Чатыры грані адной “Прадмовы”

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Прыемны летні падарунак падрыхтавалі барысаўчанам навучэнцы 2 курса Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка: з канца чэрвеня ў Барысаўскай раённай цэнтральнай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева працуе выстаўка жывапісу, графікі і скульптуры ‘’Прадмова”. Адразу заўважу: выстаўка — платная, але, як сведчыць кніга водгукаў, наведвальнікаў гэта не спыняе.

 Стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Лізавета Гапоненка з Барысава і Яўген Чысты зпад Мінска мараць стаць мастакаміманументалістамі. Мілана Собаль, першая персанальная выстаўка якой у Баранавічах адбылася, калі ёй было ўсяго дзевяць гадоў, - будучы жывапісец. Эрнэст Дар'ін, што прыехаў вучыцца ў Гімназію-каледж з Пінска, - скульптар. Ім усім каля васемнаццаці.

Калісьці на Рэспубліканскім мастацкім конкурсе, дзе Лізавета Гапоненка стала адной з пераможцаў, яна, тады дванаццацігадовая дзяўчынка, за якіх пару гадзін стварыла кампазіцыю-роспач, кампазіцыю-боль: у вечаровым восеньскім парку, у святле ліхтара, мужчына працягвае рукі, і дзяўчынка, што бяжыць і ніяк не можа дабегчы да свайго незнаёмага бацькі. I вось цяпер, асвоіўшы безліч самых розных мастацкіх тэхнік, Лізавета Гапоненка і ў батыку ("Калядны настрой"), і ў алеі ("Веска"), і ў акрыле ("Зорык"), і ў ляўкасе ("Подых мінулага"), і ў малюнках застаецца гэткай жа смелай, вострай і бязмежна шчырай. Шчырасць і казачнасць заварожваюць у алейных палотнах Міланы Собаль. Яна шукае саму сябе ("Я"), суадносіць свой лёс з лёсам мастачак, што сталі легендай ("Фрыда"), лёгка ператварае ў незабыўныя паэтычныя вобразы сваё штодзённае жыццё ("Малако", "Апошні званок", "Травеньскі сад").

А Яўген Чысты летась прынёс Беларусі Залаты медаль на Міжнародных Дэльфійскіх гульнях краін СНД. Ён убачыў вобраз Свята пісьменства і друку ў лёгкіх і лаканічных у сваёй шматзначнасці птушыных пёрках. Дзякуючы таму, што пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх конкурсаў могуць быць прыняты ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў без экзаменаў, Яўген Чысты - студэнт першага курса кафедры манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. А ўсіх, хто цікавіцца сучасным мастацтвам, запрашаю паглядзець ягоную дыпломную работу, выкананую ў тэхніцы зграфіта, што надта далікатна, густоўна аздабляе сцяну фае Гімназіі-каледжа імя І.В. Ахрэмчыка. "Свет кіно" Яўген Чысты ўбачыў праз кадры кінастужкі, рэйкі цягніка (першы кінафільм братоў Люм'ераў), у якія ператварыў... звычайную жалезную лесвіцу на паддашша, што ёсць у кожнай школе. На выстаўцы можна ўбачыць ягоныя ляўкасы ("Паўліны"), жывапісныя кампазіцыі. Для мяне ж ён раскрыўся як філосаф ("Вера і рэлігія", "Космас", "Астраномія").

Вера Мухіна калісьці надта трапна заўважыла, што "скульптура вучыць думаць у глыбіню". Эрнэст Дар'ін, смела супастаўляючы розныя матэрыялы, сапраўды вымушае нас спыніцца і задумацца. Пра што могуць размаўляць метал і камень ("Размова")? Як утаймаваць неўтаймоўнае ("Думкі")? А можа, "Адзінота" і "Самота" не такія ўжо страшныя? Магчыма, менавіта ў іх - шлях да спазнання чагосьці вельмі важнага для кожнага, хто прыходзіць на гэтую зямлю.

Барысаўская выстаўка - свята не толькі для жыхароў горада і юных мастакоў, але і для іхніх настаўнікаў - маладых, дзёрзкіх і ўжо добра вядомых на Беларусі і за яе межамі: манументаліста Дзяніса Чубукова, жывапісца Уладзіміра Клімушкі і скульптара Паўла Ляонава.

У планах маладых мастакоў - паказаць сваю "Прадмову" ў Miнску.

 На здымках: Э.Дар'ін. "Размова". Я.Чысты. "Паўліны".