Чаму не ўмееце любіць?

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

У мінулым тэатральным сезоне ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа з’явіўся новы мастацкі кіраўнік. На змену Віталю Баркоўскаму, які цягам 12 гадоў узначальваў гэты творчы калектыў, прыйшоў не менш вопытны і цікавы рэжысёр — Рыд Таліпаў. У хуткім часе ён выступіў перад коласаўцамі са сваёй мастацкай праграмай, у якой — “Сымон-музыка” паводле Якуба Коласа, “На ўсякага мудраца даволі прастаты” М.Астроўскага, “Браты Карамазавы” Ф.Дастаеўскага, “Квартэт” Р.Харвуда, “Каломба” Ж.Ануя, “Візіт пажылой дамы” Ф.Дзюрэнмата.

 Куды скіруе карабель новы капітан, мы ў хуткім часе даведаемся. Пакуль жа заўважым, што творчы почырк Рыда Таліпава адрозніваецца пільнай увагай да светапогляду, светаадчування мастацкай манеры драматурга. Ён прынцыпова не ідзе шляхам "пераварочвання" аўтара і яго герояў, як кажуць, з ног на галаву. Пры ўсім тым, яго пастаноўкі адрозніваюцца свежасцю, нешараговасцю рэжысёрскага мыслення, глыбінёй псіхалагічнага аналізу вобразаў-характараў, стылёвай адметнасцю, эстэтычнай вытанчанасцю сцэнаграфіі і касцюмаў, музычнага афармлення, аўтарам якіх ён, часцей за ўсё, з'яўляецца сам.

Спектакль "Васа" паводле класічнай п'есы Максіма Горкага ў пастаноўцы Рыда Таліпава вось ужо два сезоны запар з поспехам ідзе на Коласаўскай сцэне. Яшчэ цягам рэпетыцыйнага перыяду Таліпаў адзначаў, што сапраўднага Горкага глядач яшчэ не бачыў, бо за савецкім часам асобныя спектаклі па яго творах забаранялі, а рэжысёры наўмысна змякчалі даволі рэзкія акцэнты ў п'есах.

У чым жа праявілася прынцыповае наватарства Рыда Таліпава гэтым разам? Найперш, яго зацікавіла не класавае супрацьстаянне "ворагаў", прадстаўленых у спектаклі Васай Жалязновай (Святлана Акружная) і Рашэллю (Алена Сладкевіч), хоць і іх парныя сцэны распрацаваны псіхалагічна дакладна і скрупулёзна. Галоўным у спектаклі стаў душэўны, чалавечы змест характараў і ўчынкаў. Нездарма ж адной з метафар, асацыятыўных вобразаў спектакля стала печка, да якой прыхінаюцца ўсе героі.

Прастора сцэны - напалову аголены павільён, які стварае адчуванне халоднай, прадзьмутай пустэчы. Гэта вынік паступовага разбурэння дома Жалязновых. І яшчэ адна метафара, сэнсава звязаная з нашчадкам Васы,- дзіцячы драўляны конь, наўмысна вынесены на авансцэну. Ён нібы выяўляе чалавечую сутнасць усіх персанажаў, так ці інакш спрычыненых да галоўнага канфлікту спектакля: духоўную пустэчу і цынізм абаяльнага марнатраўцы Прохара (Валянцін Салаўёў), разгубленасць і страх перад дарослым жыццём інфантыльнай Людмілы (Таццяна Краснабаева) і максімалізм Наталлі (Наталля Саламаха), ідэйны фанатызм Рашэлі, прынцыповую жорсткасць і вялікі душэўны боль галоўнай гераіні.

На мой погляд, у рэжысёрскай трактоўцы п'есы Рыду Таліпаву ўдалося зблізіць Максіма Горкага з яго ідэйным антаганістам Фёдарам Дастаеўскім, у выніку чаго рэжысёр і выканаўца галоўнай ролі не выкрываюць, а ў нечым апраўдваюць гераіню, пачалавечы разумеюць яе. Так, яна робіць чорны ўчынак, але робіць гэта, ахвяруючы сваім сумленнем, дзеля дачок, унука. І памірае Васа не з-за хворага сэрца, а таму, што здзяйсняе забойства і гэтым самым забівае ў сабе чалавека і жанчыну. Таліпаў узмацняе на працягу спектакля ўнутраны канфлікт гераіні. Яна - Маці з вялікай літары. І, да таго ж, - здольная кахаць жанчына. Магчыма, тая даўняя жарсць і знікла, але памяць пра былое пачуццё не знішчана да канца. Таму найвышэйшай эмацыйнай кропкай спектакля становіцца сцэна з апошняй цыгарэтай, якую дзеліць Васа з мужам (Вячаслаў Грушоў), адпраўляючы яго на смерць. Увогуле, гэты эпізод, даволі сціслы па часе, вельмі ёмісты па сваім сэнсе. Па форме ён нагадвае паядынак паляўнічага з драпежным зверам. Нібы паранены леў, кідаецца Сяргей з аднаго кута ў другі, не знаходзячы для сябе паратунку.

У спектаклі задзейнічаны выдатны акцёрскі ансамбль. Найперш - гэта Васа Святланы Акружной. Псіхалагічна дакладна вядзе яна і першую дзею (да апошняй хвіліны трымае сябе ў руках, і толькі ў самым фінале непрытомна падае на рукі свайго брата Прохара), але ў другой узнімаецца да сапраўднай трагічнай вышыні, амаль фізічна адчувае боль гераіні, цяжар яе маральных пакут і перажыванняў.

Прохар Храпаў паказаны Валянцінам Салаўёвым няспраўджаным акцёрам, гулякам-марнатраўцам. Гульня - і спосаб яго існавання, і абарона ад канчатковага маральнага падзення, магчымасць захаваць сваю чалавечую сутнасць. Гібель пакаёўкі Лізы (Юлія Крашэўская) у чымсьці збліжае яго з Васай: яны аб'яднаны злачынствам. Ды ў фінале спекакля гэта ўжо не гулец, а- гаспадар, магчыма, яшчэ больш жорсткі, чым Васа.

Псіхалагічна дакладны вобраз Ганны - сакратаркі і памагатай Васы- стварыла Святлана Жукоўская. За яе маўклівым блуканнем па сцэне, нягнуткай, роўнай постаццю, нейкім парадаксальным спалучэннем гонару і прыніжальнай ліслівасці чытаецца біяграфія гераіні, яе няпросты жаночы лёс.

І ўсё ж найбольш істотная для рэжысёра - складаная гісторыя ўзаемаадносін Васы з дочкамі. Гэта тая любоў, ад якой часам робіцца жудасна, бо яна ў любы момант можа перайсці ў абыякавасць, адчужэнне, нават нянавісць. Любоў, без якой проста не здолее выжыць Людміла, сэнс якой занадта позна зразумее Наталля. Быццам звяртаючыся да гледача, разбураючы "чацвёртую сцяну", рэжысёр задае пытанне: а чаму блізкія, родныя людзі не ўмеюць любіць і гэтым самым забіваюць адно аднаго?..

На здымку:
Святлана Акружная ў ролі Васы.