Адкрыцці “на крэшчэнда”

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Старадаўняя музыка — новыя імёны Святлена НЕМАГАЙ і Аляксей ФРАЛОЎ — людзі абсалютна розныя, хаця і аднагодкі. У кожнага — сваё асабістае жыццё. Але яднае іх прага да беларускай даўніны і нават сумесныя пошукі нотных матэрыялаў у архівах і бібліятэках Вільнюса. А яшчэ тое, што абое сумяшчаюць даследчыцкую дзейнасць з выканальніцкай, папулярызатарскую — з арганізацыйнай. Гэтак жа, як і іх старэйшыя калегі, таксама захопленыя беларускай даўніной: доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў і многія іншыя. Зноў-такі, робіць усё гэта кожны з іх абсалютна па-рознаму, у адпаведнасці са сваёй творчай індывідуальнасцю.

 Святлена Немагай - кандыдат мастацтвазнаўства, уганараваная прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сярод маладых вучоных за выдадзеную летась манаграфію "Жыццё і творчасць Міхала Клеафаса Агінскага ў каардынатах яго часу і культурнага асяроддзя". Даследчыцкая дзейнасць неяк натуральна выклікала і выканальніцкі працяг: Святлена добра валодае арганам, удзельнічала ў некалькіх фестывалях старадаўняй музыкі. Дый ад асобы Агінскага перайшла да паслядоўнага вывучэння ўсёй беларускай музыкі ХІХ стагоддзя.

Аляксей Фралоў - знакаміты фагатыст, лаўрэат ажно чатырох міжнародных конкурсаў, саліст ансамбля "Класік-Авангард", кіраўнік трыо з красамоўнай назвай "Вытокі". Дарэчы, на сёння ён адзіны ў нашай краіне фагатыст, уганараваны лаўрэацтвам конкурсаў менавіта заходнееўрапейскіх, уладальнік, у тым ліку, прэстыжнага Прыза імя К.Пэндэрэцкага. Выканальніцкая дзейнасць прывяла яго да працы над дысертацыяй, прысвечанай гісторыі духавых інструментаў у Беларусі ад старажытнасці да ХІХ стагоддзя.

Святлена нядаўна вярнулася з паўгадовай стажыроўкі ў Польшчы, адкуль прывезла шмат не вядомых раней у нас нотных выданняў і рукапісаў беларускай мінуўшчыны. Аляксей разам з трыо "Вытокі" ажыццявіў гастрольны тур па Міншчыне, па тых месцах, дзе жыў і працаваў С.Манюшка. І ў кожнага з іх - шмат як завоблачнадалёкіх мараў, так і дакладных планаў на новы канцэртны сезон. У Святлены, да ўсяго, чакаюцца яшчэ і прыемныя сямейныя клопаты: у пачатку новага года ў яе павінна нарадзіцца дачка - Агатка. Наколькі я разумею, гэтае імя абрана, мабыць, невыпадкова, бо яно адразу выклікае асацыяцыі з гераіняй аднайменнай оперы Я.Д. Голанда, напісанай і пастаўленай у Нясвіжы ў 1784 годзе.

Яшчэ паўтузіна знаходак

- Яшчэ калі я вучылася на трэцім курсе Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі, - распавядае Святлена, - мая курсавая работа была прысвечана музыцы Агінскіх. Так што потым, калі я паступала ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, абсалютна свядома абрала аддзяленне беларусістыкі (дарэчы, тады яно толькі адкрылася і мне пашчасціла патрапіць у той першы набор).

- Затое сёння, пасля завяршэння дысертацыі і адпаведнай манаграфіі, вы ведаеце пра Міхала Клеафаса Агінскага ўсё.

- Як аказалася, не. Бо знойдзены новыя матэрыялы!

- Так, летась увесь маскоўскі архіў Агінскіх быў перададзены ў мікрафільмах нашаму Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры...

- Гэта сапраўды значная з'ява ў культурным жыцці нашай краіны і развіцці культурнага ўзаемаабмену паміж Беларуссю і Расіяй. Застаецца спадзявацца, што падобная праца будзе прадоўжана, і ў нашых даследчыкаў з'явіцца магчымасць шырока карыстацца іншымі архіўнымі матэрыяламі, якія тычацца беларускага мінулага. Але я мела на ўвазе тыя дакументы і звесткі, што былі знойдзены мной пад час цяперашняй паездкі ў Польшчу. У прыватнасці, у Кракаве я адшукала музычныя творы, напісаныя ў Залессі, на якіх стаяць дакладныя даты іх напісання, - раней мы маглі пра іх толькі здагадвацца. А ў Вроцлаве я патрапіла на сцэнарый свята ў гонар Міхала Клеафаса. На жаль, там адсутнічаюць ноты музычных нумароў, але прапісаны іх "перапрацаваны" літаратурны тэкст, многія радкі якога літаральна адразу быццам кладуцца на вядомыя мелодыі паланезаў і іншых твораў Агінскага. Таму ў мяне адразу ўзнікла думка: а чаму б не аднавіць і не ўвасобіць гэты сцэнарый? Тым больш, у Залессі і цяпер штогод 25 верасня ладзяцца святкаванні ў гонар знакамітага земляка. Увогуле, даследаванні беларускай музычнай даўніны - справа неабсяжная і папраўдзе бясконцая, як і цалкам увесь навуковы працэс. Але толькі тады, калі пачынаеш мэтанакіравана працаваць у бібліятэках і архівах, разумееш, колькі яшчэ матэрыялаў, цікавых для разумення нашай гісторыі, не выяўлена. Асабліва гэта тычыцца беларускай музыкі ХІХ стагоддзя.

- Акрамя Міхала Клеафаса Агінскага, адносна шырока вядомы пакуль пяць - шэсць імёнаў тагачасных кампазітараў...

- Так, цэласнай карціны беларускай музыкі ХІХ стагоддзя ў нас пакуль не існуе, бо шмат яшчэ застаецца белых плям. Працы тут хопіць многім даследчыкам. Я натрапіла на шэраг новых кампазітарскіх прозвішчаў, ужо гартаючы прэсу ХІХ стагоддзя, а яе ў той час ужо выдавалася ў нас вельмі і вельмі многа, прычым самай разнастайнай. Ноты пераважна друкаваліся ў Вільні, але і ў Мінску ў ХІХ стагоддзі існавала выдавецтва Аляксандра Валіцкага, дзе выпускалася шмат нотных выданняў. Дарэчы, мінімум адзін экземпляр усяго, што друкавалася ў той час на Беларусі, павінен быў адсылацца ў Расію. Так што ў расійскіх бібліятэках таксама знаходзіцца шмат цікавага для нас. Кіраўнік маёй польскай стажыроўкі Войцех Тамашэўскі прадаставіў мне нават цэласны спіс тых нот, што павінны захоўвацца ў Пецярбургу.

- Думаю, чытачам "К" будзе прыемна першымі даведацца на невядомыя нам пакуль імёны беларускіх музыкантаў ХІХ стагоддзя.

- Гэта, да прыкладу, святар і кампазітар Вітальд Чачот-Данілевіч, які нарадзіўся пад Наваградкам і шмат гадоў жыў у Пецярбургу. Уладзіслаў Шахно- арганіст і кампазітар, які шмат канцэртаваў. Вітальд Пшыбора - піяніст і кампазітар польскага паходжання, які працаваў у Мінску, асаблівай папулярнасцю карысталіся яго фартэпіянныя п'есы. На тэрыторыі Польшчы і Беларусі працаваў таксама ў ХІХ стагоддзі Адольф Грунер. У Заслаўі - Ян Рэнер. Імя Дамініка Стэфановіча, настаўніка Станіслава Манюшкі, ужо добра вядомае знаўцам нашай музыкі і гісторыі. Але цяпер я выявіла рукапісы яго рэлігійных твораў- раней жа лічылася, што ён быў проста музыкантам, а не кампазітарам. Дый Юзэф Дашчынскі доўгі час "прыпісваўся" да Міншчыны, але Гарадзішча, дзе ён жыў і працаваў, як аказалася, было Рэчыцкага павета. У Мінск жа ён прыязджаў хіба з капэлай графа Ракіцкага. Шмат удалося мне прывезці нотных матэрыялаў: вакальныя творы Напалеона Орды на словы Адама Міцкевіча, раннія оперы Станіслава Манюшкі - лёгкія, камічныя, якія, спадзяюся, зламаюць стэрэатып аб тым, што як оперны кампазітар Манюшка пачынаўся са знакамітай "Галькі". Дарэчы, на 12 кастрычніка ў нашай філармоніі запланавана прэм'ера напаўканцэртнага выканання "Класікам-Авангардам" і запрошанымі салістамі яго оперы "Латарэя". Прыходзьце!..

Фестываль беларускіх сімфоній? Чаму б і не!

У жыццё Аляксея Фралова старадаўняя музыка ўвайшла літаральна з дзяцінства. Ягоны бацька, знакаміты габаіст Валерый Фралоў, быў адным з заснавальнікаў і, вядома, салістам ансамбля "Кантабіле" - першага ў Беларусі творчага калектыву, які пачаў выконваць старадаўнюю музыку, у тым ліку беларускую. Зробленыя імі апрацоўкі "Полацкага сшытка" сталі класікай нацыянальнага мастацтва.

- А ўжо ў юнацкім узросце, - працягвае Аляксей, - я так зацікавіўся беларускай гісторыяй і мастацтвам, што наведваў лекцыі лепшых навукоўцаў. Калі ж сам пачаў займацца гісторыяй фагота і, шырэй, духавых інструментаў на Беларусі, зразумеў, што гэта - быццам займальны дэтэктыў з непрадказальнымі паваротамі сюжэта. Плёнам нашых са Святленай Немагай неаднаразовых паездак у Вільнюс сталі некалькі дзесяткаў твораў розных жанраў. Сярод іх - амаль 20 сімфоній канца XVIII - пачатку ХІХ стагоддзя. Своеасаблівай "сігнальнай спробай" іх вяртання ў канцэртную практыку стала выкананне некаторых з іх ансамблем "Класік-Авангард". Зараз імі зацікавіўся маэстра Аляксандр Анісімаў і плануе штосьці з той музыкі ўключыць у фестываль "Беларуская музычная восень". Але і гэта яшчэ не ўсё. Ёсць планы правесці цэлы фестываль беларускіх сімфоній, складзены з некалькіх канцэртаў. У ім маглі б удзельнічаць некалькі вядучых аркестраў, а таксама Ансамбль салістаў на драўляных духавых інструментах Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга, бо сярод знойдзеных ёсць нават духавыя сімфоніі.

- Ведаю, што вы збіраецеся працягваць і выкананне музыкі Станіслава Манюшкі...

- Так, сёлета споўнілася 190 гадоў з дня яго нараджэння. Наша трыо "Вытокі", якое існуе ўжо 8 гадоў, падрыхтавала спецыяльную праграму "Тут узрастала муза твая". Гэтыя канцэрты-лекцыі былі паказаны ў Мінску, потым у мястэчку Убель, дзе Манюшка нарадзіўся, у Смілавічах, Чэрвені. І ўзнікла ідэя зрабіць праект, каб да 200-годдзя з дня нараджэння Манюшкі адраджэнне яго творчасці і імя прайшло б "на крэшчэнда", па ўзрастаючай. Гэты праект павінен закрануць не толькі выкананне яго музыкі. Лічу, за гэтае дзесяцігоддзе трэба было б аднавіць (магчыма, сумесна з польскім бокам, бо Манюшка - класік абодвух народаў) радавую Смілавіцкую сядзібу. Гэты будынак зараз стаіць без даху, але літаральна дыхае вобразамі Манюшкаўскай музыкі. Трэцяй жа галіной гэтага праекта павінна стаць аднаўленне спадчыны кампазітара ў свядомасці людзей: лічу, ягоная музыка павінна больш шырока быць уключана ў праграмы навучальных устаноў краіны. Планаў - безліч. Наша трыо "Вытокі" зараз пачынае рыхтаваць новую праграму, прысвечаную роду Ельскіх. Ёсць у мяне задума правесці цыкл канцэртаў і выдаць анталогію беларускіх твораў для фагота - не толькі ХХ стагоддзя, а пачынаючы ажно з сярэдзіны XVIII, калі з'явілася Саната для фагота і баса Караля Агінскага. Прэм'ера гэтага адшуканага твора адбылася ў маім выкананні на фестывалі Агінскага ў Літве. Хацелася б таксама паспрыяць аднаўленню ў Кухцічах, што на Уздзеншчыне, будынка былога кальвінскага збору. Сэрца баліць не толькі за музычную, але і за архітэктурную спадчыну!


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"