Машка — гэта… мамант

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Крыху больш за паўгода пры аддзеле культуры Рэчыцкага райвыканкама быў створаны эколага-культурны цэнтр.

 Цэнтр распавядае сваім наведвальнікам пра экалагічную сітуацыю ў свеце з дапамогай дзвюх экспазіцый: "Зараджэнне і развіццё жыцця на Зямлі" і "Экасістэма Беларусі".

Сярод тых, хто прыходзіць на экскурсіі, - а гэта, звычайна, школьнікі, - сапраўднае захапленне выклікае... мамант, які сустракае іх на ўваходзе ва ўстанову культуры. Экскурсаводы ўжо прызвычаіліся да выгукаў захаплення ад тых, хто бачыць гэтую старажытную жывёліну ўпершыню, і нават назвалі яе Машкай.

Дзякуючы таму, што ў залах экалагічна-культурнага цэнтра ўсталяваны відэаэкраны, наведвальнікі маюць магчымасць паглядзець той або іншы фільм на экалагічную тэматыку, які звычайна ўваходзіць у праграму экскурсіі.

Не маглі абмінуць у Рэчыцы і той факт, што Гомельская вобласць з'яўляецца пацярпелай ад радыяцыйнага забруджвання, таму частка экспазіцыі прысвечана ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі. Як кажа дырэктар Цэнтра Таццяна Пачапень, у Мазыры існуе падобная ўстанова, але яна працуе, хутчэй, у этнаграфічным накірунку. У Рэчыцы ж вырашылі скіраваць асноўную ўвагу на праблемныя аспекты навакольнага асяроддзя.

Фота аўтара