Партрэты са старонак

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

У мастака-афарміцеля Полацкай РЦБС Цімафея Зелянко цалкам зразумелае хобі: пасля асноўнай працы — аздаблення бібліятэчных залаў, кніжных паліц і музейных куткоў — піша ён партрэты ўпадабаных людзей, якія займаюцца творчасцю, культасветработай. Робіць гэта Цімафей Сцяпанавіч досыць прафесійна: скончыў у свой час Віцебскае мастацка-графічнае вучылішча. Пасля вёў урокі малявання ў сярэдніх школах Полацка.

 - Цімафей Зелянко стварыў цэлую галерэю лепшых нашых работнікаў, - распавяла "К" дырэктар Полацкай РЦБС Ганна Бурнасенка, - і кожнаму герою партрэта дорыць свой твор...

Днямі Цімафей Сцяпанавіч завітаў у рэдакцыю нашай газеты - і мастакоўскае захапленне заззяла яшчэ адной незвычайнай гранню. Аказваецца, мастак шукае "натуру" для сваіх работ на... старонках "Культуры". Знаёміцца са зместам артыкулаў і інтэрв'ю, выбірае асобу, якая падаецца яму адметнай у праявах чалавечых і творчых талентаў,- і робіць з газетных фотаілюстрацый партрэты.

Цімафей Сцяпанавіч прынёс да нас два апошнія творы: з выявамі выпускніцы Гомельскага мастацкага вучылішча Юліі Супічэнка - мастачкі і адной з фіналістак VI Нацыянальнага конкурсу прыгажосці "Міс Беларусь2008", і піяністкі, лаўрэата міжнародных конкурсаў у Беларусі, Польшчы, Францыі, Італіі Вольгі Сцяжко, пра якіх "К" сёлета пісала.

Партрэты гэтыя аўтар пакінуў у рэдакцыі і папрасіў праз газету звярнуцца да іх гераінь: карціны належаць вам, прыязджайце і забірайце!

На здымку: Цімафей Зелянко са сваімі работамі паводле публікацый "Культуры".

Фота Пятра ОВАДА