Колькі каштуе пажарная бяспека?

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Вяртаючыся да надрукаванага Як ужо паведамляла “К”, на працягу апошніх двух месяцаў згарэлі дзве ўстановы культуры Беларусі: Марохараўскі СДК Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці і Цэнтр рамёстваў у вёсцы Морач Клецкага раёна Мінскай вобласці. Усё гэта прыцягнула ўвагу да актуальнай як у летнія месяцы, так і цягам усяго года тэмы пажарнай бяспекі і аховы працы. Цяпер ва ўсе ўпраўленні культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, а таксама ў падпарадкаваныя Міністэрству культуры арганізацыі накіраваны ліст, дзе гаворыцца аб прыняцці неабходных мер па падрыхтоўцы да зімовага ацяпляльнага сезона 2009 — 2010 па забеспячэнні пажарнай бяспекі згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2009 г. № 787 “Аб падрыхтоўцы народнай гаспадаркі да работы ў асенне-зімовы перыяд”. Наша размова з галоўным спецыялістам упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іванам Лагашам пра папярэднюю публікацыю “К” “Як ліквідаваць дэфіцыт у 212 вогнетушыцеляў?” (“К” № 30 2009 г.), якая і стала цэнтрам артыкула, паступова перайшла да праблем, з якімі даводзіцца сутыкацца супрацоўнікам раённых аддзелаў культуры, адказных за арганізацыю работы і кантроль па ахове працы.

 Праблема - у грошах!

Як распавёў Іван Лагаш, на цяперашні момант адбылося, з улікам пажару ў Цэнтры культуры вёскі Морач, адзінаццаць пажараў і загаранняў у арганізацыях культуры камунальнай формы ўласнасці. І адбываюцца загаранні сёлета, збольшага, у сельскіх дамах культуры. Для параўнання назаву леташнюю лічбу: тады за цэлы год адбылося 4 загаранні. Таму такая сітуацыя сапраўды выклікае занепакоенасць супрацоўнікаў, адказных за пажарную бяспеку ў арганізацыях культуры.

- Узнятыя ў артыкуле "Як ліквідаваць дэфіцыт у 212 вогнетушыцеляў?" пытанні ў большай ці меншай ступені характэрныя і актуальныя для ўсіх раёнаў Беларусі. Амаль усюды існуе недахоп вогнетушыцеляў, вялікая колькасць устаноў маюць састарэлую электраправодку, якая патрабуе замены, павольна ідзе праца па ўсталяванні аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі ва ўстановах культуры.

Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, асноўнае пытанне менавіта для Жыткавіччыны - у недастатковым фінансаванні мерапрыемстваў па ахове працы і пажарнай бяспецы, якое ажыццяўляецца з абласнога бюджэту. Былі б грошы - з'явіліся б і вогнетушыцелі, замянілі б тую ж электраправодку.

Дарэчы, калі быў у камандзіроўцы ў Жыткавіцкім раёне, дык праблему з недастатковым фінансаваннем на мерапрыемствы па ахове працы ўзнімаў у гутарцы са мной і інжынер па ахове працы аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Рай. Але ці заўсёды можна наракаць на неадхоп сродкаў? Тыя ж вогнетушыцелі, індывідуальныя аптэчкі каштуюць не так ужо і дорага. Аказалася, што сапраўды часам не стае грошай і на гэта...

- Паўтаруся яшчэ раз: галоўная праблема - у недастатковым фінансаванні арганізацый па пытаннях аховы працы і пажарнай бяспекі, - лічыць Іван Іванавіч. - Бывае, нават узнікаюць пытанні ў сувязі з бясплатнай выдачай спецадзення культработнікам згодна з існуючымі нормамі і правіламі! Нават на такую дробязь часам не хапае грошай! І мы пры праверках выканання заканадаўства аб ахове працы звяртаем увагу і на падобныя факты. Па каментарый з нагоды такой сітуацыі карэспандэнт "К" звярнуўся і да начальніка ўпраўлення па наглядзе і прафілактыцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Сяргея Салановіча. Ён, у прыватнасці, заўважыў, што адсутнасць або недахоп першасных сродкаў пажаратушэння (Сюды адносяцца і вогнетушыцелі.- Ю.Ч.) можа ўскладніць ліквідацыю пажару ў пачатковай стадыі і, як вынік, прывесці да яго развіцця, нанясення большай матэрыяльнай шкоды, стварыць пагрозу жыцця і здароўя людзей. Менавіта таму кіраўнікамі арганізацый павінны прымацца неадкладныя меры па забеспячэнні аб'ектаў першаснымі сродкамі пажаратушэння ў адпаведнасці з вызначанымі нормамі.

Як упэўнены Сяргей Салановіч, неабходнай умовай забеспячэння патрабуемага ўзроўню пажарнай бяспекі ўстаноў культуры з'яўляецца вырашэнне арганізацыйна-тэхнічных пытанняў, аптымізацыя выкарыстання выдаткоўваемых фінансавых сродкаў, а таксама рэалізацыя комплексу супрацьпажарных мерапрыемстваў, накіраваных як на прадухіленне ўзнікнення пажару, так і на яго своечасовую ліквідацыю.

Сігналізацыя - для ўсіх?

Пацікавіўся я і думкай спецыяліста Міністэрства культуры наконт той прапановы, якую агучыў у згаданым артыкуле начальнік аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей Агіевіч. Ён, нагадаю, заўважыў, што пытанне з усталяваннем пажарнай сігналізацыі ва ўстановах культуры трэба вырашаць з дапамогай нарматыўна-прававых актаў Міністэрства культуры, якія неабходна скарэкціраваць пад патрэбы часу. Напрыклад, часам бывае так, што кошт такой сістэмы абсалютна не суадносны з рэаліямі сельскіх дамоў культуры: туды прыходзіць мала людзей, і часам на абслугоўванне гэтага будынка выдаткоўваецца менш грошай, чым каштуе пажарная сігналізацыя. А яшчэ Сяргей Агіевіч прапанаваў увесці такія ж самыя нарматывы, як і ў школах: сігналізацыя ўсталёўваецца толькі там, дзе ёсць у наяўнасці 300 ды больш вучняў і настаўнікаў. Бо інакш у многіх выпадках эканамічна неапраўдана ўсталёўваць сігналізацыю там, куды прыходзяць 10 - 15 чалавек.

- Згодны, што нормы пажарнай бяспекі па ўсталяванні аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі ў невялікіх установах культуры, пэўна, патрэбна перагледзець і ўнесці адпаведныя карэктывы, - сказаў Іван Лагаш. - Сапраўды, часам сельскі клуб па астаткавым кошце ацэньваецца ў 2 мільёны рублеў, а патрэбна ўсталяваць пажарную сігналізацыю, якая "цягне" на мільёнаў 30! Ці варта такое рабіць? Я, напрыклад, не бачу сэнсу ўкладаць у такія ўстановы культуры настолькі вялікія дзяржаўныя сродкі. Таму пажарнай сігналізацыяй было б сапраўды няблага аснасціць памяшканні ўстаноў з масавым знаходжаннем людзей - там, дзе іх бывае 300 чалавек і болей.

Звярнуў Іван Іванавіч увагу і на яшчэ адну праблему, звязаную з забеспячэннем аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй. Пры правядзенні штогадовых праверак арганізацый культуры спецыялісты Дзяржпажарнагляду МНС патрабуюць усталёўваць аўтаматычную пажарную сігналізацыю ў памяшканнях гэтых устаноў. Але, паводле існуючых норм пажарнай бяспекі, такое можна рабіць толькі пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і мадэрнізацыі ўстановы! Чаму ж тады прадпісваецца "ўсталяваць сістэму пажарнай сігналізацыі" і ўказваецца канкрэтны тэрмін выканання?

Зноў звярнуліся з гэтымі пытаннямі да начальніка ўпраўлення па наглядзе і прафілактыцы МНС Сяргея Салановіча. Ён зазначыў, што ўстановы культуры аснашчаюцца ўстаноўкамі пажарнай аўтаматыкі ў адпаведнасці з нормамі пажарнай бяспекі 15-2007 "Вобласць прымянення аўтаматычных сістэм пажарнай сігналізацыі і ўстановак пажаратушэння". Разам з тым, у дадзены час, па словах Сяргея Адамавіча, праводзіцца праца па аптымізацыі патрабаванняў да абсталявання аб'ектаў устаноўкамі пажарнай аўтаматыкі. МНС гатова разгледзець абгрунтаваныя прапановы па ўнясенні змяненняў у нормы ў частцы абсталявання сельскіх дамоў культуры ўстаноўкамі пажарнай аўтаматыкі.

Праблемы і рашэнні

Сапраўды, сёння ёсць праблемы ў галіне аховы працы і тэхнікі бяспекі ў арганізацыях культуры Беларусі. Адна з іх - кадравая.

- Як вядома, спецыялістамі не нараджаюцца: павінны быць веды, практыка, - кажа Іван Лагаш. - Спецыялісты з вышэйшай адукацыяй на пасаду інжынера па ахове працы ідуць неахвотна ў сувязі з малым заробкам у сферы культуры.

Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры, гэтая праблема вырашаецца. Працягваецца навучанне кіраўнікоў і спецыялістаў на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, прадугледжаны і ўключаны ў праграмы асноўных дысцыплін не менш за два працэнты вучэбнага часу на вывучэнне пытанняў па ахове працы. Гэта робіцца згодна з рэспубліканскай і галіновай мэтавымі праграмамі па паляпшэнні ўмоў і ахове працы на 2006- 2010 гады.

У першым паўгоддзі прайшлі навучанне па ахове працы 213 кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый галіны культуры, на дадзены момант праведзены 3 семінары па пытаннях аховы працы, у якіх прынялі ўдзел звыш ста кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый галіны. Цяпер на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, за кошт сродкаў фонду папераджальных (прэвентыўных) мерапрыемстваў па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, праходзяць навучанне трое спецыялістаў па ахове працы арганізацый, падпарадкаваных Міністэрству культуры. Ва ўсіх абласных упраўленнях культуры праводзяцца семінары па ахове працы, пажарнай бяспецы, электрабяспецы, у якіх прымаюць удзел начальнікі аддзелаў культуры, кіраўнікі гаспадарчых груп аддзелаў культуры, кіраўнікі арганізацый культуры, адказныя асобы за арганізацыю работы па ахове працы.

У арганізацыях культуры Беларусі праводзяцца штогадовыя аглядыконкурсы па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму сярод адпаведных структур. Яны праходзяць у чатырох намінацыях: "Лепшая арганізацыя камунальнай формы ўласнасці", "Лепшы аддзел культуры раённага (гарадскога) выканаўчага камітэта", "Лепшае ўпраўленне культуры абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў", "Лепшая арганізацыя рэспубліканскай формы ўласнасці". І калі ў 2006 годзе ў такім Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе прынялі ўдзел 312 устаноў культуры камунальнай формы ўласнасці і ўсе падпарадкаваныя Міністэрству культуры арганізацыі, то ў 2007 годзе іх колькасць павялічылася да 5680, а ў 2008 - да 8690.

Яшчэ адна праблема, агучаная Іванам Лагашам у гутарцы з карэспандэнтам "К", - рост вытворчага траўматызму ў арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрству культуры.

- Летась у цэлым па галіне культуры адбылося 23 няшчасныя выпадкі, з якіх 4 - з цяжкім і 1 - са смяротным вынікамі. Галоўная прычына няшчасных выпадкаў - неасцярожнасць саміх пацярпелых. Напрыклад, з 8 няшчасных выпадкаў, што мелі месца ў арганізацыях камунальнай формы ўласнасці, 6 зафіксаваны ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры з той жа прычыны.

Прывядзём і даныя за гэтыя паўгода: у цэлым па галіне адбылося 9 няшчасных выпадкаў, 5 - з цяжкім вынікам. На мерапрыемствы па прафілактыцы вытворчага траўматызму і паляпшэнні ўмоў працы за 6 месяцаў бягучага года падпарадкаванымі Міністэрству культуры арганізацыямі асвоена амаль 230 мільёнаў рублёў...

***

Калі вярстаўся нумар, патэлефанаваў у вёску Морач Клецкага раёна. Дырэктар тамтэйшага Цэнтра культуры Анатоль Крыцкі са скрухай у голасе расказаў мне, што цяпер культработнікі працуюць на папялішчы, вывозяць смецце.

- Давядзецца пачынаць усё спачатку, бо ўсе нашы вырабы з лазы, саломкі, вышыўкі, керамікі згарэлі,- сказаў Анатоль Міхайлавіч. - А гэтыя экспанаты мы збіралі цягам трох гадоў, з 1999 года, калі распачала працу наша ўстанова культуры. Вельмі шкада, што і шэраг старадаўніх матэрыялаў, сабраных для будучага Музея этнаграфіі, таксама не ўдалося выратаваць ад агню...

Па словах дырэктара, месца ў другім будынку Цэнтра рамёстваў хапае для ўсіх работнікаў. Але калі раней тут планавалася размясціць толькі бондарскі і кавальскі цэхі, а таксама пакой для заняткаў лозапляценнем, дык цяпер туды прыедуць усе гурткі Цэнтра рамёстваў.

Добра, што для культработнікаў знайшлося месца, дзе можна працягваць працу. Але, тым не менш, засведчым яшчэ раз: пра пажарную бяспеку не варта забываць у любую пору года. Агонь не даруе бесклапотнасці.


Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"