэхановіча.

Паводле азначэння самога творцы, "Дзедал і Ікар" - гэта жанрава-партрэтны цыкл фатаграфій аб горадзе, гарадскім асяроддзі, атмасферы, у якой мастакі, акцёры, паэты і музыканты запатрабаваныя і жаданыя. "Гэта паэма аб творчасці, аб часе і месцы, дзе нараджаюцца вершы і гучыць музыка, гэта маё фатаграфічнае прынашэнне сябрам".

У экспазіцыі задзейнічаны здымкі, зробленыя Альбертам Цэхановічам у 1986 годзе ў Мінску. Надрукаваны яны былі ўручную ў 2007-м на бромасярэбранай фотапаперы вытворчага аб'яднання "Славіч".

Як прызнаецца фатограф, гэтая выстаўка з'яўляецца для яго споведдзю дакументальнай і аўтабіяграфічнай. У той жа час, гэта расповед пра Мінск і творчыя палёты сяброў.