Следам за бусламі

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

У Цэнтральнай частцы палаца Румянцавых-Паскевічаў Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Гомельскі палацавапаркавы ансамбль” працуе персанальная выстаўка вядомага беларускага мастака Анатоля Отчыка, прымеркаваная да яго 60-годдзя з дня нараджэння.

Родам з вёскі Шыічы Гомельскай вобласці, ён скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча, потым - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Выстаўляецца з 1978 года. Працуе ў галіне жывапісу і плаката. У сваіх творах закранае сацыяльныя і экалагічныя праблемы, у тым ліку тэмы Чарнобыля ("Ці прыляцяць буслы на Палессе?", "Зімовы сон", "Падаючы", "Пад крыламі", "Лясная бліскавіца", "Узлёт"). А ў пейзажах мастак імкнецца як мага больш поўна і яскрава перадаць прыгажосць і хараство прыроды Палесся.

У экспазіцыі, прысвечанай Году роднай зямлі, прадстаўлена больш за 30 твораў, створаных за апошнія 5 гадоў.